Намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік наведаў з візітам Ватыкан
8–9 лютага намеснік Міністра замежных спраў Беларусі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе па сумяшчальніцтве Сяргей Алейнік наведаў з візітам Ватыкан.
Як паведамляецца на сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі mfa.gov.by, 8 лютага спадар Алейнік узяў удзел у штогадовай навагодняй аўдыенцыі Папы Францішка для дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.
На палях мерапрыемства Пасол Беларусі правёў кароткую размову з Пантыфікам.
У межах візіту Сяргей Алейнік таксама правёў сустрэчы з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етро Паралінам, Старшынёй Папскай Рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам, а таксама з Сакратаром па адносінах з дзяржавамі (Міністрам замежных спраў) Дзяржаўнага Сакратарыяту арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.
Асноўнымі тэмамі перамоў, як адзначаецца на рэсурсе беларускага знешнепалітычнага ведамства, сталі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, узаемадзеянне у межах міжнародных арганізацый, а таксама сітуацыя ў рэгіёне.
Па выніках абмеркавання бакі пацвердзілі імкненне да актывізацыі беларуска-ватыканскага супрацоўніцтва для дасягнення далейшай пазітыўнай дынамікі двухбаковага ўзаемадзеяння і ўмацавання міжканфесійнага дыялогу, падкрэсліваецца на сайце МЗС Беларусі.