Сынод БПЦ ліквідаваў аддзел ўзаемаадносін Царквы і грамадзтва
Сынод Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы (БПЦ) скасаваў сынадальны аддзел узаемаадносін Царквы і грамадзтва як асобную структуру.
Гэтае рашэньне замацаванае ў журнале пасяджэньня Сыноду № 59 ад 14 сьнежня, апублікаваным 30 сьнежня на партале БПЦ пасьля зацьвярджэньня Сьвятым сынодам РПЦ, паведамляе БелаПАН.
З журнала вынікае, што адпаведную прапанову ўнёс мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, на думку якога, аддзел часткова дубляваў функцыі сынадальнага інфармацыйнага аддзела (СІНФА). Сынод прыняў гэтую прапанову і пастанавіў, што аддзел узаемаадносін Царквы і грамадзтва «з мэтай аптымізацыі і павышэньня эфэктыўнасьці працы» належыць рэарганізаваць шляхам зьліцьця ў структуру СІНФА (сярод іншага выконвае функцыю прэс-службы экзархату).
Старшыні СІНФА даручана распрацаваць абноўленую рэдакцыю палажэньня аб аддзеле з улікам рэарганізацыі і падаць яго на зацьвярджэньне да наступнага пасяджэньня Сыноду БПЦ.
Чым займаўся скасаваны аддзел
На пакуль яшчэ дзейным сайце сынадальнага аддзелу ўзаемаадносін Царквы і грамадзтва адзначаецца, што структуру заснавалі 25 ліпеня 2014 году па рашэньні Сынода БПЦ «у сувязі з узрослай неабходнасьцю разьвіваць, удасканальваць, сыстэматызаваць і каардынаваць канструктыўны дыялёг Царквы і грамадзтва ў Беларускім экзархаце».
Першым старшынём аддзела прызначылі япіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма. У верасьні 2017 году на гэтай пасадзе яго зьмяніў настаяцель менскага прыходу протаярэй Мікалай Коржыч, які ўзначальваў аддзел да яго скасаваньня.
У студзені 2018 году ўжо былы патрыяршы экзарх мітрапаліт Павел прызначыў намесьнікам старшыні аддзела ўзаемаадносін Царквы і грамадзтва клірыка менскага прыходу храма ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага протаярэя Аляксандра Шымбалёва.
Супрацоўнікі аддзелу нярэдка прадстаўлялі БПЦ на імпрэзах іншых канфэсій, а таксама суправаджалі экзарха на сустрэчах з замежнымі дэлегатамі. Так, напрыклад протаярэй Мікалай Коржыч сёлета у кастрычніку ўдзельнічаў у сустрэчы мітрапаліта Веньяміна са спэцдарадцам апостальскай нунцыятуры ў Беларусі арцыбіскупам Антоніё Мэніні. У верасьні протаярэй Аляксандар Шымбалёў суправаджаў ватыканскую дэлегацыю на чале з сакратаром па адносінах Сьвятога пасаду зь дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.
Акрамя таго, Шымбалёў удзельнічаў у міжрэлігійнай малітве за Беларусь, якая прайшла 18 жніўня ў сталічным касьцёле ў гонар Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) на фоне распачатага пасьля прэзыдэнцкіх выбараў палітычнага крызісу. Прадстаўнік БПЦ тады заявіў, што «ўсе пытаньні можна вырашыць мірна» і заклікаў маліцца, каб «Бог зьмяніў душы і сэрцы тых людзей, якія выйшлі на шлях жорсткасьці і нянавісьці».
Шымбалёў таксама прысутнічаў у якасьці прадстаўніка Беларускага экзархату 24 сьнежня на вігілійнай імшы, якую кіраўнік каталіцкага эпіскапату Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі ў дзень свайго вяртаньня з амаль чатырохмесячнага выгнаньня. Выступаючы пасьля імшы, протаіерэй Аляксандар ад імя БПЦ павіншаваў каталіцкага ярарха зь вяртаньнем на радзіму, а таксама пажадаў усім прысутным, каб «мы назаўсёды пазбавіліся ад беззаконьня, хлусьні, гвалту; усяго, што вядзе нашыя душы і сэрцы да сьмерці духоўнай і цялеснай».
Раней звольнілі старшыню сынадальнага інфармацыйнага аддзела
Варта адзначыць, што на пасяджэньні Сыноду БПЦ 14 сьнежня таксама быў зацьверджаны новы старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзела. Ім стаў клірык Менскай эпархіі гераманах Афанасій Сакалоў, які зьмяніў на гэтай пасадзе настаяцеля Сьвята-Праабражэнскага храма ў Ракаве (Валожынскі раён Менскай вобласьці) протаярэя Сергія Лепіна.
Протаярэй Сергій падаў заяву аб звальненьні з пасады, на якой прапрацаваў каля 10 гадоў, 26 лістапада. Прычыны гэтага кроку сьвятар не камэнтаваў.
15 лістапада Лепін на сваёй старонцы ў фэйсбуку асудзіў зьнішчэнне сілавікамі народнага мэмарыялу Раману Бандарэнку ў двары на вуліцы Чарвякова ў Менску («плошча Перамен»). Тады ж публічна раскрытыкаваў знос народнага мэмарыяу Бандарэнку таксама генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі біскуп Юрый Касабуцкі.
17 лістапада Аляксандар Лукашэнка абурыўся пазыцыяй прадстаўнікоў цэркваў і запатрабаваў ад кіраўніка сваёй адміністрацыі разабрацца ў гэтым пытаньні. 18 лістапада Генэральная пракуратура вынесла Лепіну і Касабуцкаму афіцыйнае папярэджаньне «аб недапушчальнасьці парушэньня закону».