Казаньне біскупа Юрыя Касабуцкага на імшы ў дзень імянінаў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
Паважаны біскуп Аляксандр, дарагія браты ў сьвятарстве, дарагі ўладыка Тадэвуш (я спадзяюся, Вы змаглі злучыцца з намі ў трансьляцыі), дарагія браты і сёстры, паважаныя людзі, якія ў гэтую хвіліну ўключылі праз сродкі масавай камунікацыі гэтую трансьляцыю Сьвятой Імшы,
Мы з вамі сёньня ў літургіі ўзгадваем Сымона і Юду Тадэвуша, гэтых апосталаў, і пачулі ўрывак з Евангельля, які распавядае нам гэты момант пакліканьня апосталаў, устанаўленьня апосталаў. Увогуле, апостал — гэта той, хто быў пасланы Хрыстом для выкананьня пэўнай місіі, гэтай місіяй была пропаведзь Евангельля. Калі мы ўважліва слухалі сёньняшняе Евангельле, то зьвярнулі ўвагу на тое, што перш чым выбраць апосталаў, перш чым зьдзейсьніць гэтае ўстанаўленьне тых першых біскупаў сусьвету, Езус Хрыстус правёў ноч у малітве да Бога. І ўвогуле мы ў Сьвятым Пісаньні сустракаемся з тым, што малітва мае неверагодную моц і каштоўнасьць. Перад вялікімі падзеямі Езус Хрыстус праводзіў цэлыя ночы на малітве і ў чуваньні, у гэтай размове з Богам. І тут Ён таксама праводзіць ноч у малітве да Бога. Ён Сын Божы, але Ён трывае на малітве, бо гэтая малітва была важнай. Ён моліцца за гэтых апосталаў, за тых людзей, якіх Ён паклікаў. Ён сам моліцца за гэтую будучую супольнасьць, за гэты Касьцёл. Бо ў той момант, які мы сёньня пачулі, калі Езус паклікаў гэтых дванаццаць, мы пачулі іх імёны, было пасеянае гэтае зёрнышка гарчыцы, якое пазьней вырастае ў вялікае дрэва Касьцёла, якое мы бачым сёньня, гэта хрысьціянства, расьсеянае па ўсім сьвеце.
І таксама мы сёньня асаблівым чынам молімся за нашага мітрапаліта, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Мы молімся ў дзень яго імянінаў, просячы ў Бога ласку здароўя, благаслаўленьня. Але асабліва молімся аб тыя патрэбныя для яго ласкі ў гэтыя хвіліны выпрабаваньня, якое сёньня ён перажывае, будучы на выгнаньні, ня маючы магчымасьці вярнуцца на сваю радзіму, да свайго народа, ня маючы магчымасьці быць разам з намі фізічна. Так, гэта выпрабаваньне, і для яго патрэбныя гэтыя Божыя дары і ласкі, патрэбная моц.
Калі наш архіпастыр пачуў унутры свайго сэрца гэты Божы голас «Ідзі за Мною», напэўна, ён не усьведамляў, што яго чакае на жыцьцёвым шляху. Калі ён працаваў у Вільні, ён пачаў гэты голас: «Ідзі за Мною, стань сьвятаром». Калі ён прыйшоў у Каўнаскую духоўную семінарыю, напэўна, яго прагненьнем было стаць сьвятаром. Але калі ў 1989 годзе яму было абвешчана «Ты будзеш першым біскупам на Беларусі», напэўна, у яго сэрцы былі розныя перажываньні, можа, ён трошку баяўся прыняць на сябе гэты крыж, гэтую місію. Я памятаю, як наш архіпастыр распавядаў пра сваю кансакрацыю, якая адбылася ў Рыме. Ён прыняў біскупскую сакру з рук сьвятога Яна Паўла ІІ. І будучы на той аўдыенцыі, на тым спатканьні, ён пачуў словы Папы, які кажа яму: «Тадэвуш, ня бойся! Бог з табою». І ўвогуле, калі я ўзгадаў гэтую гісторыю, якую распавядаў наш шанаваны мітрапаліт пра сустрэчу са сьвятым Янам Паўлам ІІ, мне ўзгадалася постаць гэтага сьвятога чалавека нашых часоў, якога многія з нас бачылі, многія мелі магчымасьць наведваць тыя краіны, у якіх былі сустрэчы з папам рымскім. І ў гэтым годзе мы адзначаем сотыя ўгодкі яго нараджэньня. Мне ўзгадалася яго вучэньне, якое вельмі часта было пранікнутае словамі: «Ня бойцеся». Менавіта такая заахвота да адвагі, сьмеласьці. Вельмі часта гучалі яго словы, асабліва да моладзі: «Ня бойцеся прыняць Хрыста, ня бойцеся адчыніць дзьверы свайго сэрца Хрысту, ня бойцеся ўпусьціць у сваё жыцьцё Хрыста». Розныя фармулаваньні, але заўжды вось гэтае «Ня бойцеся!». Адвага, сьмеласьць, да яе заклікаў сьвяты Ян Павал ІІ, ён маліўся за ўвесь свой Касьцёл аб гэтай ласцы адвагі.
