Ксёндз Вячаслаў Барок. «Накажи их Боже, накажи». Гэта малітва, ці экстрэмізм?

Накажи их Боже, накажи… А ты, ксёндз, нам адкажы, як хрысціяніну рэагаваць на такую дзіўную малітву? Мова ідзе пра відэа на СТВ. У роліку гучыць спеў аўтарства Міхаіла Ножкіна “Помоги” з перакручаным націскам на пакаранне.

У хрысціянскай традыцыі, сярод розных формаў малітвы, існуе звычай маліцца псальмамі. Так вось, сярод агульнага збору 150 псальмаў ёсць таксама і псальмы-малітвы блізкія праклёнаў, бо, па сутнасці, выпрошваюць зло і пакарання для ворагаў Бога і праведнікаў.

Гэта Пс 57, 82, 108 і часткова 109. Сучасны Касцёл Каталіцкі, які вельмі моцна падтрымоўвае традыцыю малітвы псальмамі пасля ІІ Ватыканскага Сабору, гэтыя псальмы выключыў з публічнай малітвы, з малітвы Літургіі Гадзінаў. Тым не меньш, гэтыя псальмы ўваходзяць у канон (ў прызнаны склад) Святога Пісання. Значыць іх змест мае права быць агучаным вернікамі.  Сёння сярод католікаў існуюць розныя меркаванні адносна таго, наколькі гэта правільна, прапускаць з малітоўнага ўжытку вось  гэтыя, так бы мовіць, супярэчлівыя псальмы.

Аднак, гаворачы пра псальмы праклёнаў, ніяк нельга забывацца пра словы Хрыста. А Ён казаў наўпрост: “любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Бласлаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.” (Лк 6, 27-28). Няма ў гэтых словах месца на праклёны і на права жадаць зло іншым.

Зрэшты, дакладна так разумелі гэта і апосталы. Апостал Павел пісаў Рымлянам: “бласлаўляйце, а не кляніце» (Рым 12, 14). Чаму трэба бласлаўляць, а не зла жадаць? Апостал Пётр дае такі адказ: “Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння» (2 П 3,9). Акурат гэтыя словы нагадвае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла у п.1037 тлумачачы падыход Бога да пакаранняў і праклёну.

Ведаеце, ў відэа што транслюе СТВ, бянтэжыць не сам заклік да Бога і жаданне аўтараў, каб Бог зрабіў справядлівасць на зямлі ды адных пакараў, а іншых захаваў.  Праблема ёсць у тым, што аўтары відэа пасягнулі на тое, што належыць Богу і самі вынеслі вырак: каго Богу караць, а каго захаваць. Так вось, тых каго сёння змушаюць эміграваць з краіны або садзяць за краты, СТВ можна меркаваць асуджае, бо акурат непрыхільнікі рэжыму трапляюць у кадры, калі гучыць заклік “пакарай” і, адпаведна, калі гучыць “захавай”, у кадры трапляюць прадстаўнікі дзеючай улады.   Калі ж разумець тое, што галоўнай прычынай пераследу палітвязняў і эмігрантаў з’яўляецца ўсяго толькі іх свабодалюбства і адсутнасць страху ў выказванні сваіх думак, то пасыл відэа адразу набірае сумніўнасці ў вачах вернікаў.  Бо СТВ асуджае тое, да чаго Бог заклікае.

Наогул, калі я пабачыў гэта відэа, то ў мяне першае пытанне , што ўзнікла, было пра тое, ці сам змест “шэдэўра” не ёсць экстрэмісцкім і не трапляе на крымінальную адказнасць па артыкулу распальвання варожасці сярод нашых мірных грамадзян.

Аналізуючы недарэчны ролік, я хачу сказаць, што хіба наогул не прысвяціў бы яму ніякой увагі, каб не кантэкст іншых грамадска-палітычных падзеяў, што адбываюцца ў нашай краіне.

А менавіта, як бы не было, СТВ узгадвае Бога. Толькі вось пытанне, да якога Бога яны спрабавалі кіраваць свае заклікі. Бо пару год таму назад, як меў месца крыжалом у Курапатах, я не памятаю, каб хтосьці з дзяржаўных СМІ звяртаўся да Бога і заклікаў і Бога і людзей спыніць акт вандалізму і прафанацыі аднаго з галоўных сімвалаў хрысціянства, якім ёсць Святы Крыж.

Таксама я не заўважыў пазытыўных крокаў ад дзяржаўных СМІ тады, калі адбывалася не так даўно нездаровае нагнятанне атмасферы вакол рэлігійнага хрысціянскага гімна “Магутны Божа”, аж да таго ўзроўня, што ў цэрквах праваслаўных забаранілі выкананне гэтай малітвы, маўляў слабы тэкст не надта духоўны і не служыць адзінству народа. Так у мяне пытанне, а гэты спеў з просьбай аб пакаранні служыць адзінству?

Так як рэагаваць на такія і падобныя відэа СТВ і іншых? Я адкажу — ніяк. На маю думку, гэта правакацыя і спроба распаліць у краіне канфлікт і варожасць. Хрысціянін павінен захоўваць у такой сітуацыі спакой. Мець халодны розум у дзеяннях і гарачае сэрца ў малітве. Бога ж трэба прасіць, каб  усім тым хто сёння робіць беззаконне і пазастаецца саўдзельнікам насілля над мірнымі грамадзянамі, даў дар пакаяння.

Нам усім трэба пакаянне, бо адны, бачыце, рэжуць балгаркай дзверы пратэстанцкага храму Царквы Новае Жыццё, а іншыя робяць выгляд, што нічога не адбываецца— бо гэта ж пакуль ламаюць дзверы не майго храма…

Вось за гэта Бог усіх нас пакарае. Таму і ёсць у Бібліі псальмы праклёны. Яны прароцтвы, якія здзейсняцца  ў жыцці тых, хто не хоча каяцца. А не тых, хто асмеліўся выказваць свае думкі.