Каб Бог зноў стаў вялікім

ЯўгенБрыцько
Праваслаўны вернік, тыфлапсіхолаг. Сфера цікавасцяў: развіццё супольнасцей, гульня, правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прыхільнік міждысцыплінарнасці, асабліва на стыку з тэалогіяй. Слухач Лятучага Універсітэту.
Некаторыя даты не застаюцца ў календары. Яны пераходзяць у цела. Становяцца шнарамі, якія ўжо не крывавяць, але ўсё яшчэ адчуваюць набліжэнне навальніцы.
Такія даты жывуць у гуку ключа, што больш не адмыкае родных дзвярэй. У паху жнівеньскага вечара. У мелодыі, якую ўжо немагчыма слухаць без слёз. У позірку чалавека, які навучыўся ўсміхацца, але так і не перастаў чакаць вяртання дадому.
Для сучасных беларусаў гэта дзявяты дзень жніўня. Сёлета жь упершыню за шэсць гадоў гэтая дата зноў прыпадае на нядзелю.
Мне, як верніку, хочацца не толькі ўспомніць той жнівень. Хочацца зрабіць нешта больш важнае — паглядзець на пражыты шлях вачыма Слова Божага.
Не таму, што я схільны шукаць у лекцыянарыі схаваныя прароцтвы або ключы да гісторыі. Бог не пакінуў нам Евангелле як шыфр, якім можна расшыфраваць падзеі. Ён падараваў яго як святло, у якім мы можам убачыць саміх сябе і, галоўнае, убачыць Яго.
Шэсць гадоў таму, у дзявятую нядзелю пасля Пяцідзесятніцы, у праваслаўных цэрквах чытаўся ўрывак пра Пятра, які па слове Іісуса выйшаў з лодкі і пайшоў па вадзе (Мц 14, 22–34).
Сёння, у дзясятую нядзелю пасля Пяцідзесятніцы, Царква прапануе нам іншы ўрывак — пра бацьку, які прыводзіць да Іісуса свайго хворага сына, пра вучняў, што не здолелі дапамагчы, і пра іх ціхае пытанне пасля няўдачы: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?» (Мц 17, 14–23).
Чым больш я думаю пра гэтыя два евангельскія ўрыўкі, тым менш мне хочацца параўноўваць даты і шукаць супадзенні. І тым мацней хочацца слухаць.
Бо здаецца, што паміж гэтымі двума нядзелямі пралягае не толькі шэсць гадоў нашай агульнай гісторыі. А яшчэ і Паміж імі пралягае шлях вучня.
У жніўні дваццатага года Беларусь пачула слова, якое калісьці пачуў Пётр: — Выйдзі.
І мы сапраўды выйшлі. Хтосьці — на вуліцу. Хтосьці — у турму. Хтосьці — у выгнанне. здаецца, усе мы выйшлі яшчэ ў нешта большае — у невядомасць, у новую адказнасць за чалавекапобач. Мы выйшлі, каб крочыць па вадзе. Мы выйшлі і баяліся. Але страх ужо не мог быць апошнім словам. Мы ішлі без кмапы, Без гарантый. Не бачачы ўжо берага, ад якога адышлі, і яшчэ не пазнаючы таго, да якога набліжаліся. Пад нагамі не дарога, а глыбіня. За спінай — трэск мастоў, якія ўжо не вярнуць. Наперадзе — туман, у якім цяжка адрозніць, дзе заканчваецца неба і пачынаецца вада.
Мабыць, менавіта так выглядае жыццё чалавека, які ўпершыню адважыўся паверыць не сваім разлікам, а Божаму слову.
Але ёсць адна рэч, якую я адчуў толькі цяпер. Мы вельмі часта казалі пра мужнасць Пятра выйсці з лодкі. І амаль ніколі не гаварылі пра тое, дзеля чаго Іісус яго паклікаў. справа зусім не ў хаджэнні па вадзе. Калі б Бог хацеў проста паказаць цуд, Пятру не трэба было б рабіць ніводнага кроку.
Іісус клікаў яго не да незвычайнага вопыту. Ён кліча да даверу. Бо сапраўдны цуд адбываецца не пад нагамі, а ў сэрцы.
Кожнаму зараз зразумела, што наш Кожны крок па вадзе гэта крок ад самадастатковасці да даверу.
