Аналітыка, каментарыіПа-беларускуПЕРАСЛЕДПраваслаўная ЦаркваСЛОВЫ

У Зэльве знік помнік паэтцы Ларысе Геніюш

Валерыя Чарнаморцава
Валерыя Чарнаморцава

Праваслаўная верніца, арганізатарка культурніцкіх вандровак, даследчыца вуснай гісторыі савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі, удзельніца групы "Хрысціянская візія".

Іншыя нататкі

Сёлета спаўняецца 75 год з часу арышту Ларысы і Янкі Геніюшаў. Адбылося гэта 5 сакавіка 1948 года, а роўна праз 5 год, дзень у дзень, памёр Сталін. Напэўна і яго наступнікам, сталіназаўрам, ужо нядоўга засталося:

Сьвітае. Нявінныя ўсталі з калень,
А мёртвыя выйшлі па ляўры.
І толькі ад праўды схаваліся ў цень
Апошнія сталіназаўры.

Як немагчыма было пеклу ўмясьціць уваскрослага Хрыста, так пекла ГУЛАГу не пераварыла Ларысу Геніюш і шматлікіх іншых праведнікаў.

Так і зараз духоўныя нашчадкі тых сталіністаў бяснуюцца, бачачы ў царкве, на царкоўнай тэрыторыі, ўшанаваньне такой прынцыпова антысавецкай асобы.

Нязломная беларуская паэтка, пакутніца сталінскага ГУЛАГу Ларыса Геніюш яшчэ з часоў жыцця ў Празе была шчырай праваслаўнай хрысьціянкай. Дапамагала праваслаўным бацюшкам. Была хроснай маці для паловы дзетак Зэльвы. Ахвяравала для зэльвенскай царквы нешматлікія свае каштоўныя рэчы. Дарагая аксамітная сукенка, дасланая Геніюш з-за мяжы, па яе волі пайшла на вокладку богаслужбовага Евангельля.

Менавіта таму ў Зэльве так захоўваецца памяць пра знакамітую прыхаджанку. Раней на дзень народзінаў Ларысы Геніюш штогод служылася беларускамоўная Літургія і паніхіда, а пасля адбываліся паэтычныя сустрэчы і канцэрты.

Я веру, што помнік хутка ўжо вернецца на сваё месца, а таксама паўстануць шматлікія іншыя помнікі, шыльды, музеі, назвы вуліцаў ды іншае побач з помнікамі сучасных сапраўдных герояў Беларусі.

А ўсім прыслужнікам самаагалошанай улады, якія дамагаліся і такі часова дамагліся дэмантажу помніка, адказала ўжо сама Ларыса Антонаўна:

О, акупанты, жах народных мук!
Мы ў сябе — пчолы, вы заўсёды — трутні.
З крывавых вашых і праклятых рук
і Божы хлеб становіцца атрутны.

О акупанты, з цемры вы і зла,
вы ў нашых слёзах, у крыві па вушы,
без праўды розум, сэрцы без цяпла,
без дабрыні шакалавыя душы!


…Нялёгкі шлях, ды я з яго не збочу,
і халадку да сэрца не дастаць.
Прайду адна бязбоязна і ноччу,
я дачакаюся — пачне світаць!»

Помнік у гонар Ларысы Геніюш стаяў на тэрыторыі Троіцкай праваслаўнай царквы ў Зэльве — гарадскім пасёлку, дзе паэтка пражыла апошнія гады. Ён быў усталяваны з блаславення Мінскага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) у 2003 годзе.

Прарасійская актывістка Вольга Бондарава вяла агрэсіўную інфакампанію за дэмантаж помніка, але ўлады пастанавілі яго не зносіць. Тым не менш, у ноч на 30 сакавіка помнік знік, хто яго прыбраў, невядома.