Сінадальная рада Чэшскабрацкай эвангелічнай царквы заклікае да падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі


Мы з занепакоенасцю сочым за напружанай сітуацыяй у Беларусі. Пратэсты супраць дыктатарскага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі доўжацца ўжо больш за сем месяцаў. Хаця вынікі жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў былі яўна зфальсіфікаваныя, рэжым не мае жадання саступаць. Пратэстоўцы трапляюць пад сталы пераслед: існуюць вартыя даверу сведчанні пра сотні выпадкаў фізічных нападаў, катаванняў і згвалтаванняў дэманстрантаў. Увесь час з’яўляюцца новыя факты. Адначасова адбываюцца судовыя працэсы з удзельнікамі пратэстаў.
Гэты зварот мы публікуем у час, калі міжнародная ўвага да Беларусі пахіснулася і сілы пратэстоўцаў значна вычарпаныя. Кардынальнага пералому ў краіне не адбылося, і на першы погляд здаецца, што нічога значнага не адбываецца. Менавіта цяпер мы як царква лічым асабліва важным падтрымліваць беларускі народ усімі магчымымі спосабамі. Мы рыхтуем супольнае набажэнства ў супрацы з беларускай дыяспарай Чэхіі. Як у грамадскай прасторы, так у рамках Еўразвязу і пасярэдніцтвам міжнародных экуменічных арганізацый мы будзем звяртаць увагу на сітуацыю ў Беларусі. Мы шукаем шляхоў, як фінансава падтрымаць канкрэтных людзей, якім патрэбная дапамога.
Дай Бог, каб нам уласная няпростая сітуацыя ў сувязі з пандэміяй не замінала бачыць шматлікія рэгіёны свету, у якіх маюць месца бяспраўе, пераслед і несвабода.
Сінадальная рада Чэшскабрацкай эвангелічнай царквы
Чэшскабрацкая эвангелічная царква — адна з найбуйнейшых пратэстанцкіх супольнасцяў Чэхіі. Юрыдычна зарэгістраваная ў 1918 годзе, пасля распаду Аўстра-Венгрыі, аднак узводзіць сваю гісторыю да часоў Яна Гуса. З’яўляецца сябрам Сусветнай рады цэркваў, Сусветнай лютэранскай федэрацыі.
Пераклад “Хрысціянскай візіі”