Маці палітвязня Паўла Севярынца расказала, як трымаецца сын: піша кнігу, посціць і прапаведуе

Маці палітвязня Паўла Севярынца, які больш за 10 месяцаў знаходзіцца за кратамі, падзялілася, пра што піша сын у сваіх лістах да яе і бацькі. Па словах Таццяны Севярынец, яна атрымала ад Паўла 75 лістоў. Ён не падае духам: піша кнігу, посціць і прапаведуе ў камеры. 

 Рыхтуецца да Вялікадня

Цяпер – час посту, і, як праваслаўны вернік, Павел рыхтуецца да Пасхі. Нават посціць, хаця і знаходзіцца ў цалкам не спрыяльных для гэтага ўмовах.

«Уяўляеш, матулечка, як толькі я напісаў у лістах да вас, што збіраюся посціць — адразу з’явіліся біточкі, з’явіліся вараныя яйкі, чаго ніколі раней не было. А што ж рабіць? Прыходзіцца аддаваць сукамерніку. Ён вельмі задаволены, а я гартую сваю волю», — напісаў сын. Некалі мы дамовіліся з ім, што ён ніколі не будзе галадаць, але па божым календары такія іспыты для сябе ён робіць», – распавядае Тацяна Севярынец.

Хоча паспавядацца, але святара не пускаюць

Па словах маці, Павел прасіў, каб да яго пусцілі святара. Духоўнік Паўла памёр, але некалькі святароў па сваёй волі пагаджаюцца да яго прыйсці. Адміністрацыя, аднак, спасылаецца на пандэмію і духоўныя патрэбы палітвязня ігнаруе. 

«Хаця на Валадарку да Паўла з храму, што на вайсковых могілках, заўсёды хадзіў айцец Васіль. Дарэчы, там ёсць адмысловы малельны пакой, дзе любы зняволены можа паспавядацца», – удакладняе Таццяна Севярынец.

Падзякі за духоўны подзвіг

Маці палітвязня расказвае, што пэўны час з Паўлам у адной камеры сядзеў мужчына, зняволены паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў). І Паўлу ўдалося яго евангелізаваць. Былы наркаман прыйшоў да Госпада, пакаяўся ва ўжыванні і распаўсюдзе наркотыкаў, папрасіў, каб пахрысцілі ягонае дзіцяці, якое да таго было няхрышчанае. 

Пасля гэткіх пераменаў сваякі зняволенага звязваліся з жонкай Паўла Вольгай Севярынец, дабраслаўляючы Паўла за ягоны духоўны подзвіг. Праўда, праз пэўны час мужчыну перавялі ў іншую камеру. Цяпер у Паўла іншы сукамернік.

Піша кнігу, адказвае на лісты з волі

За кратамі Павел працягвае пісаць чарговую кнігу «Беларусалім». Маці нават прыспешвае яго, бо ёй вельмі цікава, што там будзе з галоўным героем. 

«У другой кнізе распавядаецца пра вызваленне ад волі д’ябла. Там шмат прароцтваў. Неверагодна, але яны на кожнай старонцы, хаця кніга выйшла ўжо пасля таго, як Пашу зняволілі, і ён не быў сведкам шмат чаго», – тлумачыць Таццяна Севярынец. 

Працуе, чытае і адказвае на кожны ліст з волі. За дзень атрымлівае 15-20 лістоў, адказвае на кожны. Што тычыцца затрымак, дык яны адбываюцца не па віне Паўла. Як распавяла Таццяна, цяпер сын атрымлівае яшчэ сакавіцкія лісты ад бацькоў. За час зняволення Севярынцы атрымалі 75 лістоў ад сына, а ён ад іх – пакуль 56.

Судзіць будуць у Магілёве

Тацяна Севярынец расказала, што спачатку справа Паўла была перададзеная ў Вярхоўны суд, але адтуль матэрыялы вярнулі ў пракуратуру, а з пракуратуры — перадалі ў Магілёўскі абласны суд. Найхутчэй справу будуць разглядаць менавіта там, разам са справамі Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова і Ірыны Шчаснай.  

Тэрмін утрымання пад вартай Паўла Севярынца Магілёўскі абласны суд падоўжыў да 7 траўня. 

Нагадаем, Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году ў Менску. Яму некалькі разоў падаўжалі тэрмін утрымання пад вартай. 20 жніўня ў дачыненні да Паўла распачалі крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках (ч.2 арт. 293 КК РБ). Беларускія праваабаронцы прызналі Севярынца палітвязнем, а Міжнародная амністыя назвала яго вязнем сумлення.

Напісаць Паўлу ліст можна на адрас: 220030, Севярынцу П.К., Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1, камера 101.

Ян Ластаўка, Віцебская Вясна