Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі

Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі

Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі
Вернікі на «Маршы справядлівасьці» 20 верасьня 2020 у цэнтры Менску
Вернікі на «Маршы справядлівасьці» 20 верасьня 2020 у цэнтры Менску

Грамадзка-палітычны крызіс у Беларусі, які пачаўся год таму, не абмінуў Праваслаўную і Каталіцкую цэрквы. Экспэрты і вернікі абедзьвюх канфэсій расказваюць, як зьмянілася жыцьцё цэркваў праз год пасьля замены праваслаўнага мітрапаліта і забароны вяртацца на радзіму каталіцкаму.

І зьмена мітрапаліта Паўла на мітрапаліта Веньяміна, і забарона на ўезд з Польшчы ў Беларусь для арцыбіскупа Кандрусевіча адбыліся прыблізна ў той самы час, у разгар пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі. Кандрусевічу пазьней дазволілі вярнуцца, але ён страціў пасаду галавы Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Ад тых датаў з боку ўлады супраць сьвятароў абедзьвюх цэркваў не спыняюцца рэпрэсіі. За апошні год праз турмы ў Беларусі прайшлі як каталіцкія, так і праваслаўныя сьвятары. Іх пазбаўлялі адных прыходаў і высылалі ў іншыя, ім прысуджалі штрафы. Пад рэпрэсіі падпаў і горадзенскі архіяпіскап Арцемій, які адкрыта асуджаў гвалт з боку сілавікоў. Невядомыя напалі на каталіцкую курыю ў Менску, пры нявысьветленых абставінах пачаўся пажар у нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

Толькі 7 верасьня адбыліся два здарэньні, датычныя сьвятароў абедзьвюх канфэсій. У дзяржаўнай газэце «Мінская праўда» апублікавалі выяву каталіцкіх сьвятароў з нацысцкай свастыкай замест крыжоў. А ў другой палове дня стала вядома пра ператрус у праваслаўнага сьвятара ў Менску Дыянісія Карасьцялёва.

Мы папрасілі экспэртаў і вернікаў, каталікоў і праваслаўных, расказаць, як зьмянілася жыцьцё іхных цэркваў за год пасьля пачатку грамадзка-палітычнага крызісу ў краіне.

«Касьцёл у Беларусі ня мае свабоды дзеяньняў»

Ксёндз Вячаслаў Барок, пробашч каталіцкай парафіі ў Расонах, на Віцебшчыне, ютуб-блогер. Быў асуджаны на адміністрацыйны арышт. Пакінуў Беларусь, цяпер часова знаходзіцца ў Польшчы.

Ксёндз Вячаслаў Барок
Ксёндз Вячаслаў Барок

«Цягам апошняга году тэма грамадзка-палітычнага крызісу і ўсе праблемы грамадзтва, зьвязаныя зь ім, у тым ліку перасьлед рэжымам вернікаў-каталікоў за вернасьць фундамэнтальным каштоўнасьцям грамадзкага жыцьця — праўдзе, справядлівасьці, свабодзе і любові, пра якія кажа сацыяльнае вучэньне касьцёла, проста зьніклі з афіцыйнага парадку дня ў Каталіцкай царкве Беларусі.

На жаль, вымушана прыходзіш да такой высновы, калі знаёмісься з вынікамі працы трох пленарных паседжаньняў Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якія адбыліся ў пэрыяд з кастрычніка 2020 па верасень 2021 году. Акурат на такіх паседжаньнях абмяркоўваюцца самыя важныя праблемы з жыцьця Касьцёла. На думку ж цяперашняга кіраўніка канфэрэнцыі біскупаў, «…крызісная сытуацыя занадта не перашкодзіла і не абмежавала служэньне Касьцёла, ня лічачы пэўных абмежаваньняў, якія закранулі трансьляцыю імшы, і часам павышаны кантроль уладаў над дзейнасьцю некаторых сьвятароў і парафій».

Усё гэта насамрэч крыху дзіўна, бо Ватыкан у той самы час афіцыйна двойчы зьвяртаў увагу на Беларусь і рабіў тое ў кантэксьце супрацьстаяньня, якое паўстала ў краіне паміж народам і ўладай. Атрымліваецца дысананс паміж афіцыйнымі заявамі Ватыкана і беларускім япіскапатам. Разам з тым у сябе ў храмах біскупы і сьвятары і надалей прапаведуюць праўду Эвангельля. Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч на пэнсіі робіць гэта ня менш актыўна і старанна, чым калі быў афіцыйным тварам беларускага Касьцёла, а біскуп Буткевіч перакананы, што ўсё ж нам патрэбен «капэрнікаўскі пераварот».

У той жа час у Касьцёле ўсё больш нагрувашчваецца пытаньняў, ад вернікаў і ня толькі, да найвышэйшых пастыраў, і на гэтыя пытаньні не гучыць адказаў. Гэтыя пытаньні — просьбы ясна акрэсьліць, дзе дабро, а дзе зло. Так, пакуль адчувальным застаецца недахоп яснага навучаньня Касьцёла з маральнай ацэнкай дзеяньняў розных суб’ектаў беларускага крызісу, без адказу застаюцца лісты да Папы Рымскага ад Ціханоўскай, Севярынца, Лосіка.

Ватыкан наўпрост мала кажа, але пасылае знакі. Сярод іх і той, што ў Менску з адстаўкай мітрапаліта Кандрусевіча ня стала мітрапаліта і ардынарыя, і цяпер ёсьць толькі адміністратар (значыць — часовы). Гэта знак усяму сьвету і Беларусі, што ўсё ж у Беларусі існуе велізарны крызіс. Касьцёл у Беларусі ня мае свабоды дзеяньняў, і пытаньне — ці мае кандыдатаў на мітрапаліта, калі месца вакантнае?»

«Беларускі Касьцёл не сышоў з пазыцый, заяўленых восеньню 2020 году, і вярнуўся да актыўнай унутранай працы»

Вернік Віталь (імя зьмененае), актыўны ўдзельнік жыцьця Каталіцкай царквы ў Беларусі, асабіста знаёмы з многімі сьвятарамі і ведае сытуацыю ўнутры Касьцёла.

Каталіцкі фэст у Будславе
Каталіцкі фэст у Будславе

«Пасьля вяртаньня арцыбіскупа Кандрусевіча, у прынцыпе, актыўная фаза пэўнага супрацьстаяньня беларускага Касьцёла і ўладаў замерла ў адным пункце і істотна не зьмяняецца.

Беларускі Касьцёл не сышоў з пазыцый, заяўленых восеньню 2020 году, і вярнуўся да актыўнай унутранай працы і прыстасаваньня да новых умоваў. Калі гаварыць пра базавую працу зь людзьмі ў парафіях, то націск кладзецца на актывізацыю людзей пасьля ковіду. Сьвятары падкрэсьліваюць, што людзей у касьцёлах сапраўды паменела. Да таго ж ідзе пошук новых формаў душпастырства. Падаецца, што прыкасьцельныя фэсты сталі новым адкрыцьцём 2021-га — адбыліся хрысьціянскія фэсты ў Менску, Уселюбе, Удзеле, Наваградку, Перадзельску і інш. У многія парафіі вярнуліся канікулы з Богам для дзяцей і моладзі.

Напэўна, звужаецца супраца парафій і мясцовых уладаў. Раней гэтая зьява ня мела сыстэмнага характару, а будавалася ў залежнасьці ад адкрытасьці лякальнага кіраўніцтва. Таму агулам ідзе трэнд да закрываньня Касьцёла ў сабе і канцэнтрацыі на асноўных кірунках унутрыкасьцельнай дзейнасьці. Таксама касьцёл знаходзіцца на пазыцыях чаканьня. Па-першае, усё грамадзтва чакае разрадкі і вырашэньня палітычнай сытуацыі, і, натуральна, каталікі таксама. Па-другое, Касьцёл знаходзіцца на парозе найвялікшых герархічных зьменаў з пачатку 90-х гадоў. Няма ардынарыя ў Менску, чакаюць выбару таксама мітрапаліта, горадзенскі і пінскі біскупы — на парозе пэнсіі, апостальскі адміністратар біскуп Вялікаселец таксама ўжо дэ-факта пэнсіянэр. То бок з усіх беларускіх біскупаў толькі чацьвёра будуць працягваць працу — гэта біскупы Буткевіч, Касабуцкі, Яшэўскі і Станеўскі. У найбліжэйшы час чакаюцца новыя біскупскія намінацыі, гэта факт.

Адыходзіць цэлае пакаленьне кіраўніцтва беларускага Касьцёла, і новыя біскупы будуць кіраваць тутэйшымі дыяцэзіямі наступныя дзесяцігодзьдзі. Пры выбары і прызначэньні біскупаў Ватыкан кіруецца цэлым шэрагам момантаў, у тым ліку меркаваньнем уладаў. У нашай сытуацыі гэты момант набыў вялікі ўплыў. Ватыкану трэба знайсьці кандыдатуры, якія будуць прымальныя і для ўладаў, і для сьвятароў і духоўных асобаў. А гэта вельмі няпростая задача».

«Каталіцкая царква здолела захаваць і нават умацаваць у беларускім грамадзтве свой аўтарытэт»

Ігар Бараноўскі — адзін з заснавальнікаў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі. Рэдактар газэты «Царква».

Ігар Бараноўскі
Ігар Бараноўскі

«За мінулы год сытуацыя ўнутры Каталіцкай царквы ў Беларусі зьмянялася, на мой погляд, гэтаксама, як і ў цэлым у беларускім грамадзтве — рэпрэсіі зрабілі сваё, прымусілі быць больш асьцярожнымі, але не зьмянілі агульнага стаўленьня — непрыманьня гвалту і хлусьні. У сытуацыі пасьлявыбарчага крызісу ў краіне ярархі і многія рыма- і грэка-каталіцкія сьвятары адпачатку імкнуліся быць са сваім народам, былі за праўду і справядлівасьць падчас выбараў, заклікалі ўлады да дыялёгу і мірнага вырашэньня сытуацыі, адназначна асуджалі гвалт і ўжываньне сілы на вуліцах беларускіх гарадоў.

За сваю пазыцыю Каталіцкая царква ў Беларусі зазнала моцны ціск лукашэнкаўскай улады, мэтай якога было прымусіць царкву змоўкнуць, падпарадкавацца і ня ўмешвацца ў вырашэньне крызіснай сытуацыі. Аднак, нягледзячы на рэпрэсіўныя захады ўладаў супраць мітрапаліта Кандрусевіча, афіцыйныя папярэджаньні некаторым каталіцкім парафіям абодвух абрадаў за заявы і дзеяньні іх сьвятароў, у цэлым лукашэнкаўскія ўлады ня здолелі прымусіць ярархаў і духавенства Каталіцкай царквы ў Беларусі адысьці ў гэтай сытуацыі крызісу ад сваёй першаснай крытычнай ацэнкі дзеяньняў улады і пазыцыі, заснаванай на сацыяльнай навуцы царквы.

Хоць былі і затрыманьні, і арышт на суткі некалькіх рымска- і грэка-каталіцкіх сьвятароў, вымушаны ад’езд з краіны вядомага хрысьціянскага відэаблогера кс. Вячаслава Барка, які з хрысьціянскіх пазыцыяў рэгулярна крытыкаваў улады, а таксама адʼезд некаторых іншых сьвятароў, Каталіцкая царква ў Беларусі ня трапіла пад уплыў сьвецкай улады ў такой ступені, як гэта здарылася з Праваслаўнай царквой у Беларусі і яе кіраўніцтвам на чале зь мітрапалітам Веньямінам. Фармальна ўлады нібыта і дабіліся адпраўкі на пэнсію кіраўніка Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, аднак дэ-факта Каталіцкая царква і ватыканская дыпляматыя тут перайграла лукашэнкаўскія ўлады, бо архібіскуп Кандрусевіч і з-за мяжы працягваў кіраваць і падтрымліваць сувязь са сваёй паствай, а ўрэшце змог вярнуцца ў сваю краіну і працягвае цяпер, будучы на пэнсіі, актыўна служыць словам і сваёй малітоўнай падтрымкай у парафіях у розных дыяцэзіях краіны, куды яго запрашаюць.

Вядома, выказваньні каталіцкіх ярархаў і душпастыраў цяпер сталі больш асьцярожнымі і стрыманымі. У парафіях РКЦ і БГКЦ у цэлым праігнаравалі пагрозы Лукашэнкі і спробы ўладаў умяшацца ў малітоўнае жыцьцё, калі ім недвухсэнсоўна раілі адмовіцца ад гімну «Магутны Божа».

Праз словы падтрымкі ад сьвятароў і біскупаў, лісты салідарнасьці і малітву за вязьняў і за ўсіх, хто сёньня цярпіць за свае погляды, ня толькі католікі, але і многія іншыя людзі бачаць для сябе надзею, натхненьне і падтрымку.

Папа Рымскі і прадстаўнікі Сьвятога Пасаду, хоць вельмі асьцярожна, але некалькі разоў засьведчылі сваю малітоўную падтрымку, сталую і пільную ўвагу да сытуацыі ў Беларусі. Сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі дзяржсакратар Ватыкану кардынал Пʼетра Паралін абмяркоўваў і падчас свайго нядаўняга візыту ў Літву. Дзякуючы гэтаму каталіцкая царква здолела захаваць і нават умацаваць у беларускім грамадзтве свой аўтарытэт. Сьведчаньнем гэтага даверу да Каталіцкай царквы ёсьць і лісты-звароты да Папы Рымскага, якія напісалі яму Сьвятлана Ціханоўская, кс. Вячаслаў Барок, жонка палітвязьня Паўла Севярынца Вольга, палітвязень Ігар Лосік.

Праўда, наўрад ці варта чакаць ад папы і Ватыкану нейкіх гучных, разьлічаных на чыста вонкавы эфэкт, заяваў. Ватыканская дыпляматыя дзейнічае інакш — ціха, часам зусім незаўважна, паводле прынцыпу «не нашкодзь».

«Адбыўся істотны зрух у бок той самай аўтакефаліі»

Айцец Аляксандар Шрамко, праваслаўны сьвятар, якога ў 2019 годзе за крытыку маскоўскага патрыярха Кірыла вызвалілі ад пасады сьвятара «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня блаславеньня».

Аляксандар Шрамко
Аляксандар Шрамко

«Царква — частка грамадзтва, таму ў царкоўным жыцьці ўсё зьмянілася ў тым жа кірунку, што і ва ўсім грамадзтве: пад ціскам рэпрэсій і перасьледаў мы амаль ня бачым вонкавых прыкмет якой-небудзь іншай дзейнасьці, акрамя той, што ініцыяваная праўладнай ярархіяй. Нават складаецца ўражаньне, што ў царкве нічога больш і няма, акрамя ярархіі. Але на самой справе, як і ва ўсім грамадзтве, нічога нікуды ня дзелася, а проста затаілася.

Самае галоўнае: захаваўся і нават умацаваўся на ўзроўні прыхаджан і шараговых сьвятароў глыбокі падзел зь ярархіяй. Калі раней нават радыкальна настроеныя царкоўныя актывісты захоўвалі ілюзію, што зь ярархіяй можна неяк „дамовіцца“, то цяпер зацьвердзілася разуменьне, што дзейнічаць трэба самастойна, абʼядноўваючыся на першасным узроўні вакол нейкай ідэі. Што тычыцца самой ярархіі, то і яе палітыка ў пэўным сэнсе зьмянілася. Як ні дзіўна, адбыўся істотны зрух у бок той самай аўтакефаліі, якой палохаюць у выпадку прыходу да ўлады апазыцыі. Кідаецца ў вочы, што ярархія цяпер пад значна большым кіраваньнем мясцовай сьвецкай улады і менш залежыць ад маскоўскага царкоўнага цэнтру, у параўнаньні з тым, што было да жніўня 2020 г.

У выніку рэжым усё больш узмацняе спробы ператварыць Праваслаўную царкву ў свой ідэалягічны прыдатак, у чым яму пакорліва падыгрывае япіскапат, яшчэ больш адлучаючыся ад царкоўнага народу».