І, магчыма, таму гісторыя гэтага евангельскага сюжэту не заканчваецца трыумфам. Пётр пачынае тануць. Гэта заўсёды мяне здзіўляла. Чаму Евангелле не расказвае гісторыю да канца прыгожа? Чаму чалавек, які адважыўся паверыць, не даходзіць да Іісуса без цяжкасцяў? Можа таму, што Бог ніколі не абяцаў нам паверыўшым, жыццё пазбаўленае ад ціску і выпрабаванняў. Ён абяцае быць з намі ў самой яе сярэдзіне. Пётр пачынае тануць. І менавіта ў гэты момант адбываецца нешта значна важнейшае за хаджэнне па вадзе. Іісус працягвае руку. Важна адзначыць, што Ён не чытае пропаведзі чалавеку, які тоне. Не пачынае з дакору. Не патрабуе спачатку сабрацца, выправіцца, паверыць мацней. Ён спачатку ратуе. І толькі потым гаворыць.
Так заўсёды дзейнічае Бог. Спачатку — любоў, а потым — навучанне. Спачатку — міласэрнасць, пасля — патрабаванне. Мы часта думаем, што Бог любіць нас за тое, што мы не патанулі. А Евангелле сведчыць пра іншае. Ён любіць нават таго, каго яшчэ трымае над вадой. Вось у гэтым і ёсць галоўны ўрок нашага жніўня. Справа Не ў тым, што мы адважыліся зрабіць крок. А ў тым, што ўпершыню так востра адчулі: чалавеку недастаткова быць адважным. Нават самай вялікай чалавечай мужнасці аднойчы становіцца мала. І гэта не трагедыя. Гэта месца, дзе нарэшце можа пачацца вера. Бо вера не пачынаецца там, дзе мы здолялі усё зрабіць самі. Яна пачынаецца там, дзе мы адкрываем, што нас ўсё яшчэ трымае Божая рука. І толькі цяпер, праз шэсць гадоў, мы гатовыя пачуць гэта без крыўды і без расчаравання. Бо ўсе гэтыя гады Бог вёў нас не толькі праз гісторыю. Ён вёў нас праз уласныя сэрцы.
Евангелле ніколі не затрымліваецца надоўга на вяршыні. Пасля насычэння пяці тысяч — бура. Пасля хаджэння па вадзе — новая дарога. Пасля Перамянення — плач бацькі, разгубленыя вучні і дзіця, якое пакутуе. Гэта нібы Божы закон любові. Святло ніколі не даецца дзеля таго, каб застацца на гары. Яно патрэбнае, каб мы не згубілі Бога, калі зноў спусцмся ў даліны. Менавіта менавіта гэта адбылося і з намі.
Шэсць гадоў таму мы перажылі нешта, што цяжка апісаць толькі палітычнымі словамі.
Мы ўбачылі адзін аднаго, адкрылі годнасць чалавека, адчулі, што праўда значна мацней за страх, навучыліся плакаць чужымі слязамі, Несці чужыя перадачы, Маліцца за незнаёмых людзей так, нібы яны — нашыя родныя. Мы ўсвядомілі, што Беларусь — гэта не тэрыторыя. Беларусь — гэта людзі здольныя несці адзін аднаго. гэта і было нашым Перамяненнем. Але пасля кожнага Перамянення заўсёды пачынаецца шлях уніз. Туды, дзе чакае сапраўднае жыццё. І вось сённяшняе Евангелле сустракае нас менавіта там. Бацька прыходзіць да Іісуса і кажа: — «Пане, змілуйся над маім сынам… Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, але яны не змаглі яго аздаравіць». Гэта дзіўная гісторыя. І зразумела, што яна зусім не пра хлопца І нават не пра злога духа. Яна пра вучняў і Пра іх разгубленасць, іх маўчанне. Пра наш боль пасля няўдачы.
Мы ведаем, што яны ўжо аздараўлялі і ўжо маюць досвед. І раптам…
Не атрымалася. Напэўна, няма цяжэйшага месца для вучня. Не першая памылка. Не першы страх. А той момант, калі тое, што атрымлівалася ўчора, больш не атрымліваецца сёння. Як шмат нас жыве цяпер менавіта ў гэтым месцы. Мы ўсё яшчэ задаём адно і тое ж пытанне. «Чаму?» Чаму не атрымалася? Чаму не хапіла? Чаму зло аказалася такім трывалым? Чаму мы страцілі дом? Чаму рассеяліся па свеце? Чаму столькі слёз аказаліся без адказу? І мяне вельмі кранула адна акалічнасць. Вучні не апраўдваюцца. Яны не вінавацяць натоўп, бацьку, Бога. Яны толькі пытаюцца: — «Чаму мы не змаглі?» Гэта вельмі сумленнае пытанне. І менавіта таму Іісус адказвае на яго так сур’ёзна.
Але чым больш я чытаю гэты ўрывак, тым мацней адчуваю нешта дзіўнае. Мне здаецца, што Іісус адказвае не на тое пытанне. Мы спрабуем дазнацца пра сваю няўдачу. А Іісус гаворыць пра веру. Чаму? Таму што Ён бачыць тое, чаго яшчэ не бачым мы. Вось шэсць год мы лічым галоўным пытаннем — «Чаму мы не змаглі?»А Іісус вяртае сёння нас да значна глыбейшага пытання: «На каго вы насамрэч спадзяецеся?»Вось дзе адбываецца сапраўднае навяртанне.
