Каталіцкі святар Вячаслаў Барок выйшаў на волю з віцебскага СІЗА

У Віцебску пасля 10 сутак арышту, прысуджаных за размяшчэнне ў сацсетках выявы плакату Уладзіміра Цэслера «Стоп Лукашызм», выйшаў на волю ксёндз Вячаслаў Барок – пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах. Яго вызвалілі ўвечары 13 снежня. На волі айца Вячаслава сустракалі некалькі дзясяткаў людзей, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

«Вельмі цешыць салідарнасць! Я атрымаў амаль 4 дзясяткі лістоў з усяе Беларусі. Пісалі мне і католікі, і баптысты, і праваслаўныя, і вось гэтая салідарнасць хрысціянаў, а таксама і атэістаў у змаганні за праўду, яна захапляе!» – сказаў ксёндз Вячаслаў Барок па вызваленні.

Сустракаць ксяндза Вячаслава людзі прыйшлі да следчага ізалятара, дзе яго ўтрымлівалі пад арыштам. Аднак міліцыя, верагодна, баючыся грамадскіх пратэстаў пад сценамі СІЗА, за гадзіну да вызвалення вывезла яго на чыгуначны вакзал. Там і адбылася сустрэча.

Заўтра, 14 снежня, у Вячаслава Барка адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе – ён спрабуе аспрэчыць вырак расонскай суддзі Рады Дамініч, якая абвінаваціла яго ў прапагандзе нацысцкай сімволікі.

У той жа дзень, калі ксёндз Вячаслаў Барок выйшаў на волю, ён размясціў на сваім ютуб-канале ролік «Мой адвэнт за кратамі! Час цемры скончыцца», у якім абяцае, што «не змоўкне» – «дзеля Ерусаліму і Сіёну» (Ісая, 62:1). 

«Пакуль я на свабодзе – буду прапаведаваць Слова Божае, а там як Бог дасць», – кажа ксёндз Вячаслаў Барок.

Віцябская Вясна