Каталіцкі біскуп стаў удзельнікам марафону «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба»
Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска далучыўся да марафону «10 тысяч крокаў», арганізатарам якога з’яўляецца «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» — дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне, якое знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Еўрапейскага саюза.
Сутнасць акцыі — прайсці 1 мільён крокаў за 100 дзён марафону. Сярод удзельнікаў разыграюць прызы. На пачатку марафону біскуп Зноска апублікаваў свой нумар удзельніка ў Instagram і пазначыў акаўнты марафону і «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба».
«Па дарозе, думаю, Ружанец адгаворым, таму гэта будзе ўжо не толькі спартыўная трэніроўка, але і свайго роду пілігрымка»,
— падзяліўся са сваімі падпісчыкамі біскуп пасля фэсту ў вясковай парафіі на Гродзеншчыне. На відэа ён ішоў пешкі па трасе разам з іншым святаром і семінарыстам.