думаючы толькі пра сваю няўдачу, цэнтрам гісторыі ўсё яшчэ застаёмся мы, Нашыя сілы, Нашыя планы, і нават Нашая мужнасць, страты, наша вера. Іісус жа дужа ціха, але настойліва паварочвае наш позірк. Не да большай веры ў сябе, А да большай велічы Бога.
Мы так часта чытаем словы Іісуса пра гарчычнае зерне, нібы Ён заклікае назапасіць больш веры. Але гарчычнае зерне — гэта не пра колькасць. Гэта прыповесць пра давер. Не пра тое, колькі веры ў кожнага з нас, А пра тое, Каму яна належыць. Важна падкрэсліць, што вера ніколі не была сілай чалавека. Яна заўсёды адкрытасць Богу.
Сёння Евангелле прамаўляе кожнаму з нас пра тое, што Шэсць гадоў мы вучыліся быць мужнымі, быць адказнымі, несці адзін аднаго І ўсё гэта было сапраўдным, патрэбным. Але захоўваецца небяспека, якая непрыкметна прыходзіць нават да самых шчырых людзей. Пачаць верыць не Богу, А ў сваю веру. Не Яго вернасці, А ў сваю вытрымку. Не Яго сіле, А ў сваю ахвярнасць. Гэта тонкая спакуса, якая прыходзіць не пасля здрады, а пасля вернасці. менавіта цяпер Іісус надзвычай далікатна вызваляе нас ад яе, нібы кажа: «Дазвольце Богу зноў стаць вялікім.»Бо вера не павялічвае чалавека. Яна вяртае чалавеку сапраўдны маштаб Бога. І калі Бог становіцца вялікім, адбываецца дзіўная рэч. Мне ўжо не трэба быць вялікім. Мне ўжо не трэба несці свет на сваіх плячах. Мне ўжо не трэба быць дастаткова мудрым, моцным, бездакорным. Мне ўжо не трэба ўвесь час даказваць, што я варты Божай любові. Бо яна не ўзнагарода, Яна заўсёды дар.
І тады раскрываецца яшчэ нешта дужа важнае. Пётр ішоў па вадзе не таму, што быў мацнейшы за іншых. Вучні не былі пакліканыя аздараўляць таму, што былі лепшыя. Усё, што мы мае даравана. Усё, што мы можам даверана нам. І ўсё, што мы страцілі, можа быць зноў вернута толькі ў адным месцы – Побач з Іісусам.
Можа быць, таму сёння Евангелле не кліча нас шукаць новых спосабаў стаць мацнейшымі. Яно кліча нас зрабіць нешта значна цяжэйшае. Адважыцца быць слабымі перад Богам. Не для таго, каб апусціць рукі, А для таго, каб нарэшце перастаць жыць так, нібы ўсё сапраўды залежыць толькі ад нас.
Мяне не пакідае адна думка. Пётр, які ішоў па вадзе, яшчэ не ведаў, куды вядзе гэтая дарога. Тады яму здавалася, што галоўная падзея яго жыцця адбываецца на хвалях Галілейскага мора, выдатны і прыгожы сёрфінг. Але сёння мы ведаем: гэта быў толькі пачатак. Наперадзе былі словы, якіх ён не зразумеў. Наперадзе былі сваркі паміж вучнямі Наперадзе было абяцанне: «Я ніколі Цябе не пакіну». Наперадзе быў двор першасвятара, Начны холад, Вогнішча трох адрачэнняў. Той самы чалавек, які калісьці выйшаў з лодкі, аднойчы не знойдзе ў сабе мужнасці нават прызнацца, што ведае Іісуса. Якая балючая праўда. Мы здольныя быць надзвычай смелымі у адзін дзень і дужа слабымі у другі. Але яшчэ большая праўда ў тым, што Іісус не перастае любіць Пятра ні на моры, Ні ў двары, Ні пасля ўваскрасення. Любоў Бога значна больш устойлівая за чалавечую вернасць. Па-сапраўднаму важна Не тое, што чалавек здольны дайсці да Бога, А тое, што Бог не спыняецца, пакуль не дойдзе да кожнага з нас.
