«Ён наведаў тых, хто пакутуе ў больніцы»
«Ён наведаў тых, хто пакутуе ў больніцы – тых самых, збітых амапаўцамі ў першыя дні супрацьстаяння»
Аляксандр Фядута разважае, пра сённяшнія падзеі ў БПЦ. Аляксандр кажа, што былы кіраўнік – уладыка Павел зрабіў два ўчынкі, якія каштавалі яму пасады экзарха.
Ад’езд уладыкі.
Абвешчана рашэнне Свяцейшага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы: Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павел пакідае сваю пасаду і ад’язджае да месца новага служэння: ён зойме Кубанскую кафедру. Кубанская метраполія багатая, а галоўнае, зразумелая яго высокапраасвяшчэнству. Гэта Расея. Можна ўздыхнуць з палёгкай.
Не будзем пералічваць усе прэтэнзіі, назапашаныя да мітрапаліта, які ад’язджае ад нас. Ён не размаўляў на беларускай мове, дрэнна ведаў беларускую гісторыю, не прыняў беларускага грамадзянства і здаваўся яшчэ адной «рукой Масквы». Але ў ходзе цяперашняй крывава-дэмакратычнай кампаніі ўладыка Павел зрабіў дзве рэчы, аб якой мог прасіць яго веруючы чалавек.
Ён наведаў тых, хто пакутуе ў больніцы – тых самых, збітых амапаўцамі ў першыя дні супрацьстаяння.
І ён прызнаў памылковасць віншавання Аляксандра Лукашэнкі з выбраннем – віншавання, якое засноўваецца на загадзя лжывай інфармацыі.
На абодва гэтыя крокі мог вырашыцца толькі вельмі моцны чалавек. І чалавек, які баіцца Бога больш, чым свецкую ўладу. Мы можам толькі падзякаваць уладыку Паўла за такія ўчынкі.
Учынкі, якія каштавалі яму пасады экзарха.
Не будзем ні вітаць, ні асуджаць прызначэнне яго пераемніка. Мы – людзі свецкія, у тонкасці царкоўнага жыцця не пасвечаныя. Сам факт прызначэння на беларускую кафедру беларуса можна, вядома, адзначыць як станоўчы. Тым самым, на мой погляд, Сінод РПЦ прызнае не толькі беларусаў асобным народам, але і Беларусь – асобнай дзяржавай. Але вось чыёй перамогай стала прызначэнне менавіта ўладыкі Веньяміна, я б не стаў пакуль казаць. За межамі яго ранейшай епархіі свецкія ведаюць яго занадта дрэнна, каб сфармаваць уласную пазіцыю. Так што спяшацца не варта.
Варта маліцца, каб царква, у адрозненне ад міліцыі, апынулася на гэты раз з народам.
Аляксандр Фядута.