Прэс-сакратаром БПЦ стаў іераманах Афанасій — прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі

27 лістапада кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веніямін прызначыў в.а. старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы іераманаха Афанасія (Сакалова). Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце БПЦ.

Такім чынам мітрапаліт Веніямін задаволіў прашэнне протаіерэя Сергія Лепіна аб звальненьні па ўласным жаданні, падзякаваўшы яму за шматгадовую працу.

Нагадаем, што Сергій Лепін асудзіў руйнаванне мемарыяла ў памяць Рамана Бандарэнкі, за што падвергся крытыцы з боку Лукашэнкі і атрымаў папярэджванне ад Генпракуратуры.

Іераманах Афанасій (Юрый Сакалоў) нарадзіўся ў 1966 г. у Кучыне Гомельскай вобласці. Скончыў БДПУ (1994 г.), Мінскую духоўную семінарыю (1994 г.) і акадэміі (1999 г.), кандыдат багаслоўя.

Да верасня 2019 а. Афанасій быў настаяцелем прыхода храма святых апосталаў Пятра і Паўла вёскі Лясная (Магілёўская епархія). З верасня 2019 па сакавік 2020 быў першым прарэктарам Мінскай духоўнай семінарыі. З сакавіка 2020 года прызначаны старшынёй прыходскага савета Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска.

Зараз ён прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі.

Наша Ніва