Рэцэпт ад дэпрэсіі! Ліст да зняволеных, як ліст да святога Мікалая
Апошняе відэа, “Без дэпрэсіі ў чаканні Збаўцы і пераменаў” https://youtu.be/CbH3RbXThIE,👍 якое вышла у чацвёртую нядзелю Адвэнту, было прысвечана пошукам адказу на пытанне, ці існуе які лек ад дэпрэсіі і расчараванняў, якія могуць сустракацца на шляху змагання за годнае жыццё і ў чаканні прыходу “святла вялікага” ( Іс 9, 1). Так кажа прарок Ісая пра чаканне Збаўцы.
Абапіраючыся на мудрасць Евангелля, мной было сцверджана: гісторыя з’яўляецца адным з такіх лекаў. Сёння прапаную працягнуць разважанні. Мінулы раз я паабяцаў даць максімальна просты рэцэпт на лекаванне дэпрэсіўных настрояў, якія, на жаль, уласцівыя некаторым з нас. Зразумела, нам бы хацелася такога чароўнага вырашэння праблем. Атрымаў адну таблетку, прыняў яе і ўсе праблемы вырашаныя.
Ведаеце, такі вельмі просты рэцэпт аздараўлення сапраўды існуе. Выпрацоўваючы яго, я аналізаваў Божае слова, якое Касцёл прапануе слухаць вернікам у апошнія дні перад святам Божага Нараджэння. Звярнуў увагу, што на Літургіі ўзгадваюцца Юзэф, Марыя, Захарыя і Альжбета.
І іх аб’ядноўвае супольны феномен – сустракаючыся з праблемамі асабістымі, яны адкрытыя на дапамагу ў вырашэнні праблем іншых людзей. Так бы мовіць, праяўляюць салідарнасць з патрабуючымі, калі самі знаходзяцца ў патрэбе, ды пры гэтым не забываюць праслаўляць Бога. Юзэф клапоціцца пра Марыю, хоць сам і не з’яўляецца бацькам яе дзіця. Цяжарная Марыя ідзе з дапамогай да Альжбеты. Альжбета і Захарыя прымаюць Богам дадзеная жыццё, хоць самі ўжо старыя і не ведаюць як гэта будзе з тым дзіцём. Але нараджаюць дзіця, бо праз яго Бог пасылае анёла ў свет і каб праз яго, як кажа прарок Малахія, звярнуць сэрцы бацькоў да сыноў, і сэрцы сыноў да бацькоў. ( пар. Мал 3,24). Так як жа тут не паўдзельнічаць у пераадольванні канфлікту пакаленняў? Нават тады, калі гэта і не твой канфлікт, так бы мовіць, не твая вайна, бо вядома, сваіх дзяцей Захарыя і Альжбета не мелі.
Падсумоўваючы хачу сказаць, што сапраўды ёсць сэнс не пераставаць верыць у цуды і чароўныя ці нават казачныя перамены ў жыцці.
Ёсць нават сэнс пісаць лісты да святога Мікалая з верай у здзяйсненні мараў. Так як гэта мы рабілі ў дзяцінстве. Гэта не пустая справа. Ёсць тут глыбокі сэнс. Аднак, калі зместам нашых пасланняў будзе праяўленне клопату пра саміх сябе, нічога не атрымаецца. Каб асягнуць сваё шчасце, трэба паклапаціцца пра шчасце іншага. Парадаксальна але праўдзіва.
Так вось, мая парада такая. Напярэдадні калядаў і Новага года пішыце лісты да святога Мікалая ды загадвайце жаданні з думкай пра іншага…
І вы будзеце пачутыя і знойдзеце спакой і радасць, калі напішаце лісты нават не святому Мікалаю, але тым, каму, паверце, цяжэй, чым вам з вашай дэпрэсіяй. Пішыце лісты ў вязніцы ў СІЗА і ІЧУ. Пішыце тым людзям, хто ў гэтым годзе паверыў у перамогу дабра над злом. Паверыў у тое, што сапраўды можна збудаваць больш годнае жыццё абапіраючыся на каштоўнасцях праўды і справядлівасці. Пішыце тым, хто свабоду паставіў ў прыярытэце герархіі каштоўнасцяў і з-за гэтага, па волі лёсу, за свае светлыя памкненні атрымаў цемру няволі.
Падтрымайце сваімі лістамі тых, хто сёння за кратамі, тых, хто і Каляды, і Новы год сустрэне не ў сямейным коле родных і блізкіх, але пад наглядам турэмных надзіральнікаў.
Паверце, ім значна цяжэй чым нам тут расчараваным і дэпрысіўным.
Я ведаю па свайму вопыту, калі цягам 10 дзён прабывання пад арыштам атрымаў 35 лістоў з волі. Гэта сапраўды важна. Гэта падтрымала мяне. За што ізноў Вам дзякую, сябры.
Уяўляеце ў вашых руках ёсць улада змяніць настрой іншых людзей. Уяўляеце наколькі вы важныя. Вы маеце ўладу здзівіць, выклікаць непадробную радасць ды наўпрост ашчаслівіць тых людзей, якія зняволеныя за жаданне будаваць новую Беларусь. Пішыце ім, бо яны зняволеныя за нас. Пішыце ім бо Апостал Павел загадваў памятаць пра вязняў. А ваш ліст да зняволеных стане цаглінкай умураванай у будаванні новай Беларусі.
Пішыце адзін, другі, трэці ліст… сёння ж мы маем 157 палітвязняў ды сотні тых хто незаконна і несправядліва патрапіў за краты па адміністратыўных працэсах. Падтрымайце іх! Пакажыце ім, што іх вера ў перамогу дабра — не пустая, і што яна жыве ў вашых сэрцах.
Станьце промнямі святла, што трапіць за краты і сагрэе іх сэрцы, а ўбачыце як праз тое, чароўным чынам разгоніцца цемра ў вашым жыцці. Дэпрэсія знікне, жыццё афарбуецца ў розныя колеры, атмасфера радасці вернецца ў вашыя дамы.
Вы пераканаецеся, што Хрыстос, які прыйшоў у наш грэшны свет 2000 гадоў таму, сапраўды ёсць сярод нас.
Напісаць ліст – гэта вельмі проста! Вось вам рэцэпт ад дэпрэсіі! Ашчасліўце іншага і самі шчаслівымі будзеце.
Спяшайцеся, Каляды блізка.