Каму хочаце служыць?


ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Гісторыю кожнай краіны і лёсы народаў Госпад трымае ў сваіх руках. Так было заўсёды, так ёсць і цяпер. У свой час, дзеля выратавання народу Ізраільскага ад саракагадовага вандравання па пустыні, Бог паслаў Ісуса Навіна. Ён быў прадстаўнікам ужо новага пакалення народу, які Бог вызваляў з егіпецкага рабства.
А ў Беларусі Бог дазволіў цягам апошняга чвэрць стагоддзя сфарміравацца новаму пакаленню, якое праявіла сябе год таму, калі адмовілася згаджацца з “элегантнай” фальсіфікацыяй вынікаў выбараў.
І так, як Ісус Навін у Сіхем на сходзе ўсіх плямёнаў Ізраіля пытаўся прадстаўнікоў старэйшага пакалення “зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць” (Нав 24, 15), так сёння новае пакаленне, падобна як Ісус Навін у Сіхем, сваім пратэстам задае пытанне старэйшынам беларускім: пракурорам і суддзям, міністрам і сілавікам ды ўсякаму роду начальнікам і дырэктарам: каму хочаце служыць вы?
Пасля таго, як усе Ізраэльцы ў Сіхем адказалі, што будуць служыць Госпаду, то і Бог паблаславіў іх жыццё ў зямлі абяцанай. Так і Беларусь, калі ўрэшце скажа, што будзе служыць Богу і Закону, стане краінай, у якой будзе плысці “малако і мёд”. Беларусь будзе святой і блаславёнай. Калі ж не-то будзе зруйнаваная як Кафарнаум, будзе праклятай.
Чаму святой? Таму што Беларусь ужо зведала шмат цудаў і знакаў Божых. Мінулагодняе абуджэнне грамадства таму неаспрэчны аргумент і доказ, што Бог наведаў народ свой. Разам з тым, як Кафарнаум, які бачыў мноства цудаў Хрыста, пра якія ўзгадвае Евангелле: вызваленне апанаванага ад нячыстага духа (Мк 1, 21-34; Лк 4, 31-41), аздараўленне цешчы Пятра Мц 8, 14-17), аздараўленне хворага (Мц 9, 1- 3), масавае аздараўленне хворых (Мк 1, 34-35), але які так і не паверыў – быў пракляты і зруйнаваны. Кафернаум – сімвал людзкога жыцця, пасля здзяйснення прароцтва аб яго знішчэнні ў І ст., ніколі не быў адбудаваны. Лёс гэтага горада нагадвае нам лёс чалавека. Жыццё чалавека абавязкова заканчваецца зруйнаваннем, калі ў ім будзе адрынуты Бог.
У Беларусі таксама, апроч абудзіўшыхся, ёсць шмат і тых, хто так і не паверыў у тое, што сваё жыццё можна будаваць на праўдзе і справядлівасці, без хлусні і насілля. Такім Хрыстос мог бы сказаць словы, якія сказаў жыхарам Кафарнаума: “Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць” (Ян 6, 64).
На мінулым тыдні мы сталі сведкамі рэзананснай падзеі са слаўнай #Шчучыншчыны. Калі на дзіцячы летнік “канікулы з Богам”, што ладзіў Касцёл, былі запрошаныя сілавікі з аўтаматамі. Маўляў, для развіцця духоўнасці. Як пракаментавала гэта недарэчнае здарэнне “#Хрысціянская_візія” словамі песні- мэма: “ну проста рай, ні даць ні ўзяць”.
Думаю, такая сітуацыя стала магчымай можа і не з-за кепскай волі святароў, і не таму, што католікі не бачаць той трагедыі грамадства, у якой сёння яно апынулася, але таму, што Касцёл, на ўзроўні вышэйшых іерархаў у Беларусі, праз неўласцівае дыстанцыянаванне з “авечкамі” даручанага ім статка і кампрамісныя дыялогі з “ваўкамі”, сапсавалі свой нюх. І сёння для іх запах авечак і ваўкоў пераблытаўся…
І вось у такой сітуацыі, калі пастыры забываюць запах сваіх авечак, а авечкі здзіўляюцца, што пастыры пахнуць ваўкамі, яшчэ раз важна ўсім нам нагадаць пытанне Ісуса Навіна “каму хочаце служыць?” Ды даць адказ, памятаючы пра лёс Кафарнаум.