Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Вам, Генеральная пракуратура, я, святар, выношу папярэджанне

Вам, Генеральная пракуратура, я, святар, выношу папярэджанне

Вам, Генеральная пракуратура, я, святар, выношу папярэджанне
Читать по-русски

Вам, Генеральная пракуратура, і кожнаму пракурору па-асобку, я, святар каталіцкага Касцёла Вячаслаў Барок, выношу папярэджанне!

Генеральная пракуратура, Вы 18 лістапада 2020 г. вынеслі афіцыйнае папапярэджанне каталіцкаму бп. Юрыю Касабуцкаму і праваслаўнаму святару Сергію Лепіну. Ці не падаецца Вам, што Вы перакрочылі сваёй кампетэнцыі? Ці не забыліся Вы, што Вашае заданне гэта здзяйсненне нагляду над выкананнем законаў (lex) і Вашая асноўная задача — забяспячэнне вяршэнства права (ius). І спакон вякоў вядома: Ius enim est quo iustum est — закон ёсць сапраўды законам, калі ён адпавядае справядлівасці. Так навучаў святы біскуп Аўгустын.

Ці не забыліся Вы, што Закон (ius) і справядлівасць (iustitia) маюць перавагу над законамі, нарматыўнымі актамі (lex).

Крыніцай законаў, якімі кіруецеся Вы , ёсць дзяржаўная ўлада, што павінна адпавядаць волі народа. Крыніцай Законаў, якімі кіруецца хрысціянін і Касцёл — ёсць воля Бога, агучаная ў Бібліі, адносна чалавека.

Так ці не ведаеце Вы, што кожны хрысціянін, мае права ад Бога не выконваць таго, што супярэчыць дзяржаўным законам. І наадварот: каб законы, якімі Вы кіруецеся, былі правамоцнымі, Вам трэба аглядацца на маральныя імператывы.

У нас жа, мала таго што забыліся, аб тым, што воля Бога ды маральныя прынцыпы вінны мець вяршэнства ў сыстэме правасуддзя, так яшчэ і парушылі прынцып, што дзяржаўная ўлада павінна абапірацца на волі большасці, а не на нейкай сумніўнай групцы людзей.

Я нагадаю Вам словы Божыя. Прарок Ісая піша: „Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы, каб адхіліць бедных ад правасудздзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў. (Іс 10, 1-2).

Ці не заўважаеце Вы, што тое, аб чым казаў іншы прарок Іерамія, паўтарылася і з спосабам функцыянавання нашага дзяржаўнага правасуддзя: „Як вы кажаце: мы мудрыя, і закон Гасподні ў нас? А вось, ілжывая трысьціна кніжнікаў і яго ператварае ў хлусьню” (Ер 8,8)

А таму, Вы Генеральная пракуратура і кожны пракурор па-асобку, якія не бачыце парушэнняў закону і справядлівасці ў 30 тыс затрыманых, у тысячах пакалечаных і збітых, у 6 забітых і невядома колькі зніклых за некалькі апошніх месяцаў, але выносіце папапярэджанне духоўным асобам, якія зло назвалі злом, заклікалі да правасуддзя, малітвы і пакаяння, за Вашую нібыта дзейнасць і бяздзейнасць, Вы самі атрымоўваеце папярэджанне ад святара!

Пратрыце вочы і ўбачце! Пачніце рабіць тое, што ёсць Вашым заданнем і займіцеся выкананнем тых задач, якія маеце.

Напэўна хацелі б спытацца, якім правам я гэта раблю? Такой уладай і правам, якой са мной, як і з кожным святаром, падзяліўся мой біскуп, які знаходзіцца ў еднасці з „найлепшым папам», папам Францішкам, а ён тую ўладу атрымаў ад Хрыста. Сын Божы, які мае ўсялякую ўладу (Мц 28,18), даў яе сваім апосталам, абяцаючы ім „ і сядзеце судзіць дванаццаць пакаленняў Ізраілевых» (Лк 22,30).


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава