У касцёле ў Новалукомлі ўчынены акт вандалізму

Уначы з 17 на 18 сакавіка невядомымі быў учынены акт вандалізму ў касцёле святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі.
Пра злачынства паведаміла Курыя Віцебскай дыяцэзіі на партале Catholicnews.by.
Каля першай гадзіны ночы невядомыя праніклі ў святыню і напісалі чорнай фарбай зняважлівыя словы ў прэзбітэрыі.
Паколькі касцёл злучаны ў адзін комплекс з плябаніяй, шум у будынку пачуў пробашч новалукомскай парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі. Святар паспрабаваў высветліць, што адбываецца ў святыні, аднак вандалы ўцяклі з месца злачынства. Ксёндз Мікалай адразу ж выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі следчых органаў працавалі да самай раніцы.
Пробашч і вернікі парафіі ў Новалукомлі моцна ўзрушаны здзейсненым у іх касцёле злачынствам.
У парафіі адбудуцца адмысловыя набажэнствы перапрашэння за грэх абразы Божай святыні.
Паведамляецца, што пры гэтым табэрнакулюм і Найсвяцейшы Сакрамант засталіся непашкоджанымі.
Курыя Віцебскай дыяцэзіі рашуча асуджае акт вандалізму, які адбыўся ў касцёле ў Новалукомлі, і заклікае злачынцаў пакаяцца, навярнуцца на шлях дабра і выправіць учыненае зло. Вернікаў Віцебскай дыяцэзіі просяць падтрымаць братоў і сясцёр новалукомскай парафіі малітвай.
Як стала вядома ўвечары 18 сакавіка, праваахоўнымі органамі былі затрыманыя меркаваныя злачынцы. Ва ўчыненым акце вандалізму падазраюцца двое маладых хлопцаў, якія былі змешчаны пад варту.