Ксёндз Вячаслаў Барок. Новая Беларусь: Пра новых беларусаў і тых хто хоча паспець пераабуцца
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Да новай Беларусі пазастаецца адзін крок, але каб яго зрабіць патрэбны новы беларус.
Евангелле і Новы Запавет прапаведуе чалавеку новае_жыццё. Пры гэтым Апостал Павел у пасланні да Эфесцаў заахвочвае «апрануцца ў новага чалавека», але найперш «адкінуць ранейшыя паводзіны і свайго старога чалавека, што знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі». (Эф 4, 20-24)
Звярну ўвагу, што Паўлава «апрануцца ў новага чалавека», вельмі моцна адрозніваецца і нельга яго блытаць з сумнавядомым для беларускіх рэаліяў паняццем «пераабуцца». Гэта зусім розныя паняцці.
Хрысціянін, які апранаецца ў новага чалавека, гэта не Папандопула, з славутага фільма «Вяселле ў Малінаўцы», і не Дзед Нечыпар, які за кожным разам, калі змянялася ўлада, сцягваў або апранаў шапку, прыгаварваючы «ізноў улада меняецца».
Апрануцца ў новага чалавека, гэта значыць зрабіць радыкальны выбар і пазастацца назаўсёды яму верным. Стаць новым чалавекам, не азначае прыстасавацца да новых жыццёвых абставінаў, але, незалежна ад іх, быць тым, кім ты насамрэч ёсць. Гэта не тое самае, што схаваць свае ранейшыя погляды або знішчыць крымінальнае дасье на самога сябе, але грунтоўныя перамены тых жа поглядаў і выпраўленне ранейшых памылак.
Апостал Павел кажа «апрануцца ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці, святасці і праўдзе.»(Эф 4, 26). І гэтым тлумачыць, што ў такіх пераменах мова ідзе пра выкананне спрадвечнага людзкога прадвызначэння.
Так вось, усе тыя падзеі якія адбываюцца сёння ў краіне і па-за яе межамі, сведчаць аб тым, што новай Беларусі наканавана быць, але ж будзе яна для новых беларусаў. Не для пераабуўшыхся, але апрануўшыхся ў адзенне Чалавека з вялікай літары.
Задаючы пытанне, так а калі ж яна будзе, тая новая Беларусь, часам чалавек становіцца падобным да сыноў Ізраілевых, якіх Госпад вызваляў з няволі егіпецкай і вёў праз пустыню да зямлі абяцанай, а яны наракалі: «Лепш бы мы загінулі ад рукі Госпадаа ў зямлі егіпецкай, калі сядзелі пры катле з мясам і спажывалі ўдосталь хлеба. Вы прывялі нас ў гэтую пустыню, каб замарыць голадам увесь сход?» (Зых 16, 2-4).
Такая тактыка выключнага наракання і крытыканства ўсіх і кожнага без здольнасці заўважаць у дзейнасці іншых добрыя зерні, што могуць садзейнічаць павялічэнню агульнага дабра, не спрыяе станаўленню новага чалавека ў нас. Нават і тое, што час ад часу, седзячы на канапе, паставім падабайку пад добрым постам у інтэрнэце, не ёсць дастатковым у фармацыі новага чалавека. На фоне больш 600 афіцыйна прызнаных палітвязняў, на сенняшні дзень , ды больш 30 тысяч ахвяраў затрымання, патрапіўшых пад машыну дзяржаўнага тэрору цягам апошняга году, нават самы баявы і пагрозлівы каментар у сацыяльных сетках выглядае крыху недарэчным і смешным, калі за ім няма больш канкрэтных учынкаў, якія былі б знешнім адлюстраваннем унутраных пераменаў каментатара.
Каб стаць новым беларусам, неабходна пераасэнсаваць старое жыццё ды мацавацца духоўнымі каштоўнасцямі.
Зрэшты, гэта і ёсць ужо справа Божая — паверыць у тое, што ў вырашэнні актуальнага крызісу ў Беларусі, першасным ёсць праяўленне клопату пра духоўныя перамены, дзякуючы якім асноўныя каштоўнасці грамадскага жыцця — праўда і справядлівасць, свабода і любоў — становяцца архітэктурна ўтвараючымі нашае жыццё. Ці ж гэта і не ёсць для хрысціяніна ўласцівым разуменнем Хрыстовага тлумачэння «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў». (Ян 6, 24-35). Верыць у Хрыста гэта верыць, што Ён сярод нас і мы на зямлі можам жыць служачы праўдзе і справядлівасці.
У хвейным грамадстве і зменлівым свеце, той, у каго ўжо сфарміраваўся духоўны стрыжань ды маральны хрыбет, можа сцвердзіць, што працэс утварэння ў ім новага беларуса закончыўся паспяхова. А значыць і новая Беларусь блізка.