Каля Мінска знікла шыльда «Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты 1930 — 1940 г.г.»

Інфармацыя пра гэта з’явілася ў блогу прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая сярод іншага пазіцыянуе сябе ў якасці абаронцы «традыцыйных каштоўнасцяў» і праваслаўя.
Нагадаем, што да 2020 года ў Курапатах рэгулярна адбываліся паніхіды. З блаславення мітрапаліта Паўла (Панамарова) вернікі на чале са святаром БПЦ збіраліся тут мінімум двойчы ў год — на Радаўніцу і Дзмітрыеўскую суботу, каб памаліцца за рэпрэсаваных.
У 2019 годзе ўрочышча нават трапіла ў праграму акцыі БРСМ «Вяртанне святынь. Крыніцы Беларусі», падчас якой протаіерэй Фёдар Поўны (aka «духаўнік Лукашэнкі») сказаў:
«Хто б ні быў забіты і пахаваны ў гэтым месцы, колькі б ні было знішчана тут людзей — гэта трагічная падзея! Шнар на твары чалавецтва. Шнар ператварае твар тварэння Божага ў звярыны аскал, у дэманічны вобраз. У вобраз не канкрэтна Сталіна ці Яжова, а страшны чалавечы. І каты, і ахвяры, і я, і вы, і ўсе мы, прадстаўнікі гэтага чалавецтва, увасабляем Божую задуму пра чалавека. А забойства — заўсёды крок супраць Бога».
Разам з тым падчас курапацкага крыжалому таго ж 2019 года Поўны фактычна ўхваліў знос, зазначыўшы: «Алеі з крыжоў — хутчэй перабор “у святасці”».
Пасля 2020 года тэма Курапат у медыя БПЦ адсутнічае ўвогуле.