Вярхоўны суд пакінуў у моцы прысуд сустаршыні БХД Паўлу Севярынцу і шасці актывістам “Еўрапейскай Беларусі”


Вярхоўны суд пакінуў у моцы прысуд сустаршыні БХД Паўлу Севярынцу ды актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу, Паўлу Юхневічу, Максіму Вінярскаму, Дзмітрыю Казлову і Ірыне Шчаснай.
Разгляд апеляцыйнай скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, сваякоў пусцілі толькі на абвяшчэнне рашэння.
У выніку прысуд, вынесены 25 траўня Магілёўскім абласным судом, пакінуты ў моцы. Толькі былі пералічаныя тэрміны з улікам новага правіла разліку часу утрымання пад вартай (1 дзень у СІЗА цяпер роўны 1,5 дням у калоніі). Павел Севярынец быў у СІЗА амаль год.
Нагадаем, што суддзя Ірына Ланчава прысудзіла Паўлу Севярынцу, Яўгену Афнагелю і Андрэю Войнічу 7 гадоў калоніі строгага рэжыму, Паўлу Юхневічу, Змітру Казлову, Максіму Вінярскаму – 5 гадоў, а Ірыне Шчаснай – 4.