Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Раман Абрамчук: «Бога ў Савецкім РУУСе няма»

Раман Абрамчук: «Бога ў Савецкім РУУСе няма»

Раман Абрамчук: «Бога ў Савецкім РУУСе няма»

Гэта другая і апошняя частка нататкаў з акрэсцінска-жодзінскай вандроўкі экскурсавода Рамана Абрамчука.

Саветнік Нехты

Нас запіхваюць у апраметную на колах з таніраваным шклом. «Хм, а ў такім бусе я мог вазіць турыстаў», — праносіцца ў галаве. Але зараз тут выюць чэрці і енчаць людзі, то-бок мы. Нас б’юць і пагражаюць, што будуць біць яшчэ мацней. Мы бачым толькі спартовыя нагавіцы ды красоўкі тых нашых катаў. Ва ўсіх адразу ж дастаюць тэлефоны і скроляць падпіскі тэлеграма. У аднаго хлопца знаходзяць дэанон нейкай даішніцы — яму дастаецца асабліва шмат. У мяне некалькі падпісак на каналы з дэанонам, і за кожны атрымліваю ўдар па галаве. І раптам мой кат трапляе на маё паведамленне ў рэдакцыю славутага канала з прапановай больш не збірацца на злыбядовай стэле. «А, дык ты са Сцяпанам перапісваешся?! Эй, у нас тут саветнік Нехты!», — крычыць ён у цемрадзь апраметнай. «Пішы яму на лбе… не, на руцэ, маркерам!». Кат пачынае коўзаць маркерам мне на запясці: «САВЕ…» і нас прымагнічвае да Савецкага РУУСа, мабільная апраметная ідзе на стыкоўку з базай.
У РУУСе заганяюць у падвал, ставяць да сценкі тварам у зямлю, і зразаюць з нашага адзення ўсё, з чаго можна сплесці канат, каб вылезці назад на зямлю. «Крыжык пакінь» — кажу я нагам у міліцэйскіх бруках з лакіраванымі ботамі. Брукі нерухомеюць на імгненне — і з яшчэ большым імпэтам зразаюць матузок з распяццем, зрываюць з шыі і шпурляюць пад ногі да астатніх канфіскаваных рэчаў. Малітва не дапамагае. Бога ў Савецкім РУУСе няма.
Але раптам ззаду падкатывае нейкі фаўн — на караценькіх ножках і нават без маскі. Кажа, маўляў, расслабся, малайчына, што на допыце праўду сказаў пра свае гулянні і пра Бога не забыў, толькі вось скажы мне цяпер пароль ад свайго смартфона (бо села батарэйка) — адпушчу на волю. Муляюся, вярзу нешта накшталт «забыў… мяняў аператара… трохі пазней узгадаю…». Але фаўн круціць хвосцікам, эхкае са шкадаваннем і распускаецца ў карчомным кумары… Малітва ізноў працуе, апраметная рассыпаецца, ног у спартовых трэніках ужо не відаць, надыходзіць зямная ноч. Скамечаныя сцягі ў аўтазаку нагадваюць неахайна складзеныя парашуты ў салоне вучэбнага самалёта. Ідзем на пасадку.

Утульны карцар, свойская камера

Менавіта ў камеры адчуваеш сябе ў бяспецы. Камера арыштанта — як тое купэ цягніка дальняга следавання: сеў ды едзеш, а адлегласць скарачаецца сама, незаўважна, немінуча. Можна выйсці на перон у незнаёмым горадзе, але чым далей ад вагона — тым больш рызыкі адхапіць непрыемнасцяў. Так і ў камеры: пакуль няма асаблівага ўказання наконт цябе — ты нікому з гэтых злыдняў-ахоўнікаў асабліва не патрэбны. А ў камеры — усе свае, усё знаёмае. Нават у карцары ўжо на другі дзень я адчуваў сябе не проста спакойна — я сапраўды вагаўся ці хачу, каб мяне пераводзілі ў звычайную камеру. Бо стала не так цесна (сукарцарнікаў кудысьці забралі). Бо ў памяшканні зрабілі прыборку. Бо мы вынайшлі розныя лайфхакі, адладзілі побыт, навучыліся спаць на падлозе, падсцілаючы на пыльную бетонную сцяжку пакеты з-пад хлеба і ўласныя кофты. Бо, зрэшты, у карцары, як мне здалося, менш рызыкі падхапіць каронавірус… Унутры звычайнай камеры — ты агорнуты любоўю і падтрымкай сваіх суседзяў. І гэтая падтрымка сягае скрозь сцены і час: мы перагрукваемся па батарэях адпаведным рытмам з «пасажырамі» іншых «купэ», таксама жалезныя талеркі і кубкі, сцены і мэбля перадаюць нам змагарскія прывітанні — на іх папярэднія карыстальнікі пакінулі адпаведныя выдрапаныя надпісы ды малюнкі. Карацей, абвыкаешся. І вось раптам — «з рэчамі на выхад!» Як гэта на выхад? А развітацца са спадарожнікамі? А лірычна пазаліпаць на інтэр’ер апошні раз? Але хапаеш усё майно цягам хвіліны і вылятаеш стралой. І дзеля вызвалення ўжо не страшна прабегчы апошні раз па даўжэзных катакомбных пераходах пад жодзінскім «вакзалам». Бяжыш, і усё чакаеш, дзе ж тая шыльда «ВЫХАД У ГОРАД».

Зайчык

«Воіны света, бл.дзь!», — хрыпіць нейкі гад у балаклаве, калупаючыся бруднымі лапамі ў нашых смартфонах.
«Змагары», — атрутна шыпіць на нас з цемры яго сузлачынца і б’е кулаком бліжэйшага да яго «змагара».
«Цярплівец, на табе белага», — дабразычліва пасміхаецца акрэсцінскі ахоўнік і праз карцарнае акенца падае мне кавалак хлеба, смачнейшага за звычайны.
«Сімулянт!» — гістэрыць фельчар, мераючы ціск мне, які марна хапае пыльнае карцарнае паветра ротам.
«Зайчык», — кажа на мяне фельчар з новай змены і прасоўвае праз акенца раствор і кантэйнер для лінзаў, якіх я, з пачырванелымі вачыма, чакаю другія суткі запар. Мне хочацца расцалаваць ёй рукі. Але, насамрэч, хто мы? Самае цяжкае там, акрамя бяспраўнасці і непрадказальнасці сітуацыі — тое, што ты, звычайна ахінуты на волі любоўю сваіх блізкіх і прыхільнікаў, уганараваны хоць нейкай павагай нават ад сваіх ворагаў і выпадковых мінакоў — тут губляеш гэта ўсё цалкам, ператвараешся ў пыл на абутку тых, хто наўрад бы выклікаў павагу ў цябе ў звычайным жыцці.
У Жодзіна нашыя «спетыя» камерныя калектыўчыкі зноў разбіваюць, размяркоўваюць па камерах наноў. Новы сусед, хоць і свой, адразу пачынае дыктаваць — што і куды нам можна ставіць, як хадзіць у прыбіральню і г.д. Гэта Глеб. Ён самы старэйшы, але мне здаецца, што ён прачытаў надта шмат парадаў для «чайнікаў» як сябе паводзіць на зоне. Наўмысна стаўлю рэчы не там, іду ў прыбіральню не так. Праз дзень Глеба было не чуваць — вырачона сядзеў на падлозе ля свайго ложка, з вінаватым выглядам адмаўляючыся гуляць з намі ў «Мафію», сціпла пытаючыся ў нас дазволу расказаць нам што-небудзь… Сапраўды, у турме, суткамі знаходзячыся побач з незнаёмцамі, цалкам губляеш шарм і глянец, і прыходзіцца быць сабой, са сваімі ззяючымі слабасцямі, для таго, каб на развітанне паціснуць усім рукі і пачуць сакральнае «давай, брат». Але мне больш запомніўся «зайчык».

Кантрабандысты радасці

Яны прыляцелі ў адзін з апошніх дзён адсідкі — дзён, якія цягнуцца асабліва цягуча. «Што? Што не так?», — першая рэакцыя на птушыны шчэбет, які даносіцца з адтуліны бліжэй да столі, якая тут нахабна завецца вакном. Вакно жодзінскай камеры — гэта невялікая простакутная дзірка, закрытая: а) пластыкавай фрамугай б) кратамі в) нейкім мутным таўшчэзным шклом г) яшчэ аднымі кратамі. Праз «вакно» амаль немагчыма разгледзець які дзень на дварэ — сонечны ці пахмурны. Але мы стараліся, і разглядалі. І гэта было важнай інфармацыяй ва ўмовах татальнай адсутнасці прагулак. Зрэшты і прагулка — гэта адна фікцыя: з адной камеры вас выводзяць у іншую, толькі ў яе замест столі — краты, і можна бачыць неба… Сонца — не. Але можна ўбачыць яго адсветы на верхалінах бляшаных вадасцёкаў, што праступаюць жыламі на масіўным целе маркотных карпусоў. І гэта таксама істотна ва ўмовах батыскафнага пагружэння на многія суткі ў марыянска-жодзінскую западзіну…

І вось раптам, да нас, закатаных пад гэтыя слаі кратаў, бетону і мутнага шкла — выразна даносіцца птушынае шчабятанне. Без ксіваў, не звяртаючы ўвагу на ўсё жалеззе, на вышкі і ахову — захацелі ды прыляцелі. Бяззбройныя вестуны — селі дзесь на жалезны прут каля «вакна» і ўпэўнена штосьці нам перадаюць, паведамляюць. «Усё будзе добра! Дома ўсё добра!» Я, дыпламаваны гід-перакладчык, перакладаю сваім сукамернікам змест паведамлення. Мне не вераць. А я слухаю далей і расплываюся ў ідыёцкай усмешцы, каб схаваць слёзы. «Усё будзе добра, дома ўсё добра!», — звяртаюцца яны ўжо асабіста да мяне, які адзіны ў камеры чамусьці не атрымаў перадачу і месца сабе не знаходзіў другі дзень ад трывожных думак… Апошнія суткі прабеглі хутка.

Новы Час


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава