Віктар Бабарыка наведаў царкву ў Берліне, дзе штотыдзень моляцца за беларускіх палітвязняў
«Наша Ніва» са спасылкай на сацсеткі Віктара Бабарыкі паведамляе пра яго візіт у евангельскую Гефсіманскую царкву. Былы палітвязень быў уражаны мясцовай традыцыяй штотыднёвых малітваў за беларускіх палітзняволеных.
«Пасля падзей 2020 года ў Гефсіманскай царкве ў Берліне з’явілася традыцыя: кожны чацвер увечары, год за годам, невялікая група людзей (ядро 4—6 чалавек) збіраецца разам, каб успомніць і памаліцца за палітзняволеных беларусаў. Амаль ніхто з іх не мае сувязі з Беларуссю, большасць — пажылога ўзросту, але ўсе яны людзі, здольныя спачуваць чужому гору і ўсведамляюць неабходнасць захавання памяці пра кожнага, нават чужога для сябе чалавека, які несправядліва асуджаны.
І я падумаў, што калі б ва ўмовах той ізаляцыі, у якой знаходзяцца многія палітзняволеныя, яны ведалі, што пра іх памятаюць нават чужыя людзі, гэта вельмі дапамагала б зняць псіхалагічны ціск. Паверце, адно з самых пакутлівых катаванняў — катаванне забыццём. Таму просьба да ўсіх, хто можа данесці асуджаным гэтую маленькую гісторыю — зрабіце гэта. Зняволеным гэта вельмі патрэбна»,
— адзначыў ён.
Таксама Бабарыка падзяліўся планамі выступіць у гэтай царкве з прамовай:
«Сёння (у чацвер) я быў у гэтай царкве і сустрэўся з гэтымі неверагоднымі людзьмі. На фота — адзін з іх. І мы дамовіліся, што я паспрабую зрабіць так, каб мая першая прамова на нямецкай мове, якую я змагу прачытаць (нават не сказаць), адбылася ў гэтай царкве. А ён выказаў жаданне пабываць у Беларусі і правесці апошнюю малітву за апошняга палітзняволенага на нашай радзіме (на жаль, не на нашай роднай мове). Вельмі хочацца, каб гэта не затрымалася і здарылася ўжо ў гэтым годзе.
А падарыла мне гэты цудоўны вечар і гісторыю выдатная жанчына Іна, адна з тых, хто складае сэрца гэтай групы і шчодра дзеліцца сваёй дабрынёй і дапамогай з беларусамі (і не толькі) у Германіі».
Раней мы ўжо распавядалі пра ініцыятыву нямецкіх пратэстантаў. Беларускіх палітвязняў згадваюць і на нядзельных набажэнствах. Напрыклад, 14 траўня 2023 года малітву за Беларусь зачытала Іна Румянцава, сустаршыня аб’яднання «Razam».
Фота: Віктар Бабарыка і Хансюрг Шослер, палітвязень часоў ГДР. Фота з фэйсбука Віктара Бабарыкі