Вось і сёння пасля шасці гадоў выпрабаванняў і перашкод, не адбыўшыхся чаканняў і моцных крыўд хочацца прыгадаць тую самую раніцу на беразе Тыверыядскага возера, такую непадобную да ўсіх іншых. Там, дзе няма натоўпу, цудаў, якіх чакаюць і шукаюць. Там, дзе няма вялікіх прамоваў. І Толькі вогнішча і Хлебам пахне цішыня. І кожны з нас, якому сорамна падняць вочы. Пётр, напэўна, чакаў іншай размовы, дакору ці нават суда. Іісус жа спытвае Толькі адно: «Ці любіш ты Мяне?» Яно гучала ў сэрцы Пятра яшчэ тады, калі ён тануў. І ў сёняшнім сюжэце, ў сэрцы вучняў пасля іх няўдалай спробы дапамагчы бацьку і хлопцу. І, безумоўна, яшчэ грамчэй яно гучыць сёння і ў нашых сэрцах.
Тысячы разоў за гэты час мы ставілі адзін перад адным шчырае і сумленнае пытанне: «Чаму ў нас не атрымалася?». Няма спрэчкі, што яно мае права быць. Але сёння Евангелле ціха-ціха прапануе нам яшчэ адно. Не пра памер і якасць нашай веры, а «Ці верыш ты, што Мая любоў да цябе большая за тваю няўдалую спробу?». Гэта глыбокасэнсоўная гутарка не пра саамадастатковасць кожнага з нас і не пра правільнасць зробленага, А выключна: «Ці дастаткова вялікі для цябе Я?». Менавіта тут Вера ўжо не спосаб зрабіць сябе мацнейшым. Вера адчуваецца, як месца сустрэчы. вера не павялічвае чалавека. Яна толькі вяртае чалавеку сапраўдны маштаб Бога. І калі Бог зноў становіцца вялікім, мы маем магчымасць нарэшце знайсці свой сапраўдны памер. Мы перастаем быць цэнтрам свету, быць выратавальнікам гісторыі, імкнуцца змяніць тое, што ніколі не магло быць у нашай ўладзе. І ўпершыню за доўгі час можам проста быць любімымі сынамі і дачкамі, Прынятымі і Прабачанымі. Мне здаецца, менавіта гэтага сёння так не хапае многім з нас. Мы стаміліся Не толькі ад навін, ад чакання, ад выгнання. Мы стаміліся быць моцнымі, увесь час трымацца, даказваць.
І вось цяпер Евангелле робіць тое, чаго не можа зрабіць нішто іншае.
Яно не патрабуе ад нас яшчэ большай сілы. Яно прапануе адпачыць Не ад адказнасці, А ад самадастатковасці. Слова Божае заклікае нас Перастаць жыць так, нібы ўсё трымаецца на нас і Дазволіць Богу быць Богам. Гэта дапаможа нам адчуць чаму пасля пытання пра паразу Іісус гаворыць пра веру. Бо толькі чалавек, які больш не абапіраецца выключна на сябе, можа па-сапраўднаму несці іншага. Пакуль я заняты тым, каб выратаваць самога сябе, у мяне не застаецца рук для брата. Але калі мяне ўжо трымае Хрыстос, мае рукі свабодныя і могуць абняць таго, хто плача, Падтрымаць таго, хто стаміўся,
Падзяліцца апошнім. Мы здольныя Маліцца за таго, хто ўжо не мае слоў і Несці таго, каго сам не можаш ацаліць зусмі не таму, што мы сталі мацнейшымі, А толькі таму, што перасталі лічыць сябе крыніцай сілы. Гэта шлях, які прайшла наша вера за гэтыя шэсць гадоў Ад першага кроку на ваду — да здольнасці несці чужы боль. Ад захаплення сваёй адвагай — да здзіўлення Божай вернасцю. Ад пытання: «Чаму ў нас не атрымалася?» Да ціхага прызнання: «Без Цябе мы сапраўды не можам нічога».
Сёння, дзявяты дзень жніўня і Мы зноў будзем успамінаць, і зноў будуць балець незагоеныя раны. Няхай баляць Шнары таксама памятаюць. Але дужа хочацца, каб гэтым разам наша памяць не скончылася толькі болем, Каб яна прывяла нас туды, куды заўсёды вядзе Евангелле Не да мора, Не да буры, Не да паразыі нават не да ўласнай веры, А да Іісуса Хрыста. Таго самага, Які працягвае руку Пятру, Таго самага, Які не адкідвае вучняў пасля іх няўдачы, Таго самага, Які пасля ўваскрасення прыгатаваў сняданак таму, хто адрокся ад Яго. сёння Ён запрашае кожнага з нас бліжэй. Туды, дзе можна, як стомленае дзіця, прыхіліцца да грудзей Старэйшага Брата і ціха-ціха прамовіць словы, якіх, магчыма, так даўно не хапала нашаму сэрцу: «Слава Табе, Божа.
Дзякуй, што Ты больш за мой страх, за мае надзеі, за мае памылкі, за маю веру і нявер’е. І дзякуй, што, калі я ўжо не мог трымацца за Цябе, Ты не перастаў трымаць мяне».






