«Яны зварацца ва ўласным соку». Чаму біскуп Казімір Велікаселец пазбягаў палітыкі
Пасля таго, як пайшоў з жыцця біскуп Казімір Велікаселец – «Хрысціянская візія» вырашыла патлумачыць некаторыя моманты з яго служэння.
Вядома, што частка духавенства і вернікаў негатыўна паставілася да дзейнасці біскупа Казіміра на пасадзе адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, на якую яго прызначыў Папа Рымскі пасля сыходу ў адстаўку арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
На гэтай пасадзе ён знаходзіўся са студзеня па кастрычнік 2021 году – у час разгортвання масавых рэпрэсій у дачыненні да апанентаў беларускага рэжыму. На іерарха наракалі з-за ягонага маўчання адносна грамадска-палітычнай сітуацыі, ціску на духавенства і бачылі ў яго дзейнасці супрацоўніцтва з уладамі.
У той жа перыяд ён вымушаны быў прымаць удзел у так званым Усебеларускім народным сходзе і сядзеў у прэзідыуме побач з кіраўніком БПЦ Мітрапалітам Веніамінам, Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі чыноўнікамі. Тады многія гэта палічылі як падтрымку рэжыма і калабарацыю з ім. Адзначым, што гэты ж курс Касцёл працягнуў і ў далейшым.
Аднак «Хрысціянскай візіі» вядомая пазіцыя, якой кіраваўся біскуп Казімір. Гэта парада аднаго з іерархаў, якую ён пачуў у маладыя гады адносна камуністычных функцыянераў: «Не пераймайся, яны зварацца ва ўласным соку». З маладосці Казімір быў антыкамуністам, падпольна рыхтаваўся да пасуплення ў семінарыю, атрымліваў адмовы ў дазволе вучыцца ў семінарыі, аднак у выніку дабіўся гэтага дазволу.
Згодна з гэтай пазіцыяй біскуп Велікаселец не ўступаў у адкрытую канфрантацыю з чыноўнікамі, не выказваўся на палітычныя тэмы. Пры гэтым ва ўсіх праблемных адносінах з уладамі, якія часта адмаўлялі ў выдзяленні зямлі пад будоўлю касцёлаў, не давалі дазволаў на будоўлю – паступова і ціха дамагаўся свайго.
Ён прызнаваўся, што ўсе праблемы вырашаў на каленях у малітве, даручаў сябе Божай Маці.
Ёсць сведчанні, што падчас таго самага пасяджэння «Усебеларускага народнага сходу», якое доўжылася болей за шэсць гадзін, біскуп Казімір амаль увесь час маліўся на ружанцы.







