Царква і палітычны крызіс у Беларусі

За хрысціянскія спевы ў двары – 15 содняў. Канцэрт каталіцкага гурта палічылі пікетам супраць улады

За хрысціянскія спевы ў двары – 15 содняў. Канцэрт каталіцкага гурта палічылі пікетам супраць улады

За хрысціянскія спевы ў двары – 15 содняў. Канцэрт каталіцкага гурта палічылі пікетам супраць улады

24-гадовая жыхарка Менску Алёна Палачанская – удзельніца музычнага гурта «Laudans». Яе затрымалі разам з салістам групы Андрэем Лугіным пасля канцэрту, які музыкі давалі ў двары на Ангарскай. Маці Алены Таццяна Палачанская распавяла belsat.eu пра сваю дачку, творчы шлях дзяўчыны і як яе судзілі.

«Алёна – моцная дзяўчына, на судзе ўсміхалася»

«Laudans» гралі канцэрт у двары на вуліцы Ангарскай увечары 20 кастрычніка. Паводле спадарыні Таццяны Палачанскай, Алёна патэлефанавала ў 21.17 і сказала, што яны з Андрэем ужо едуць дадому.

«Алёна жыве з бабуляй, і я не хвалявалася ўжо, ведала, што яна дабярэцца дамоў, – распавяла маці дзяўчыны. – А праз дзве гадзіны мне тэлефануе бабуля і кажа – няма Алёны. Я тады адразу зразумела, што адбылося. Адначасова пабачыла ў тэлеграме, што затрымалі Андрэя, але ж яны былі разам, таму мне стала ясна, што і Алёну забралі. Потым высветлілася, што яна паспела адправіць мне паведамленне: «Мама, пасля нашай размовы нас затрымала ДАІ», але прыйшло яно мне толькі ноччу».

Алёна Палачанская. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Спадарыня Таццяна патэлефанавала ў Завадскі РАУС, дзе ёй сказалі, што Алёна ў іх, і што яе не адпусцяць, а ранкам затрыманых перавядуць у ЦІП на Акрэсціна. На наступны дзень, 21 кастрычніка, Алёну Палачанскую судзілі паводле арт.23.34 КоАП РБ – парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Суддзя Алена Някрасава пакарала дзяўчыну 15 соднямі арышту.

«У сяброў атрымалася трапіць на суд да Алёны, і мне перадалі потым запіс працэсу, – кажа спадарыня Таццяна. – Было вельмі брыдка слухаць сведку-міліцыянта, які казаў, што гэта быў пікет супраць улады, у падтрымку пратэстоўцаў, а ніякі не просты канцэрт. Але ж у іх хрысціянскія песні, а не рэвалюцыйныя, які ж пікет? Яшчэ гэты міліцыянт казаў, што яны выкрыквалі лозунгі, і што ён сам яе затрымаў у 21.00. Але як гэта магло быць, калі ў 21.17 яна сама мне тэлефанавала і казала, што ўсё добра?»

Сям’я Алёны звярнулася да адваката па дапамогу ў абскарджанні рашэння суда. Сама дзяўчына, паводле ейнай маці, трымаецца добра.

Алёна Палачанская разам з сямʼёю. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Сябры бачылі Алёну, сказалі, што яна вельмі добра трымалася на судзе, усміхалася, настрой пазітыўны, яна моцная дзяўчына, – кажа спадарыня Таццяна. – А я вельмі ўдзячная ўсім, хто нам цяпер дапамагае. Тэлефануе вельмі шмат людзей – адгукнуліся і знаёмыя, і незнаёмыя, дапамагалі скласці перадачу і сёння яе адвезлі на Акрэсціна, на шчасце, прынялі. Мы хварэем, у нас у сям’і COVID-19, і мы самі не можам адвезці, таму я вельмі ўдзячная за дапамогу».

«Алена і Андрэй цалкам адданыя сваёй музыцы»

Спадарыня Таццяна распавяла, што ейная дачка ўдзельнічае ў «Laudans» ужо больш за шэсць гадоў, і што ўвогуле Алёна – вельмі творчая асоба і з дзяцінства знаходзіць сябе ў музыцы.

«Яна скончыла БДЭУ, факультэт фінансаў, але яшчэ на другім курсе яна мне казала – мама, гэта не маё. Яна хацела займацца музыкай, яна жыве творчасцю яшчэ з часоў музычнай школы – распавяла Таццяна Палачанская. – Яна скончыла ўніверсітэт дзеля мяне, я прасіла яе не кідаць, атрымаць дыплом. Адначасова яна грала ў сваім гурце. Яны з Андрэем і альбомы запісвалі, і канцэрты давалі, шмат у Польшчу ездзілі, спачатку па касцёлах, потым на іншых пляцоўках, самі палякі пачалі ім арганізоўваць выступы. Цяпер на радыё часта чую іх песні. Яны цалкам адданыя сваёй музыцы».

Алёна ў асноўным піша тэксты, музыку, грае на клавішных. Андрэй Лугін – грае, спявае. Спадарыня Таццяна падкрэслівае, што галоўны накірунак творчасці музыкаў – хрысціянскі. Яны абодва каталікі, вельмі веруючыя людзі.

«Алёна – чысты, светлы чалавек. Я заўсёды баюся, што ёй будзе цяжка ў жыцці, бо яна вельмі сумленная, даверлівая», – кажа Таццяна Палачанская пра дачку.

Жанчына зазначае, што цяпер у краіне адбываецца супрацьстаянне дабра і зла, і што відавочна, хто на якім баку.

«Нам трэба знайсці моц змагацца і перажыць гэты час. Кожны мусіць рабіць тое, што ён можа, і тады мы пераможам, і ўсё будзе добра. Трэба на гэта спадзявацца і ў гэта верыць», – кажа маці Алёны.

Андрэю Лугіну таксама прысудзілі 15 содняў, ён знаходзіцца на Акрэсціна.

  • Каталіцкі гурт «Laudans» быў заснаваны ў 2013 годзе. Грае ў стылях рок, поп, электронная музыка. Музыкі выдалі ўжо два альбомы, здымаюць кліпы, рэгулярна даюць канцэрты ў Беларусі, Польшчы, Літве. У 2017 годзе хіт «Здзіўленне («Zdumienie»)» увайшоў у 20-ку лепшых хрысціянскіх трэкаў Польшчы па версіі каталіцкіх радыё.

Белсат


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава