Размова двух гісторыкаў пра ўзаемаадносіны беларускай праваслаўнай царквы і ўлады
Дактары гістарычных навук Святлана Марозава і Аляксандр Краўцэвіч у чарговым выпуску Белсат Гісторыя вядуць размову пра ўзаемаадносіны беларускай праваслаўнай царквы і ўлады. Яны разглядаюць умовы існавання царквы ў Вялікім княстве Літоўскім і ў наш час, калі кіраўніком рэспублікі з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. У канцы перадачы Аляксандр Краўцэвіч дае такое рэзюмэ, якое мае стаўленне да ўдзелу царквы ў падзеях краіны апошняга паўгоддзя.
Я хацеў бы адзначыць некалькі момантаў. Па-першае, няма ў гісторыі выпадкаў, наколькі я ведаю, как праваслаўная царква заклікала ці змагалася са зброяй у руках супраць улады. Яна цярпела, змагалася ціха. Але таксама вядома, што праваслаўная царква ў розных абставінах і ў крызісе Рэчы Паспалітай, і ў часы Савецкага Саюза ціха змагалася за веру і сваіх вернікаў. Небезпадстаўна сённяшнюю афіцыйную праваслаўную царкву, частку Маскоўскага патрыярхата, абвінавачваюць у прарасейскасці. Небезпадстаўна.
Але мы ведаем, што ў часы рэвалюцыі жнівеньскай 2020 года праваслаўнае святарства, у тым ліку мітрапаліт, ужо былы мітрапаліт Павел, асудзілі гвалт сілавікоў на вуліцах Менску. Калі народ падняўся, царква была з ім. І для мяне гэта яшчэ адно сведчанне вядомай аксіомы “які народ, такая і царква”.