Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да паствы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (BY / RU / EN)
1 верасня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому напярэдадні пагранічныя службы Рэспублікі Беларусь не дазволілі вярнуцца на Радзіму, з Беластока звяртаецца да ўсёй паствы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Зварот да паствы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Узлюбленыя ў Хрысце біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!
31 жніўня 2020 года падчас перасячэння мяжы на пагранічным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі без усялякіх тлумачэнняў мне было адмоўлена ў вяртанні ў Беларусь, хоць пагранічнікі паводзілі сябе вельмі карэктна.
Такое рашэнне пагранічных службаў мне як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь абсалютна незразумела, бо закон Рэспублікі Беларусь № 49-3 ад 20 верасня 2009 г. «Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь» у артыкуле 3 «Права грамадзянаў на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь» вызначае наступнае: «Права грамадзяніна на ўезд у Рэспубліку Беларусь не можа быць абмежавана».
Забарона на ўезд у Рэспубліку Беларусь перашкаджае мне як Ардынарыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў ажыццяўляенні пастырскага служэння і ўдзелу ў запланаваных касцёльных мерапрыемствах.
Ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, які ў цяперашні час перажывае наша Бацькаўшчына, я заклікаў і працягваю заклікаць да дыялогу і прымірэння. Мне зусім не хочацца, каб неабгрунтаванае і беззаконнае рашэнне пагранічнай службы павялічвала напружанасць у нашай краіне.
Я звярнуўся ў Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь з просьбай растлумачыць гэтую сітуацыю і адмяніць рашэнне аб забароне майго вяртання на Радзіму для выканання маіх пастырскіх абавязкаў
Спадяюся, што гэта толькі прыкрае непаразуменне, якое ў самы кароткі тэрмін будзе выпраўлена.
Да вас, дарагія браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі і людзі добрай волі, я звяртаюся з просьбай аб малітве ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання на Радзіму і мірнага вырашэння вострага грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне.
Даручаючы ўсіх вас Маці Божай і нябеснаму заступніку Беларусі святому Арханёлу Міхалу, я ад усяго сэрца благаслаўляю вас у імя Айца і Сына, і Духа Cвятога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Беласток, 1 верасня 2020 г.
P.S. Шаноўныя душпастыры могуць прачытаць гэты зварот вернікам.