Царква і палітычны крызіс у Беларусі

У Будславе не дачакаліся важных словаў, але тройчы пачулі пра важнасць дзяржаўнага свята

У Будславе не дачакаліся важных словаў, але тройчы пачулі пра важнасць дзяржаўнага свята

У Будславе не дачакаліся важных словаў, але тройчы пачулі пра важнасць дзяржаўнага свята
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Фэст у Будславе, які прайшоў 5-6 ліпеня, паказаў, што цяперашні старшыня каталіцкага епіскапату, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі працягвае імкнуцца інтэграваць беларускі Касцёл у ідэалагічны дыскурс дзяржавы.

Як заўважыла «Хрысціянская візія», партал епіскапату Catholic.by стаў часцей асвятляць удзел Мітрапаліта ў афіцыйных мерапрыемствах. Апошняя такая публікацыя тычылася ягонай прысутнасці на вайсковым парадзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці (вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі). Прычым, каталіцкі іерарх упершыню паказаўся на публіцы з чырвона-зялёнай стужкай, сімвале падтрымкі дзеючай улады. Стужка была прычэплена на сутане, што супярэчыць традыцыям Касцёла. Арцыбіскуп Станеўскі сфатаграфаваўся ў такім выглядзе з прадстаўнікамі іншых канфесій і рэлігій на карысць прапагандысцкаму наратыву аб быццам бы адзінстве беларускага грамадства і ўсеагульнай падтрымкі ўлады.

Ідэалагічныя рысы былі і ў прамовах Мітрапаліта ў Будславе. Ён тройчы ўзгадаў аб 80-годдзі вызвалення Беларусі ад нацыстаў – гэтая дата культывуецца прапагандай для маніпуляцый аб «генацыдзе беларускага народа» і ачарнення Захаду, выкарыстоўваецца як нагода для тлумачэння грамадству разрыву сувязей з краінамі Еўропы.

Арцыбіскуп Станеўскі рабіў уступы перад святымі Імшамі ў Будславе і акрамя ўзгадак пра дзяржаўнае свята ўжыў прапагандысцкі пасыл пра «мірнае неба». Прывітаўшы пілігрымаў, перад святой Імшой ён заявіў:

«Таксама сёння мы ў гэтым месцы дзякуем Богу за нашу незалежнасць, за 80 год вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за тое што вы маглі гэтыя дні крочыць пад мірным небам».

У гаміліі на начной Імшы адзначыў:

«У гэтым месцы, калі адчуваем прысутнасць нашых братоў і сясцер, дачок і сыноў нашай Бацькаўшчыны, адзначаючы Дзень незалежнасці і 80-годдзе вызвалення, успамінаючы мінулыя трагічныя падзеі і перамогу над злом, на вусны ціснецца вокліч: «Хто ж як Бог»».

Ва ўступным слове на галоўнай святой Імшы Мітрапаліт у чарговы раз узгадаў гэту дату, калі агучыў інтэнцыю Эўхарыстыі:

«За народ, каб мы і далей маглі жыць пад сонечным, але мірным небам. Сёлета адзначаем, як і кожны год, Дзень незалежнасці, але ў гэтым годзе асаблівую дату – 80 год вызвалення, і важна таксама каб мы былі свабоднымі і вызваленымі ад граху».

Акрамя таго, на пачатку начной святой Імшы старшыня епіскапату ўжыў лозунг Аляксандра Лукашэнкі, пад якім прайшоў Усебеларускі народны сход, і які актыўна прасоўвае прапаганда:

«Падчас гэтых урачыстасцяў мы – бо час выбраў нас – хочам аддаць нашыя сэрцы, як мы кажам, у няволю Найсвяцейшага Сэрца Езуса».

Дарэчы, паводле інфармацыі «Хрысціянскай візіі», менавіта арцыбіскуп Станеўскі наказаў святарам, якія ладзяць дзіцячыя летнікі, увесці ў іх праграму элементы мілітарысцкага «патрыятычнага выхавання» і наведваць помнікі Другой сусветнай вайны. Прыклады, як дзеці моляцца каля абеліскаў з чырвонымі зоркамі, ужо з’явіліся ў фотасправаздачах некаторых парафій.

У той жа час вернікі ў Будславе не пачулі ні ад Мітрапаліта, ні ад іншых іерархаў важных, хоць бы завуаліраваных словаў падтрымкі церпячых ад палітычнага ціску, тым больш, што многія сем’і вернікаў закранулі рэпрэсіі. Не было нават малітвы за двух каталіцкіх святароў, супраць якіх узбуджаны крымінальныя справы па палітычных матывах.

Нічога не сказаў на гэты конт нават намёкам Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які завяршыў служэнне ў Беларусі, таму, здавалася б, мог больш канкрэтна выказацца аб праблемных момантах. Аднак у ягонай вельмі дыпламатычнай прамове вобразы былі настолькі тонкімі, што ўлавіць іх сэнс было цяжка:

«Дамы, якія мы будуем, могуць быць вялікімі і прыгожымі, калі ў нас ёсць добры прыбытак. Але калі адносіны ў нашым шлюбе, сям’і, паміж роднымі і ў грамадстве парушаюцца, нашы дамы становяцца бяздушнымі будынкамі без радасці. У такіх дамоў няма будучыні».

Варта адзначыць, аднак, прамову самага маладога біскупа Беларусі, нядаўна прызначанага Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя. Ягоныя словы ва ўступе да першай святой Імшы Будслаўскага фэсту падаліся шчырымі, характарызаваліся патрыятызмам без ідэалагічнай прымесі, выклікалі давер:

«Богу Усемагутнаму, Уладару Сусвету даручаю будучыню нашага Каталіцкага Касцёла, нашага народа і нашай Бацькаўшчыны, любай сэрцу Беларусі. Каб Бог валадарыў у нашых сэрцах, каб мы заўсёды крочылі шляхам збаўлення, каб чалавек заўсёды перамагаў зло дабром, крыніцай якога ёсць Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы».


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава