Як беларусы 6 год моляцца за краіну ўдзень і ўначы. Тлумачыць Вольга Севярынец

Шэсьць год беларусы ўдзень і ўночы моляцца за сваю краіну.

Як паўстала «Няспынная малітва за Беларусь», хто трывае начамі і ці падводзяць вынікі вялікага праекту, расказвае стваральніца ініцыятывы Вольга Севярынец.

«Няспынная малітва за Беларусь» пачалася 12 красавіка 2015 году. З таго дня кожную гадзіну нехта моліцца за Беларусь — там, дзе ён ёсьць, так, як умее. Усяго 168 чалавек па чарзе нясуць дзяжурства кожны тыдзень (у тыдні 168 гадзін). Прыкладам, нехта моліцца заўжды ў нядзелю з 16:00 да 17:00. Спойлер: гэта Павал Севярынец.

Гэта хрысьціяне розных канфэсій. Яны пэрыядычна зьмяняюцца. Усяго праз ініцыятыву прайшлі каля 400 чалавек.

Вольга Севярынец чакае мужа паўла ля менскага ізалятара часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна, дзе ён быў з 7 чэрвеня. 22 ліпеня 2020 году.
Вольга Севярынец чакае мужа паўла ля менскага ізалятара часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна, дзе ён быў з 7 чэрвеня. 22 ліпеня 2020 году.

— Вольга, як пачалася гэтая ініцыятыва?

— Наша сяброўка прапанавала сабрацца і падумаць, як умацаваць тую малітву за Беларусь, якая шмат год праходзіла каля Чырвонага касьцёла. Быў Павал (Севярынец, муж Вольгі. — РС), я і Лёша Шэін. Паша праваслаўны, я каталічка, Лёша пратэстант.

Мы памаліліся, і дзівосным чынам мне прыйшла ў галаву ідэя: калі мы ня можам знайсьці людзей, каб хадзілі маліцца да касьцёла, давайце зробім эстафэтную малітву. Хлопцы паставіліся скептычна, бо трэба шмат людзей. Мне вельмі легла гэта на сэрца. Я падумала: «Госпадзе, няўжо мы нічога ня зможам прыдумаць? Гэта настолькі патрэбна, гэтая краіна няшчасная». Я сказала, што бяру гэта на сябе.

Мы за тыдзень знайшлі ўсіх патрэбных людзей. Стартанулі апоўначы 12 красавіка. Гэта быў Вялікдзень у праваслаўных і сьвята Божай Міласэрнасьці ў каталікоў. У малітве былі дзіркі час ад часу, але яна не спынялася. Цяпер там, па-мойму, толькі адна гадзіна «правісае», нейкай глыбокай ноччу. Усе астатнія людзі правераныя, «мацёрыя», большасьць зь іх усе 6 год і моляцца.

— Як вы сабралі гэтых людзей? Якімі шляхамі людзі прыходзяць?

— Там была цэлая акцыя. Расказвалі празь сяброў, СМІ пісалі, праз «Каталіцкі весьнік» шмат людзей прыйшло, разносілі па касьцёлах плякаты. Потым мы падтрымлівалі розгалас: пісалі інтэрвію з удзельнікамі, рабілі малітоўныя сустрэчы на кожную гадавіну, акрамя мінулага году і гэтага.

— Колькі цяпер чалавек моліцца?

— Цяпер моліцца 186 чалавек, некаторыя па двое на адну гадзіну, хтосьці парамі. Некаторыя бяруць гадзіну і дзеляць на 6 чалавек паміж сябрамі, атрымліваецца, кожны мае па 10 хвілін. Агулам за ўвесь час маліліся каля 400 чалавек. Хтосьці бярэ адпачынак, потым вяртаецца назад, або цалкам адмаўляецца.

— Ці ёсьць спосаб праверыць, ці сапраўды так шмат людзей моліцца?

— Гэта складана. Кожны год перад гадавінай мы стараемся абзвоньваць усіх удзельнікаў і рабіць апытаньне. Людзі адказваць: «Так, я малюся». Наколькі шчыры чалавек у сэрцы, толькі Госпад можа праверыць.

Я стараюся быць суворым арганізатарам: «Калі вы ня моліцеся, проста скажыце. На вашае месца прыйдуць людзі». За 6 год відаць, што ініцыятыва жыве і будзе жыць. Навошта падманваць? Часам людзі пішуць: «Я больш не магу». Тады я бачу, што людзі адказна ставяцца.

— Чаму людзі сыходзяць?

— Часьцей людзі ня могуць у гэты час, бо там ёсьць і вельмі суворыя начныя гадзіны. Я па сабе ведаю. Я цяпер у малітве ня ўдзельнічаю, бо вельмі цяжка маліцца ў канкрэтны час. Але гэта шчыры падыход. Значыць, я буду маліцца ў іншы час.

— У якой форме адбываецца малітва?

— У нас было патрабаваньне, паколькі гэта міжканфэсійная малітва, старацца яднацца на рэчах, агульных для ўсіх хрысьціянаў: чытаньне Бібліі, малітва «Ойча наш», малітва сваімі словамі. Каб пратэстант мог сказаць за каталіком, што гэта і мая малітва таксама.

Але гэта складанае пытаньне. Кожны прывык маліцца пэўным чынам. Некаму малітва сваімі словамі цэлую гадзіну цяжкая. Нехта псальмы чытае, хтосьці ідзе ў гэты час на імшу. Некаторыя цэрквы разам моляцца за Беларусь.

Галоўнае, як па мне, — жаданьне і разуменьне, што малітва за сваю Радзіму — гэта абавязак.

Малітва — як і любая рэч, якая патрабуе практыкі. Яе трэба плянаваць, яна патрабуе высілкаў. Мы скідвалі ў суполку пост, за што можна маліцца, 24 пункты. Нехта сам прыдумляе.

Вольга Севярынец
Вольга Севярынец

— Што кажуць людзі, якія моляцца ноччу? Наколькі гэта цяжка?

— Ёсьць людзі, якія кажуць: «Я прасыпаю. Давайце мяняць». Адна бабуля кажа: «Я ноччу кепска сплю, і мне ў ноч цікавей, бо ціха дома, я магу засяродзіцца. Сьвечку запаліла, стала на калені. Гляджу — я паўтары гадзіны памалілася замест адной».

Ёсьць мама двух дзяцей, якая кажа: «Днём я не магу маліцца, а ноччу будзе мая супэр-ахвяра». Ёсьць людзі, якія ўжо 6 год моляцца а 4 гадзіне раніцы, і ім нармальна. Была дзяўчына, якая брала па 2 начныя гадзіны запар 2 дні. Гэта проста ахвярныя людзі. Ёсьць людзі, якія жывуць за акіянам і моляцца, калі тут ноч, а ў іх дзень.

— У якіх яшчэ краінах беларусы моляцца за Беларусь?

— Мы не падлічвалі, колькі іх. Ёсьць Вялікая Брытанія, Францыя, Польшча, ЗША.

— Хто бярэ ўдзел у малітве?

— Людзі з розных рэгіёнаў, бабулі зь вёсачак, людзі з-за мяжы. Людзі рознага ўзросту, была жанчына 89 год. Усе хрысьціянскія канфэсіі, можа, каталікоў больш, бо я, каталічка, гэтым займаюся.

— Гэта нізавая ініцыятыва, але яе ўхваліла кіраўніцтва цэркваў?

— Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч раней служыў імшу на гадавіну ініцыятывы. Грэка-каталікі нас прымалі аднойчы на агульную малітву. Усе прымаюць гэта з радасьцю. Праваслаўныя людзі, вернікі, нармальна гэта ўспрымаюць.

— У вялікіх праектах падводзяць вынікі, пішуць справаздачы. Як гэта адбываецца ў выпадку малітвы за Беларусь?

— Цяжка сказаць, што на што паўплывала. Некалькі людзей пісалі, што з пачаткам гэтай малітвы яны заўважылі шэраг добрых падзей. Адна дзяўчына пісала, што гэта можа быць супадзеньнем, але яна верыць, што гэта вынік малітвы.

Малітва ня можа быць на зло. Я думаю, што яна на нейкія працэсы ўплывае, тым больш калі мы молімся за цэлую краіну. Я думаю, што доля малітваў, начных няспаньняў, сьлёзаў ёсьць і ў падзеях, што цяпер адбываюцца. Але гэта складана, канечне.

Я больш схіляюся да таго, што малітва зьмяняе чалавека, які моліцца. А ўжо зьменены чалавек гатовы потым зьмяняць краіну.

Нядаўна дзяўчына расказала, што малілася па начах так: «Госпадзе, зрабі з нас сьвятую, любячую нацыю». Такія ўзьнёслыя словы. Яна кажа: «Цяпер я разумею, што ў сваіх малітвах трэба быць акуратнымі». Цяпер яна бачыць, што беларусы становяцца сьвятой, ахвярнай, вялікай нацыяй. У гэтым яна бачыць адказ сваёй малітве.

Для мяне самой дзіўна, што гэтая ініцыятыва жыве, але яна жыве.

Радыё Свабода

12 красавіка ў facebook Вольга нагадала пра шостую гадавіну Няспыннай малітвы і заклікала далучыцца:

Сёння роўна 6 год з дня, калі мы распачалі Няспынную малітву за Беларусь. Гэта малітва за нашу Радзіму не спыняецца ні днём, ні ноччу з 12 красавіка 2015 года.

У малітве за гэты час паўдзельнічала каля 400 чалавек і яна працягваецца. Зараз за Беларусь па чарзе, адзін за адным, моліцца 186 чалавек. Віншую ўсіх удзельнікаў і дзякую за малітву 🙂

Але я хачу яшчэ больш малітвы за Беларусь :))) Вялікай, гарачай, шматлюднай!

Ініцыятыва маліцца ўсім разам а 21.00 кожны дзень, да якой заклікалі вядомыя хрысціяне, працягваецца і не збіраецца спыняцца.

Я ведаю таксама, што многія вернікі і цэрквы моляцца сваімі супольнасцямі і я хачу пабачыць як нас шмат.

Давайце флэшмоб #малюсязаБеларусь #prayforBelarus — хай кожны, хто моліцца за Беларусь неяк абазначыцца. Па-мойму, нам усім зараз вельмі важна ведаць, што нас шмат, разам весялей 🙂Гэта можа быць пост з хэштэгам, можа быць здымак з удзельнікамі малітвы, з вашай супольнасцю ці царквой, можаце запісаць відэа з кароткай малітвай ці заклікам да малітвы за Беларусь.

Веру, што ў падзеях, якія зараз адбываюцца ў Беларусі ёсць і доля нашай малітвы. Усё ідзе па плане. Бог абудзіў Беларусь не для таго, каб яна зноў заснула. Разумеючы гэта, мы мусім сёння маліцца яшчэ больш горача!