Наталля Гарковіч: «Духоўнасць — гэта адказнасць, і я бачу, што ў 2020-м багата людзей гэта ўсвядомілі»
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Тэалагіня Наталля Гарковіч — адзін з асноўных галасоў “Хрысціянскай візіі”: жанчына прадстаўляе арганізацыю і беларускіх вернікаў у розных краінах, з паплечнікамі дабіралася нават да Еўрапарламента. А што вядома пра яе саму? Распыталі Наталлю пра шлях да веры, важныя для яе праекты і блізкія жанчыне ідэі фемінізму.
«Мой прадзед прывозіў з Кіева на сваім возе званы ў вясковую царкву, быў чытарам у царкве»
Наталля родам з Палесся — з Піншчыны, калі дакладней. Бацькі жанчыны маюць карані ў вёсках, і яе багата часу выхоўвала палеская бабуля. Для гэтай сям’і хрысціянства было часткай традыцыі:
«Маці маёй маці была практыкуючай праваслаўнай верніцай. Бацька майго таты быў званаром у царкве, і яго бацька, то-бок мой прадзед, прывозіў з Кіева на сваім возе званы ў вясковую царкву, быў там чытаром.
Я з той часткі Палесся, якая была ўжо больш цывілізаванай, дзе было менш народных забабонаў.
Усё, што я бачыла ў маёй сям’і, збольшага было заснаваным на хрысціянстве. Самае галоўнае — я навучылася ад сваіх родных, што ніхто нікому ніколі не хлусіў, і па жыцці ў мяне гэта так і засталося. А таксама навучылася вялікай працавітасці, бо жыццё на вёсцы заўсёды было школай працы, мы вельмі многа працавалі».
«Царква — гэта не іерархія, а людзі»
Недзе ў 16 гадоў Наталля больш свядома звярнулася да веры — быў перыяд экзістэнцыяльных пошукаў. Чытала багаслоўскую літаратуру, а потым паступіла на тэалагічны факультэт ЕГУ, цяпер Інстытут тэалогіі БДУ. Скончыла і яго, і магістратуру пры ім.
Багаслоўская адукацыя, кажа яна, дазваляе больш глыбока асэнсаваць рэлігію:
«Часта людзі кажуць, маўляў, хрысціянства такое і гэткае, для іх гэта непрымальна, хаця насамрэч гаворка менавіта пра іх уяўленне аб хрысціянстве. Тэалагічная адукацыя дае вельмі шырокі погляд на рэлігію і ў прыватнасці на хрысціянства, дапамагае асэнсаваць хрысціянства на больш глыбокім узроўні, чым “хрышчальна-пахавальны” стыль жыцця. Асэнсоўваеш па-іншаму шматлікія абрадныя і побытавыя рэчы, , бо разумееш, адкуль гэта ўсё ідзе».
Хрысціянства вельмі рознае, тлумачыць Наталля, і ўсходняе хрысціянства, у прыватнасці, не абмяжоўваецца расійскім/рускім праваслаўем. Жанчына даследавала праваслаўныя царкоўныя брацтвы ў Рэчы Паспалітай, абараніла блізкую да гэтай тэмы дысертацыю і ведае, што структура хрысціянскай царквы не такая простая, як гэта можа здавацца звонку.
Але пытанне не толькі ў адукацыі, мяркуе Наталля:
«Калі ў цябе ёсць вера, сустрэча з Богам і разуменне, што царква — гэта не іерархія, а людзі, то глядзіш на гэта трошкі іначай. Цяпер у беларускай праваслаўнай царкве шмат людзей, якім няма куды ісці з-за іх светапогляду ці выхавання, але пры гэтым яны не прымаюць тое, што цяпер робіць царкоўная іерархія. Гэтыя людзі ўсведамляюць сябе хрысціянамі і адчуваюць адказнасць за тое, што яны робяць як хрысціяне. У нашай “Хрысціянскай візіі” шмат людзей з розных канфесій, і для мяне наша Візія – гэта таксама беларуская царква.
Беларуская праваслаўная царква — гэта і тыя прыходы, якія арганізуюцца за мяжой ды не губляюць сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, пазіцыянуюць сябе як беларускія вернікі, хаця для хрысціянства непрынцыпова, да якой ты нацыі сябе адносіш».
«Выпадкова ўдарыла адной далонню па іншай, і ад гэтага дэманстранты таксама пачалі пляскаць у далоні»
Наталля не засталася ў баку ад падзей 2020-га — настолькі, што пазней давялося з’ехаць з краіны. Упершыню яна паўдзельнічала ў пратэстах у 2011-м, і гэта была цалкам нечаканая гісторыя.
У Мінск прыехаў айцец Віталіюс Моцкус, літоўскі святар, які цяпер служыць у Канстанцінопальскім патрыярхаце. Тады на Кастрычніцкай плошчы адбываліся маўклівыя пратэсты, і ён пажадаў на іх паглядзець, а суразмоўца разам з актывісткай Наталляй Васілевіч пайшлі з ім:
«Ішлі ад плошчы Перамогі да ГУМа, я расказвала пра будынкі, міма якіх мы праходзілі. Праціснуліся праз шэрагі спецслужбаў, каб паглядзець на мемарыяльную дошку мітрапаліта Мелхісэдэка Паеўскага на будынку Інстытута тэалогіі. Потым падышлі бліжэй да знакамітага будыначку — былога грамадскага туалета ля Купалаўскага тэатра, і тут да нас падышоў спецслужбовец, сказаў, што там нельга нічога рабіць.
Мы павярнулі ад ГУМа да ратушы і сустрэлі натоўп пратэстоўцаў. Я, як экскурсаводка ў тым шпацыры, выпадкова ўдарыла адной далонню па іншай, і ад гэтага дэманстранты таксама пачалі пляскаць у далоні. Трапіла тады на ўсе палосы незалежных СМІ».
Наталля была адной з арганізатарак мінскага марша вернікаў 13 жніня 2020 года: ён распачаўся з малітвы ля ратушы, потым вернікі ішлі да Чырвонага касцёла міма Валадаркі. Насупраць СІЗА яны спыніліся, каб памліцца, суразмоўца ўспамінае, што асабіста чытала 90 псалом насупраць Валадаркі. У першую суботу пасля выбараў, 14 жніўня, калі мітрапаліт Павел стаяў на амвоне, Наталля публічна задавала яму нязручныя пытанні пра падзеі ў краіне, хадзіла на пратэсты.
«Сказаў, што калі мяне арыштуюць, я буду звольненая».
На той час жанчына працавала загадчыцай навукова-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі. У пачатку 2020-га, калі Наталля наймалася на працу, яе ўгаварылі ўступіць у прафсаюз, каб у тым ліку “дапамагаць выплатамі пацярпелым ад Кавіду), а восенню таго ж года, пасля жорсткага разгону пратэстаў ля раддома на вуліцы Арлоўскай у Мінску, жанчына напісала заяву на выхад з прафсаюза.
Хутка ціск узмацніўся:
«Перад 25-м сакавіка 2021 года да мяне прыйшоў Раман Матульскі, тагачасны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, і расказаў, як яму паказвалі фатаздымкі са мной, дзе я “не там іду і не там стаю”. Сказаў, што калі мяне арыштуюць, я буду звольненая.
Праз некалькі дзён ужо намеснік дырэктара мне паведаміў: каб “дапамагчы”, ён раіць, каб я звольнілася, або далей буду мець справу з крымінальным авбінавачваннем. Паверыла гэтаму, бо ведала сваю дзейнасць — была ў складзе “Хрысціянскай візіі”, давала інтэрв’ю. Думаю, што ўсё гэта разам сышлося і ад мяне вырашылі пазбавіцца такім непрыгожым чынам».
Наталля тлумачыць — дапускала, што яе насамрэч могуць арыштаваць. Паколькі з ёй звязана шмат людзей, вырашыла, што ў выпадку яе арышту яны могуць апынуцца ў небяспецы. Таму ў свой апошні працоўны дзень жанчына выехала з Беларусі, і ў 2022-м, пасля падарожжаў па свеце, нарэшце перабралася ў Польшчу, дзе і жыве цяпер.
Яна па-ранейшаму ўдзельнічае ў жыцці “Хрысціянскай візіі”, а таксама займаецца навуковай працай. А яшчэ Наталля — прыхаджанка беларускага праваслаўнага прыхода ў Варшаве, таго, дзе атрымалася адрадзіць адзін з трэндаў беларускага праваслаўя 2010-х — служэнне літургіі па-беларуску.
«Мы з Наталляй Васілевіч перадалі мітрапаліту Паўлу хадайніцтва прыхаджан»
Жанчына згадвае, што ўсё распачалося недзе ў 2012-м у храме ў мінскім раёне Сухарава па ініцыятыве прыхаджан:
«Я ўдзельнічала ў хоры, дапамагала яго арганізоўваць, было вельмі душэўна. Быў момант, калі ў 2018-м годзе настаяцель таго прыхода пажадаў пазбавіцца ад гэтай дзейнасці. Тады мы з Наталляй Васілевіч перадалі мітрапаліту Паўлу хадайніцтва прыхаджан пра тое, каб на прыходзе працягваліся беларускія службы, папросту пайшлі на Дабравешчанне ледзь не лавіць яго на ганку кафедральнага сабора.
Потым беларускія літургіі з’явіліся ў храме Мінскай духоўнай акадэміі. Ужо ў Польшчы людзі, якія ўдзельнічалі ў тых службах, звярнуліся з аналагічнай просьбай да мітрапаліта Варшаўскага, і цяпер службы на беларускай мове тут адбываюцца штомесяц. Бачу, што туды прыходзіць усё больш і больш людзей, і гэта мяне вельмі радуе, бо для людзей гэта магчымасць пабачыць адзін аднаго і адчуць падтрымку, у тым ліку не толькі малітоўную і еўхарыстычную, але і чалавечую».
