Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Званы супраць вайны

Званы супраць вайны

Званы супраць вайны

9 траўня ў 12:00, на 80-годдзе сканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе, у мностве беларускіх храмаў будуць біць званы.

Звон мусіць суправаджацца малітвай за ўсіх загінулых з ліку як вайскоўцаў, так і грамадзянскага насельніцтва.

Прапануем усім, хто пачуе ў гэты час звон, на хвіліну спыніцца і прачытаць малітву:

«Магутны Божа, Айцец усіх людзей, Які стварыў нас паводле Сваёй любові, паводле Свайго вобраза і падабенства, Які ўдыхнуў у нас жыццё дзеля таго, каб мы жылі ў годнасці і свабодзе! Гэтая свабода дадзеная нам, каб клапаціцца аб Тваім Стварэнні, а не разбураць яго, каб зберагаць жыццё, а не пагарджаць ім. Дзеля нашага збаўлення Ты паслаў любімага Сына Свайго, у Якім для нас адкрыліся Твой мір, Твая любоў, Твая праўда.

Молімся Табе, спашлі нам мірнага духа, каб спыніліся войны, забойствы, варожасць, сваркі і гвалт. Стрымай руку тых, хто мае знішчальныя намеры на жыццё, абарані тых, хто пакутуе, хто вымушаны абараняць свой дом, сваіх родных і блізкіх ад каварнага нападу. Дай мудрасць і сумленне палітыкам, каб яны змаглі знайсці шлях да прымірэння.

Молімся Табе, спашлі нам дух розуму, каб прасвятліліся вочы, замглёныя аблудай, скажэннем праўды, глупствам і прапагандай; няхай атрутная і дурап’янная сіла аблуды развеецца і розумы працверазеюць, а сэрцы ўмацуюцца на шляху праўды.

Молімся Табе, спашлі нам духа любові, каб мы бачылі ў кожным чалавеку — свайго брата ці сястру і маглі іх суцешыць і ім дапамагчы, а не былі абыякавымі да іх гора і болю.

Молімся Табе, спашлі нам дух пакаяння, каб мы ўсвядомілі ўсё зло, зробленае намі і ад нашага імені супраць нашых бліжніх, і змаглі выправіць наступствы грахоў.

Ты — любячы Бацька і Маці, раскрый Свае абдымкі дзецям, якія страцілі бацькоў, і бацькам, якія страцілі дзяцей; супакой у міры душы загінулых, ацалі параненых, вызвалі палонных, падтрымай тых, хто пакутуе, дапамажы ўцекачам вярнуцца дамоў ці знайсці новы дом.

Даўца шчодрасцяў, узнагародзь кожнага, хто дзеліцца з людзьмі ў нястачы, дапамагае, займаецца валанцёрствам, шукае шляхі да прымірэння, рызыкуе сваім жыццём і дабрабытам, трымаецца праўды і змагаецца супраць няпраўды і несправядлівасці».


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава