Ксёндз Вячаслаў Барок. Галадоўка і Божае слова
Ёсць хлеб, якім корміцца нашае цела. І ён важны. Але ж ёсць хлеб, якім корміцца нашая душа, і ён — не меньш важны. Бо каб жыць ды жыць напоўніцу, трэба і пра духоўнае думаць. Слова Божае – ёсць тым хлебам, які насычае голад душы.
У трэцюю нядзелю звычайную літургічнага году Касцёл Каталіцкі ўжо другі раз адзначае Нядзелю Божага Слова. Цяжка пераацаніць тое значэнне, якое Біблія мае ў жыцці хрысціяніна. Святое Пісанне – ёсць Словам жыцця.
Сёння хачу заўважыць, што наогул есці штодня хлеб і дбаць пра цела і жыццё мае сэнс на столькі, на колькі чалавек дбае пра жыццё духоўнае і корміцца хлебам духоўным – Божым Словам. Памятаеце, як Хрыстос пасля 40 дзён посту ў пустыні, на прапанову перамяніць камені ў хлеб, адказваў сатане: “Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным Словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4,4).
Вядома, без духоўнага жыцця цялеснае таксама – губляе сэнс.
А духоўнага жыцця няма без слова ад Бога. Мяне захапляе, у двукоссі кажучы, пазіцыя некаторых людзей, калі чалавек праяўляе клопат пра духоўныя скрэпы хрысціянскага жыцця, але грэбуе пазнаннем Святога Пісання.
Гэта такі самападман, накшталт таго, калі пра вытанчанасць французскай кухні разважае гурман, які сам сілкуецца выключна разагрэтымі пельменямі, а пра смак віна экспертную думку выказвае дэгустатар выключна пладова-ягадных напояў, які ў сваім жыцці не спрабаваў іншых.
Згадзіцеся, гучыць гэта камічна. Так вось таму і пра асновы духоўнасці можна пачынаць казаць толькі па меры збліжэння з Божым словам, інакш гэта будзе цырк, а не духоўнасць.
Можна, канешне, занядбаць духоўнае жыццё. Не заварачвацца такой праблемай. Не даваць пасілкаў для сваёй душы. І што тады будзе? Будзе смерць. Так, як без ежы, цела чалавека памірае, так і без пасілкаў духоўных надыдзе смерць і зруйнаванне. Але будуць яны не толькі духоўныя, але ж і рэальныя.
Думаю, той глыбокі гуманітарны крызіс, які адбываецца цяпер у Беларусі, таксама сведчыць аб тым, што духоўнае жыццё ў нас на вельмі нізкім узроўні. І як рэфрэн паўтару, мы, замест таго, каб пазнаваць Слова ад Бога і Яго Закон і па ім жыць, вельмі доўга займаліся самападманам, увесь час убіваючы сабе ў галовы, што на гнілым Захадзе яшчэ горш, бо там усё духоўнае гіне.
І вось вынік, мы зайшлі ў такі тупік, дзе насілле і беззаконне сталі нормай, і мы ўжо перасталі здзіўляцца адбываючымся масавым рэпрэсіям, якія рэжым здзяйсняе супраць беларусаў.
Сённяшняя сітуацыя гэта ж не толькі крызіс грамадска-палітычны, але таксама духоўная трагедыя.
У гэтай рэчаіснасці вельмі красамоўна выглядаюць выпадкі дабравольнага галадавання, як форма пратэсту супраць беззаконня. На сёння ў Беларусі вядома імёны чатырох галадуючых.
Само галадаванне з хрысціянскай пазіцыі немагчыма ацаніць адназначна. Маральная ацэнка галадоўкі залежыць ад мноства ўмоваў і матываў, дзякуючы якім чалавек пачынае галадаванне.
Але, калі казаць пра галадоўку блогера Ігара Лосіка, мне ўсё ж падаецца, можна знайсці мноства аргументаў, каб, базуючыся на каталіцкім веравучэнні, яго чын апраўдаць.
Хоць, безумоўна, трэба бачыць таксама і ўсе небяспечныя моманты, дзе можа прасачыцца грэх. Як тое, напрыклад, што галадаванне наносіць шкоду для здароўя і нараджае пагрозу забойства свайго цела. Зрэшты, той хто галадае, павінен задаць сабе пытанне, ці думае ён пра людзей, за якіх нясе адказнасць.
Аднак, з гісторыі біблейскай добра ведаем прыклад семярых братоў Макавейскіх, якія, што праўда не галадалі, але з рэлігійных перакананняў адмовіліся есці свініну і з-за гэтага загінулі. Калі б з’елі, то выжылі б. Але ж жыццё не ёсць каштоўнасьцю абсалютнай.
Ва ўсялякім выпадку, ў гісторыі з Ігарам Лосікам нельга не заўважыць тых шляхетных матываў, з-за якіх ён галадае ўжо 40 дзён. І адным з гэтых матываў ёсць яго жаданне сказаць усяму свету: у Беларусі не павінна быць месца на беззаконне і насілле над людзьмі!
Бачыце, Ігар Лосік, а пасля яшчэ і праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў- выкладчык духоўнай семінарыі з Мінска, двое студэнтак Белмедуніверсітэта Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Арзуманян, якія далучыліся да галадоўкі ў знак падтрымкі Ігара і з патрабаванням спыніць беззаконне над ім, адмаўляюцца есці хлеб, і самі адчуваюць голад, каб звярнуць увагу, што сёння беларусы маюць голад праўды, правасуддзя, законнасці- а гэта і ёсць голад духоўны. Заспакоіць яго не меньш важна, чым заспакоіць голад цялесны.
Думаючы пра перспектывы развіцця падзей у нашай краіне, мне на думку прыходзіць гісторыя Нінівы і прарока Ёны. Нініве пагражала знішчэнне, бо забылася пра духоўнае жыццё. Аднак Нініва выстаяла, бо яе жыхары пакаяліся. Яны пачулі слова Божае, што прапаведваў прарок. Тыя,каму наканавана было загінуць, прынялі слова ад Бога, што ў выніку вярнула ім супакой і жыццё.