Вядомыя хрысціяне трох канфесій запрашаюць да малітвы

Зварот да беларусаў запісалі хрысціяне трох канфесій: Аляксандр Патліс, спявак; Аляксандр Ждановіч, актор; Павел Харланчук, актор; Андрэй Лугін, Алёна Палачанская, гурт Laudans; Надзя Бука, мастачка; Зміцер Дашкевіч, грамадскі актывіст, цясляр; Андрусь Такінданг, спявак, мастак; Вольга Севярынец, жонка Паўла Севярынца; Ілля Сільчукоў, оперны спявак; Вячаслаў Барок, каталіцкі святар.

Каменнае сэрца нашага народа становіцца сэрцам з крыві і плоці. Сэрцам, якое больш не баіцца і якое больш не стане абыякавым. Мы разумеем — цемра, якая гадамі памнажалася ў Беларусі, не знікне за імгненне. Мы ўсё ясней усведамляем —разам з вызваленнем ад тыраніі нашай зямлі патрэбна духоўнае аздараўленне. Беларусь прагне Божага дабраславення, без якога так цяжка перамагчы шматгадовае зло. У гэты няпросты час мы хочам яшчэ мацней маліцца да Бога. Бо тое, што немагчыма чалавеку, магчыма Богу. Мы заклікаем усіх людзей добрай волі да ўсеагульнай малітвы за Беларусь. Мы жадаем мацней маліцца за спыненне беззаконня, за аднаўленне справядлівасці і супакою. Малітва вызваляе нацыю з рабства і яднае народ. Асэнсаванне злачынстваў мінулага і пакаянне ў грахах учорашнега дня дае магчымасць пачаць наноў. Каб мы ніколі не забыліся пра Курапаты. Каб ў Беларусі ніколі не паўтарылася Акрэсціна. У гэтыя дні Бог дае нам знакі, яскравыя і глыбокія: бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоня, белыя шаты, праявы ў небе. Таму ёсць надзея, што наша малітва будзе пачутая. Давайце разам буздем маліцца за Беларусь. Давайце аб’яднаемся ў малітве кожны дзень а 21-ай гадзіне, а таксама будзем маліцца за Беларусь на сваіх багаслужэннях, асабліва ў пятніцу вечарам. Мы хочам, каб гэты час стаў часам агульнанацыянальнай малітвы за Беларусь. Распавядайце пра яе ў сваіх цэрквах, запрашайце сяброў. “Шмат можа настойлівая малітва праведніка”, — кажа Святое Пісанне. І мы верым, што Бог дасць нам Сваю, так неабходную дапамогу.

Магутны Божа, мы звяртаемся да Цябе, Творцы сусвету і Творцы гісторыі. Мы просім Цябе ў імя Твайго Сына і нашага Госпада Ісуса Хрыста за нашую краіну Беларусь. Дай перамогу святла над цемраю, спыні беззаконне і гвалт, няхай вязьні выйдуць на свабоду, няхай запануе ў Беларусі праўда і справядлівасць.

Божа, дабраславі Беларусь!