Наталля кажа, што і цяпер па ўсёй Беларусі багата прыходаў, дзе людзі хацелі б служыць па-беларуску, але часам іх прымушаюць спыніць гэтую дзейнасць. Прычына — моцны прыгнёт усяго беларускага:
«Калі яшчэ ў беларускай праваслаўнай царкве засталося нешта беларускае, гэта вельмі добра, а яно засталося. Асцярожна кажу пра сённяшнюю Беларусь, бо людзі там пастаянна знаходзяцца пад вялікай небяспекай».
«Духоўнасць — гэта адказнасць, і я бачу, што ў 2020-м багата людзей гэта ўсвядомілі. Зразумелі, што адказнасць — гэта базавая з’ява для здаровага грамадства, і вельмі многія вернікі тады ўсвядомілі сябе царквой, як і беларусы ўсвядомілі сябе нацыяй».
«Бачыла, як падчас перформансу і пасля яго плачуць дыпламаты»
Таксама Наталля займаецца «Беларускім мартыралогам» — праектам мастачкі Ксішы Ангелавай, якая робіць партрэты палітвязняў на кавалках шпалераў — акрамя іншага, каталагізуе іх. На выставах партрэтаў Наталля ладзіць адмысловы перформанс — рыхтуе матэрыялы, каб прысутныя зачытвалі фрагменты лістоў палітвязняў і іх апошніх словаў у судах:
«Мартыралог для мяне — праект, у які ўкладаецца вельмі многа любові і чалавечнасці Ксішай, аўтаркай партрэтаў. Для мяне ён каштоўны як дакументалізацыя пратэстаў 2020-га, зробленая ў вельмі творчай і класнай форме, мемарыял пратэсту і ўвогуле беларускай годнасці. Сцэнары перформанса я адаптую пад кожную аўтдыторыю, каб данесці да ўсіх наш беларускі боль…»
«Яшчэ гэта праект, які эфектыўна ўздзейнічае на замежнікаў. Бачыла, як падчас перформансу і пасля яго плачуць дыпламаты, плачуць людзі, якія да гэтага ніколі не чулі пра Беларусь. Яны добра разумеюць, што мы хочам сказаць, і нясуць гэта далей. Гэта вельмі персанальнае сведчанне».
З-за яго моцы Наталля называе «Беларускі мартыралог» культурна-маральным таранам. Але і прызнаецца, што для яе гэты праект — вялікі крыж, бо з маральнага пункту гледжання ім цяжка займацца, ён забірае шмат сіл, эмоцый і здароўя.
«Фемінізм — гэта пра тое, як жанчына не губляе сваёй годнасці ў ніводнай сферы»
Жанчына прызнаецца, што для яе важныя ідэі фемінізму, які яна спалучае з хрысціянскімі прынцыпамі:
«Мне падаецца, фемінізм — гэта пра тое, як жанчына не губляе сваёй годнасці ў ніводнай сферы, ведае пра гэта і змагаецца за гэта. Вядома, гэта спалучаецца і з хрысціянствам, калі жанчына ўсведамляе сваю адказнасць, сваю годнасць.
Ды і з тэалагічнага пункту гледжання тут няма супярэчнасцей з хрысціянствам. Так, я не падзяляю погляды некаторых плыняў фемінізму. Пытанне пра аборты вельмі цяжкае, і кожная жанчына тут прымае рашэнне сама, але гэта вельмі істотнае і важнае пытанне».
Унутры праваслаўных суполак шмат патрыярхальнасці, разважае Наталля, яны бываюць розныя і ў іх па-рознаму ставяцца да жанчын, але ёсць і вельмі добрыя выключэнні. А ёсць стаўленне да жанчын па прынцыпе «прынясі, падай, памый і пастаў свечку», а ў дадатак трэба нараджаць кучу дзяцей і сядзець ціха. Але суразмоўца за тое, каб жанчыны выходзілі з гэтай парадыгмы, і ад гэтага выйграе сама царква. Вось чаму:
«Роля жанчыны ў хрысціянстве дужа важная, але незаўважная. Жанчыны заўсёды мелі і маюць вялікі патэнцыял дзякуючы сваёй моцнай эмпатычнасці, схільнасці да творчасці, здольнасці нешта арганізоўваць і самаарганізоўвацца, суперажываць. Бачу патэнцыял жанчын у адукаванасці, самаразвіцці, і дзякуючы гэтаму царква ўзбагачаецца».
Гісторыя Наталлі — якраз прыклад гэтага. Са сваёй экспертызай пра царкоўнае жыццё жанчына трапіла нават у сцены Еўрапарламента, дзе ў маі 2023-га разам з “Хрысціянскай візіяй” распавядала пра становішча вернікаў у Беларусі.