Вольга Севярынец пра працяг працэсу над Паўлам Севярынцам

Павел Севярынец працягнулі следчы працэс яшчэ на два месяцы.
Сёння прыйшоў ліст з гэтай “радаснай” навіной. Паша піша: “У пятніцу, 18 снежня мяне павялі да “следчага”: зноў новы. Чаму, пытаю, без адваката? А, кажа, тут адваката ня трэба. Любыя працэсальныя дзеянні, кажу, толькі ў прысутнасці адваката. Прадстаўцеся. Назваў ён сябе, аказаўся з Круглянскага раёну (Магілёўскай вобласці) – відаць, у Менску жадаючыя скончыліся. Дае мне пастанову, падпісаную намеснікам ген. пракурора Шведам, пра “працяг следства” да 20 лютага 2021 года. “Падпішыце”. Нічога, кажу, я падпісваць не буду, гэта беззаконне. За фабрыкацыю крымінальнай справы будзе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. Вы, кажу, лепш займіцеся заявамі ад мірных грамадзянаў, якіх на вуліцы збіваюць невядомыя ў чорным. Маўчыць. Бачу, крыжык на шыі. У Бога верыце, кажу? Бог бачыць.
Тут ён уперыў у мяне “цвёрды позірк”, ды і хвіліны ня вытрымаў, вочы апусціў. Потым яшчэ раз, але зноў – вочы долу. Грызе, відаць, сумленне.
Няхай Госпад прабачыць.