У Гарадзенскай дыяцэзіі новы генеральны вікарый
У Гарадзенскай дыяцэзіі новы генеральны вікарый (намеснік біскупа) замест пераведзенага ў Менск Юзафа Станеўскага – ксёндз Аляксандр Мацкевіч. Гарадзенец, навучаўся ў Рыме, з 2017 года – канцлер дыяцэзіі.
У публічным поле інфармацыі пра яго вобмаль. Нават не ўсе святары яго ведаюць.
З цікавых фактаў: 19 кастрычніка 2019 года менавіта ксёндз Аляксандр служыў Імшу, падчас якой у капліцу гарадзенскай семінарыі ўнеслі рэліквіі бласлаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі – капелана польскага апазіцыйнага руху “Салідарнасць”, забітага камуністамі ў 1984 годзе.
Ксёндз Аляксандр Мацкевіч урачыста прынёс рэліквіі да алтара, а таксама прамовіў гамілію. У ёй святар звярнуў увагу на асобу бл. Ежы Папялушкі, нагадаў яго біяграфію і прывёў яго ў прыклад адданасці служэнню Богу.
«Благаслаўлёны Ежы Папялушка дае нам прыклад трываласці ў веры, любові да Касцёла і клопату аб блізкіх», — адзначыў кс. Мацкевіч.
На ягоным арнаце была выява бласлаўлёнага Ежы Папялушкі.