Павел Севярынец: “Сёння ўсё залежыць ад Царквы”

Палітвязень Павел Севярынец праз сваю жонку Вольгу звярнуўся да беларускіх хрысціянаў.
“Сёння ўсё залежыць ад Царквы. Царквы ў шырокім сэнсе – як супольнасці вернікаў Ісуса Хрыста. Бог спытае за гэту зямлю з хрысціянаў. Такім чынам, тое, як паводзіць сябе Царква Беларусі, і ёсць вырашальным”, – заявіў сустаршыня БХД.
Паводле яго, нягледзячы на асобных прадстаўнікоў, “большая частка Царквы – і праваслаўнай, і каталіцкай, і евангельскай – нажаль, апускае вочы долу і робіць выгляд, што нічога не адбываецца”.
“Бог хоча вызвалення нашай зямлі ад беззаконня і зла – падзеі, адкрыцці і цуды летась пераканаўча пра гэта сведчаць. Калі мы, беларускія хрысціяне, хочам таго ж – тады трэба:
- Адкрыта, на поўны голас казаць праўду,
- Выкрываць беззаконне і абараняць свой народ ад зла,
- Весці людзей за Ісусам Хрыстом, Які гаворыць па-беларуску.
Бог ня будзе рабіць беларускіх хрысціянаў вольнымі, адважнымі і шчаслівымі супраць іх волі. Некаторыя рэчы давядзецца рабіць самім. Менавіта гэта і значыць вера”.