Мы бачым таксама гэтую сьмеласьць і адвагу ў нашым мітрапаліце арцыбіскупу Тадэвушы. Ён атрымаў біскупскае пасьвячэньне і прыехаў сюды, на Беларусь, у 1989 годзе. Гэта быў час перад самым распадам Савецкага саюза, але гэта яшчэ ня быў лёгкі і просты час. І ён пачынае сваю дзейнасьць, ён пачынае несьці Божае слова людзям, пачынае зьдзяйсьняць сьвятыя сакраманты, наведваць парафіі. Напрыклад я, калі быў ужо не маленькі, у першы раз у жыцьці ўбачыў біскупа, і гэта быў наш архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Да гэтага я біскупаў бачыў толькі на абразах, на іконах сьвятога Станіслава або яшчэ кагосьці, я ведаў, што біскуп гэта той, хто мае такі галаўны ўбор, але я не ўяўляў сабе, што гэта такое. Ён пачынаў езьдзіць па розных парафіях, прапаведваць слова, і колькі людзей зьбіралася на гэтыя сьвятыя імшы, колькі храмаў было вернута людзям — зачыненых, зруйнаваных, збураных, зьнішчаных унутры, зьбясчэшчаных! Але гэтыя храмы вярталіся дзякуючы перамовам, якія ён вёў на розных узроўнях у гарадах нашай краіны. Пазьней, у 1991 годзе Бог захацеў, каб ён паехаў і адраджаў Касьцёл у Расіі. Сьвяты Ян Павал ІІ менаваў яго арцыбіскупам Масквы, на той час апостальскім адміністратарам для лацінскай часткі Расіі. І ў той час, калі наш архіпастыр павінен быў выехаць у Маскву, на тэрыторыі, якая была давераная яго душпастырскай апецы, было толькі два чынных касьцёлы. Касьцёл сьвятога Людовіка ў Маскве на Лубянцы, і касьцёл Маці Божай Лурдскай на Ковенскім завулку ў Санкт-Пецярбурзе, тагачасным Ленінградзе. Больш не было ні адной сьвятыні, не было сьвятароў. І зноў жа гэтыя словы сьвятога Яна Паўла ІІ: «Ня бойся, Тадэвуш!». Цяжка, складана, што рабіць, як? І пачынаецца справа з малітвы. Мы сёньня молімся за нашага архіпастыра, але мы павінны ведаць, што ён чалавек вельмі глыбокай, моцнай малітвы. І менавіта дзякуючы ня толькі яго намаганьням, стараньням, але і яго малітве адраджаюцца структуры Касьцёла ў Расіі, адраджаюцца храмы, парафіі. І сёньня Каталіцкі Касьцёл ужо там прысутнічае, вернікі-католікі маюць магчымасьць удзельнічаць у сьвятой імшы, ёсьць ужо шмат сьвятароў, адраджаецца манаскае жыцьцё. І зноў у 2007 годзе Бог вярнуў яго на Беларусь. Ён прыехаў сюды, стаўшы мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Мы ведаем яго гэтую руплівасьць у служэньні Богу і Касьцёлу на нашай зямлі. Які вялікі аўтарытэт ён здабывае ў нашым грамадстве, ня толькі сярод каталікоў.