«Унутры царквы экспанэнцыйна вырас попыт на сьмеласьць»

Натальля Васілевіч, багаслоў, палітоляг, праваслаўная верніца.

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

«Праваслаўная царква, як і цэрквы ўвогуле, не спрычынілася да падзей 2020 году: ня цэрквы былі наперадзе руху за мір, справядлівасьць, сумленныя выбары, дэмакратычныя правы і свабоды. Але і як рэакцыйныя сілы ў час прэзыдэнцкай кампаніі цэрквы таксама не выступалі — улады прыцягнулі да агітацыі за сябе стандартны, знаёмы па мінулых часах, досыць вузкі пул сьпікераў.

Драматычныя падзеі 9–11 жніўня, беспрэцэдэнтны гвалт, а потым і надзвычайнае беззаконьне, аднак, прывялі да маральнага напалу ў грамадзтве, гранічна звузілі для публічных інстытуцый, а таксама і проста для кожнай беларускі ці беларуса, магчымасьць жыць сваім жыцьцём і займацца сваёй справай, ігнаруючы тое, што адбываецца навокал. Мноства прадстаўнікоў і лідэраў царквы, у тым ліку праваслаўнай, выступілі ў падтрымку мірнага пратэсту і парадку дня дэмакратычных сіл, праяўляючы ня столькі сваю палітычную, колькі маральную і хрысьціянскую пазыцыю. Такім чынам, першым эфэктам стала сацыяльная заангажаванасьць, якая, да таго ж, стала заяўкай на эмансыпацыю царквы ад дзяржавы.

Унутры царквы экспанэнцыйна вырас попыт на сьмеласьць, на крытыку дзяржаўных інстытуцый з маральнага гледзішча, на падтрымку правоў чалавека і дэмакратыі. Гэта прывяло да іншага эфэкту — палярызацыі. Маральная вастрыня пытаньняў стварыла супрацьстаяньне ўнутры царкоўнай супольнасьці, якая раней была досыць аднароднай: 1) абыякавая большасьць; 2) схільныя да падтрыманьня збалянсаванай ляяльнасьці да ўладаў лідэры; 3) актыўная прарэжымная і антызаходняя меншасьць, да якой лідэры ставіліся з разуменьнем; 4) прадэмакратычная, часта нацыянальна арыентаваная і палітычна актыўная меншасьць, ад якой лідэры дыстанцыяваліся.

У выніку падзей 2020 году сытуацыя зьмянілася — пачало фармавацца новае ядро ўнутры супольнасьці, уключна са сьвятарамі, супрацоўнікамі царкоўных арганізацый, актыўнымі вернікамі, для якога, па-першае, пэўныя сацыяльныя каштоўнасьці і прынцыпы набылі актуальнасьць як частка духоўнага жыцьця, частка іх асабістай хрысьціянскай ідэнтычнасьці і іх бачаньня місіі царквы ў сьвеце. А па-другое, якія гатовыя ісьці на супрацьстаяньне з царкоўнай герархіяй дзеля адстойваньня гэтых прынцыпаў. Такая супольнасьць пакуль знаходзіцца ў стадыі фармаваньня, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве яна валодае магутным патэнцыялам цалкам перафарматаваць беларускае праваслаўе».

«Маса антыэвангельскіх прыкладаў ня можа прайсьці бясьсьледна для царквы»

Уладзімер Драбышэўскі, гомельскі праваслаўны сьвятар, якога пазбавілі права насіць сьвятарскае адзеньне і нагрудны крыж. Удзельнік групы «Хрысьціянская візія». Адбываў адміністрацыйныя арышты за ўдзел у пратэстах супраць улады Лукашэнкі. Восеньню сям’я Драбышэўскіх зьехала з краіны з прычыны перасьледу ўладаў.

