Пра валадарства Хрыста, праўду і раўнадушша, пра амністыю і рэабілітацыю
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Валадарства Хрыста, як падкрэслівае сам Збаўца, хоць і «не з гэтага свету» (Ян 18, 35), але яно ёсць Валадарствам справядлівасці (пар. Рым 14,17) і ў ім праўда ёсць асноўным прынцыпам, якім кіруецца Валадар (пар. Эз 34,16). Ісус сам кажа, што Ён «для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе.» (Ян 18,36)
А таму для хрысціянаў праўда гэта святое.
Пра праўду…
ККК у пар. 2465, спасылаючыся на цытаты Святога Пісання, кажа, што «Бог ёсць крыніцай праўды» і «чальцы Яго Народу пакліканыя да жыцця ў праўдзе». Як бы была непростай жыццёвая сітуацыя, хрысціянін не мае права ісці за скепсісам Пілата, паўтараючы яго словы «а што ж такое праўда?». Бо Хрыстос сам сябе называе праўдай (Ян 14,6) А ў словах: «Пазнайце праўду і праўда вызваліць вас,» (Ян 8,32) — ясна дае зразумець, што праўда пазнаецца. Інакш кажучы, кожны, хто не ведае, што такое праўда, не пазнаў Хрыста.
Праўда не складаецца з дзвюх або некалькіх частак поўпраўдаў. Праўда- гэта заўсёды штосьці цэласнае і непадзельнае, гарманічнае і спрыяючае «агульнаму дабру». А паўната праўды ёсць у Хрысце. (пар. Ян 1,14).
У сваю чаргу сатана ёсць «бацька усякай хлусні» (Ян 8,44). Поўпраўда — гэта прадукт сатаны і заўсёды ёсць фальшам. Поўпраўда — крыніца несправядлівасці і пачатак зруйнавання дабра чалавека.
Мы, хрысціяне, не можам быць абыякавымі да несправядлівасці. Мы, як сказаў папа Францішак 23.10.2021 г. на адным з міжнародных кангрэсаў, прысвечаных будаванню лепшага грамадства, пакліканыя выйсці за межы «культуры будзённага раўнадушша».
Пра раўнадушша…
Асабіста мяне моцна не пакоіць «будзённае раўнадушша» нашага Касцёла ды ўсіх Цэркваў да несправядліва церпячых людзей за кратамі. А церпяць яны за праўду і справядлівасць. Мова пра палітвязняў, — вязняў свайго сумлення, якіх сёння ў Беларусі тысячы.
А мы, хрысціяне, якія на волі, маем не толькі суперажываць вязням, праяўляць салідарнасць, пішучы лісты падтрымкі, маліцца за іх але і рабіць канкрэтныя крокі для іх вызвалення.
І тут пытанне: ці мы робім гэтыя крокі пераадольваючы сваё раўнадушша?
Прыгадаю пытанне, якое атрымаў пасля прагучаўшага выказвання новапрызначанага мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Ю. Станеўскага. Ён пад-час інгрэса — урачыстага прыняцця кіруючай пасады, у звароце да вернікаў прамовіў: “І адначасова абяцаю ахінуць сваёю малітваю просьбу Святога Пасаду аб паскарэнні працэсу амністыі для зняволеных”.
Пытанне тычылася таго, чаму моляцца аб амністыі, калі па справядлівасці належыць патрабаваць рэабілітацыі невінавата асуджаных.
Найперш варта падкрэсліць, што амністыя і рэабілітацыя гэта не толькі розныя словы, але яны нясуць і розную сэнсавую нагрузку.
Амністыя або памілаванне — гэта вызваленне ад прававой адказнасці вінаватага чалавека ў здзейсненым злачынстве.
Рэабілітацыя (лац. rehabilitate) азначае аднаўленне ў правах, аднаўленне страчанага добрага імя, адмена неабгрунтаванага абвінавачвання з-за “адсутнасці складу злачынства”. Рэабілітацыя адрозніваецца ад амністыі поўным аднаўленнем правоў і рэпутацыі з прычыны фальшывага (незаконнага) абвінавачвання і пакарання.
…
Вяртаючыся да слоў мітрапаліта, трэба сказаць адназнача: добра, што словы прагучалі, бо праз іх быў праяўлены клопат пра вязняў. Недобра тое, што было застасавана сфармуляванне, якое неабаснавана кідае цень на добрае імя людзей, віна якіх недаказана, а больш за тое, якія самі з’яўляюцца ахвярамі.
Я перакананы, што Касцёл мае ісці дарогай праўды, інакш ён перастае быць касцёлам.
Калі гаворым пра вызваленне вязняў, мы таксама павінны дабівацца панавання праўды і поўнай рэабілітацыі.
І праўда ёсць такая, што калі чалавек, будучы на волі, гэтага не разумее, сам становіцца вінаватым. І не важна хто ты: мітрапаліт ці папа Рымскі. Калі хтосьці не бачыць тысячы невінаватых, якіх катуюць у вязніцах за праўду, як сам можа прэтэндаваць на мейсца ў Валаларстве Хрыста, у Валадарстве праўды і справядлівасці.