І сапраўды, мы сёньня з вялікім гонарам молімся за нашага архіпастыра. Так, у гэтым годзе, 31 жніўня ён ня змог вярнуцца на бацькаўшчыну, у Беларусь. Так, гэтая палітычная акцыя была накіраваная ня столькі, можа, супраць нашага мітрапаліта, колькі гэта быў акт супраць усіх каталікоў і ўсяго Каталіцкага Касьцёла ў нашай краіне, каб нас нейкім чынам напалохаць. Каб нейкім чынам, можа, прамываць нам мазгі, для таго, каб мы маглі рабіць і казаць тое, што нам скажуць якія-небудзь «партыйныя» ідэолагі. Я кажу слова «партыйныя», таму што ідэалогія па сёньняшні дзень базуецца на марксісцка-ленінскіх ідэалах. Гэта злачынная ідэалогія, якая не была асуджана ў нашай краіне, і тыя ўсе справы, якія за ёй стаялі. Грамадзянін Беларусі ня змог уехаць на сваю бацькаўшчыну, ў сваю краіну, таму што і ён таксама сваім словам, сваім спачуваньнем, сваёю блізкасьцю да беларускага народа, сваёй пропаведзьдзю сацыяльнага вучэньня Каталіцкага Касьцёла стаў невыгодным. Нажаль, у нашай краіне гэта ёсьць, і мы молімся за нашу бацькаўшчыну, нашу краіну, наш народ. Молімся аб гэтым супакоі, аб згодзе, аб еднасьці, бо гэтая малітва мае неверагодную сілу. Гэтая малітва прынясе свой плён, яна прынясе тое, што нам трэба. Разам з нашым мітрапалітам, які стаў сімвалам церпячага чалавека, сімвалам перасьледуемага чалавека. А як кажа нам Папа Францішак, у цэнтры Касьцёла сёньня мы павінны паставіць такога церпячага чалавека і зьвярнуць на яго ўвагу, бо сапраўды гэта вельмі важна.
І разам з мітрапалітам мы сёньня ўзгадваем усіх тых людзей, якія сёньня нявінна церпяць, у нашай краіне асабліва. За тых, якія знаходзяцца ў вязьніцы. А мы ведаем, што за апошні час… Дзе гэта хто мог падумаць, што ў ХХІ стагодзьдзі, у цэнтры Еўропы на працягу некалькіх месяцаў будзе арыштавана каля 15000 чалавек! Я раблю паўзу, каб мы маглі сабе трошачку усьведаміць гэтую лічбу. Пятнаццаць тысяч арыштаваных. Частка з іх катаваныя. У якіх умовах знаходзяцца гэтыя людзі? На днях мы маглі прачытаць зьвестку пра тое, што сказаў Зьміцер Дашкевіч, пра тыя ўмовы, ў якія кінулі яго ў гэты карцар пасьля таго, як арыштавалі тут, на Нямізе, у Макдональдзе, калі яны разам з дзеткамі сваімі праводзілі час. Яны разам з Арцёмам Ткачуком, каталіком, які таксама актыўна ўдзельнічае ў жыцьці Касьцёла. Яны былі разам з сем’ямі, з дзеткамі. Пасьля нядзельнага шэсьця іх брутальна арыштавалі і кінулі ў вязьніцу. У гэтай вязьніцы ім не дазволілі адшпіліць ложак, яны павінны былі спаць на бетоне, не было вады, нічога. Гэта ўмовы антысанітарныя, гэта ўмовы жахлівыя і гэта, можна сказаць, форма катаваньня. Бо такім чынам аказваецца псіхалагічны ціск на чалавека. Тыя допыты пазьнейшыя! Таксама нам сьведчаць людзі пра тое, што аказваецца моцны псіхалагічны ціск, спрабуюць выкарыстаць гэтых усіх людзей, запалохаць іх, запужаць. Таму мы асабліва молімся аб гэтай ласцы, каб вось гэтыя словы сьвятога Яна Паўла ІІ «Ня бойцеся!» гучалі ў сэрцы кожнага чалавека, бо той, хто прымае Хрыста, хто жыве з Хрыстом, ён не адзін. Ён разам з ім, нават тады, калі чалавека кінулі ў вязьніцу, ён у вязьніцы знаходзіцца не адзін у тым карцары, але разам з Хрыстом, разам з Богам. Мы молімся пра гэтую ласку, каб Бог падтрымліваў кожнага чалавека.
Бо сапраўды ў нас ёсьць небясьпека, ёсьць вялікая спакуса, што тая крыўда, якая селіцца ў сэрцы чалавека, той боль можа перарасьці ў пачуцьцё нянавісьці, у нейкае пачуцьцё жаху, у жаданьне помсты, а гэта ўжо грэх. І таму мы молімся, каб мы ніколі не ўпадобніліся да гэтых людзей, якія хочуць адказваць ударам на ўдар, злом на зло, каб мы ўмелі зло перамагаць дабром. Так як гэта робіць наш народ на працягу апошніх часоў. Мы ўсяму сьвету паказваем, і я не перастану гэта паўтараць, якія ўсё-ж такі беларусы цудоўныя людзі. Веручыя, няверуючыя, людзі розных канфесій, розных нацыянальнасьцей, але яны аб’ядналіся ў адно цэлае, у гэтае мірнае жыцьцё, мірнае суіснаваньне! У іншых краінах ужо б даўно крушылі, грамілі, разьбівалі б вітрыны, пераварочвалі машыны. Мы гэта бачым ва ўсялякіх розных навінах, якія мы аглядаем. У нас нічога гэтага няма. Нашы людзі — мірныя людзі, якія зло перамагаюць дабром. Можа, кагосьці гэта яшчэ больш раздражняе, але вось гэтая салідарнасьць людская, якую вялікую, грамадную сілу яна мае! Ня так даўно мы ўбачылі таксама ў сродках масавай інфармацыі, на некаторых сайтах, у сацыяльных сетках мы ўбачылі брутальнае, жахлівае відэа, якое ня ўсім можна глядзець, як уварваліся ў кватэру на Нававіленскай людзі ў масках, назавем іх такім чынам. І як яны сябе паводзілі брутальна! Як яны прыніжалі годнасьць чалавека, як яны лупасілі безабаронных гэтых людзей! Мы ўсе з жахам глядзелі на гэта. Але мы гэтае відэа можам ня толькі з жахам глядзець, але і з гонарам за наш народ! За нашых людзей, якія адчынілі дзьверы сваіх кватэр тым абсалютна незнаёмым людзям, якія апынуліся ў небясьпецы! Пазьней яны распавядалі: «Ну, пазьней, як яны выйшлі, мы ўжо, калі трошкачку сышло з нас, мы папілі гарбаты, мы пазнаёміліся, нам ужо стала трошку лягчэй». Але гэтая салідарнасьць нашых людзей — гэта скарб, які нам нельга ніколі згубіць і страціць. Салідарнасьць, еднасьць, любоў адно да аднога, падтрымка — гэта тое, што робіць нас адным народам, адной нацыяй. І мы не павінныя зьвяртаць увагу на тое, што мы маем можа розныя погляды, розныя нацыянальнасьці, розныя погляды і адносіны да Бога. Так, тым, хто перажыве сваё жыцьцё з Хрыстом, нам можа трошку лягчэй, бо ў нас яшчэ ёсьць Пан, Якому мы даем шанец нам дапамагаць. Але ўсё роўна мы павінныя быць адзіным народам, адзінай нацыяй, таму гэтая наша малітва за ўсіх адыгрывае вялікую ролю.
Таксама важнае значэньне мае малітва і за ўсіх тых людзей, за якіх нам складана і цяжка маліцца. Мне вельмі часта кажуць і пішуць: «Я не магу маліцца за тых людзей, якія б’юць іншых, за тых, якія з дубінкамі і ў масках бегаюць і хапаюць людзей. Не магу я за іх маліцца, цяжка і складана». Але, можа, гэта тыя людзі, якія найбольш патрабуюць нашай малітвы і Божай міласэрнасьці. Яны патрабуюць гэтай малітвы. Розныя могуць быць матывы, чаму яны так робяць, мы можам мець шмат дыскусій, меркаваньняў, ні адно з іх нам напэўна не адлюструе ўсёй паўнаты праўды. Хтосьці можа сапраўды робіць гэта за ідэю, хтосьці можа павёўся на тое, што яны за гэта атрымоўваюць нейкія дадатковыя грошы, хоча набраць як мага больш грашэй і пазьней уцячы. Хаця гэта крывавыя грошы, гэта праклятыя грошы, яны ня зробяць нікога шчасьлівым. І можа гэтыя людзі усьведамляюць сабе, што можна на людской крыві, на людскіх сьлязах можна наздабываць вельмі шмат грошай, можна зрабіць сабе вялікі маёнтак, набыць дзесьці ў суседняй краіне сабе дом, схавацца там. Схавацца можна ад людзей, але ад свайго сумленьня, ад Бога схавацца нельга будзе, гэтыя грошы ня зробяць шчасьлівымі. Таму нашая малітва за гэтых людзей патрэбная, каб яны змаглі зразумець, апамятавацца, раскаяцца ў садзеяных учынках і больш не рабіць гэтага. Сёньня мы таксама шмат чуем тых анонсаў ужываньня зброі супраць нашых людзей, супраць грамадзянаў. Па-рознаму гэта гаворыцца, па-рознаму трактуецца, але калі ёсьць анонс, гэта азначае, што ўжо ў планах ёсьць нейкая збродня наступная. Гэта злачынства і мы павінны маліцца, каб гэтае злачынства не магло зьдзейсьніцца. Бо страляць ва ўласны народ — гэта грэх! Гэта цяжкі грэх, гэта сьмяротны грэх. Таму мы асабліва павінныя маліцца пра мірнае вырашэньне канфлікту ў нашай краіне. Мы павінныя маліцца за тых нашых міліцыянтаў, амапаўцаў і іншых, каб усё-ж такі розум перамог, і каб яны не паддаваліся на гэтыя правакацыі. Таму што выстраліць у чалавека можа і лёгка, але пазьней спыніцца, напэўна, будзе цяжка. Таму молімся за гэтых людзей, молімся пра патрэбныя ласкі, молімся за ўвесь наш народ.
І сёньня праз заступніцтва сьвятых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, а апостал Тадэвуш зьяўляецца пакравіцелем у справах вельмі складаных, мы нават часам кажам безнадзейных, мы асабліва праз яго заступніцтва сёньня молімся за нашу краіну, за ўсіх нашых людзей. Молімся аб супакоі, аб згодзе, аб еднасьці, салідарнасьці, падтрымцы. І молімся аб сапраўднай любові. Любові да кожнага чалавека, любові, якая не жадае нікому зла, любові, якая жадае толькі дабра і збаўленьня, і вечнага шчасьця ў Нябесным Валадарстве. А нашага архіпастыра арцыбіскупа Тадэвуша няхай добры і міласэрны Бог шчодра благаслаўляе. Шчодра яму дае сілы, ласку, моц. І так, як казаў сьвяты Ян Павал ІІ «Ня бойся, Тадэвуш!», каб ён разумеў, што гэтае выпрабаваньне скончыцца, ён вернецца да нас, і мы яшчэ доўгі час будзем разам праслаўляць міласэрнага Бога. Бо менавіта ў гэтым наша вера, наша надзея і наш давер Богу.
І на завяршэньне я хацеў бы распавесьці маленькую гісторыю-параўнаньне, якую я нядаўна прачытаў на адной са старонак, якую вядзе наш семінарыст. Ён знайшоў такія прыгожыя словы, толькі нажаль я не памятаю аўтарства. Там ішла гаворка пра цягнік. Ён прапануе параўнаць сябе з пасажырам цягніка. Ты едзеш, і раптам цягнік уязджае ў тунэль. Цёмна, можа і страшна, ты нічога ня бачыш. Але ты не выскокваеш з гэтага цягніка, ты не панікуеш, бо ты давяраеш таму машыністу, які гэты цягнік вядзе, і ты ведаеш, што ён выйдзе з гэтага тунэлю і прыедзе ў пункт свайго прызначэньня. Таксама і ў нашым жыцьці. Мы давяраем Богу. Нават тады, калі ў нашым жыцьці нам бывае складана, цяжка, калі мы перажываем вялікія выпрабаваньні — даверымся Богу, і памятайма, што з гэтага танэлю будзе выезд. Гэтае выпрабаваньне ня будзе трываць заўсёды. Даверся Богу, даверся Хрысту і будзь адважным.
Амэн