Уладзімір Драбышэўскі
Уладзімір Драбышэўскі

«Сытуацыя ў БПЦ за гэты год (як і за мінулыя 26 гадоў) не зьмянілася. Безумоўна і падкрэсьлена праўладная пазыцыя вярхушкі царквы, ад маскоўскага патрыярха да беларускіх экзарха і Сынодк, фактычна была такой заўсёды. Цяпер толькі гэта для шмат каго стала больш выразна, больш бязьлітасна і бессэнсоўна. «Такой» царква ня стала «раптам» у беларускім жніўні-2020, «такая» яна нам дасталася ад СССР. Але і ўсе разам яны яшчэ не царква, хоць яны ўзмоцнена імкнуцца гэта сымуляваць. І бачная на паверхні ідэалягічная нязьменнасьць, нягледзячы на герархічную жорсткасьць і татальны кантроль, зусім не азначае адсутнасьці працэсаў, якія ідуць «падспудна» ўнутры царкоўнага асяродзьдзя: сярод кліру і так званых актыўных прыхаджан, шчырых хрысьціян, якія думаюць і шукаюць Хрыста і Яго праўды.

Царкоўны клір — даволі закрытая супольнасьць з часоў прыгоннага права. Але ён далёка не такі аднастайны, аднадумны і падкантрольны, як таго хацелі б япіскапы. У апошняе дзесяцігодзьдзе ўсё больш і больш растуць крытычныя настроі, расчараваньні і боль доўга не забываюцца і дрэнна вылечваюцца. З усё большай відавочнасьцю агаляецца агульная карціна — гэта не асобныя непрыемныя гісторыі хамства і грубасьці таго ці іншага япіскапа, гэта глыбокая дэградацыя самой сыстэмы царкоўнай структуры і кіраваньня.

Падобнаму адмоўнаму адбору, з другога боку, спрыяюць і няспынныя кантакты з КДБ, бо кампрамат на япіскапа — выдатная зарука яго кіравальнасьці і ляяльнасці дзяржаўнай уладзе. Прыкладам можа служыць гісторыя з гомельскім япіскапам у сувязі з тэмай гомасэксуалізму. Амаль непадкантрольныя грошы і амаль неабмежаваная асабістая ўлада — вось асноўны профіт сёньняшняга япіскапскага служэньня.

На ўсім гэтым фоне неадступнае і маніякальнае жаданьне злачыннай улады выкарыстаць царкоўны рэсурс «на поўную» і імкненьне як мага часьцей мець доказы абслугоўваньня царквой ідэалягічных інтарэсаў несумненна вядуць да адваротнага выніку ў царкоўнай супольнасьці. У жніўні-верасьні 2020-га я часта чуў на вуліцах Гомля пытаньні: «Што ж гэта адбываецца з Царквой?» — і сьледам кардынальнае непрыманьне яе пазыцыі і нежаданьне мець зь ёю хоць што агульнае: «Лепш я да каталікоў пайду». Думаю, для большасьці ўсё ж такі крок вельмі цяжкі. У сытуацыі абсалютнай манаполіі БПЦ масавага сыходу прыхаджан ня будзе. Але вось звыклы сыход ва «ўнутраную эміграцыю» вельмі верагодны.

Беларуская рэвалюцыя 2020 году, несумненна, стала магутным каталізатарам для крытычных настрояў і працэсаў унутры царквы. Дзеяньні япіскапату толькі ўзмацняюць іх. Царкоўная машына здушэньня, як і дзяржаўная, добра адладжаная і спраўна працуе. Маса антыэвангельскіх прыкладаў: адхіленьне з катэдры япіскапа Арцемія, адзінага, які не маўчаў, усім складам Сыноду. Цёплыя і пастаянныя кантакты царкоўнікаў з карнікамі на фоне зброі, магчымая перадача ў КДБ сьпісу «нядобранадзейных» сьвятароў (каля 100 чалавек!), інтэрвію адыёзным дзяржпрапагандыстам і ўпартае нежаданьне чуць і бачыць стогны і пакуты сотняў тысяч суграмадзян і дзясяткі сьмерцяў — ня можа прайсьці бясьсьледна для Царквы, бо гэта значыць прайсьці міма Хрыста».

Дзьмітры Гурневіч, Журналіст Радыё Свабода


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава

После «Крокуса»

После «Крокуса»

Зафея Дзяконская
«Магутны Божа» ў Парыжы

«Магутны Божа» ў Парыжы

Хрысціянская візія
Недооцененные масштабы

Недооцененные масштабы

Лада Борисова