Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Беларусь і Шатландыя: пабудова мастоў праз досвед дэпутата Шатландскага парламента Джона Мэйсана, сімвалічнага хроснага нядаўна вызваленага палітвязня Мікалая Хіла.

Беларусь і Шатландыя: пабудова мастоў праз досвед дэпутата Шатландскага парламента Джона Мэйсана, сімвалічнага хроснага нядаўна вызваленага палітвязня Мікалая Хіла.

To read in English

Джон Мэйсан — дэпутат Шатландскага парламента ад Глазга, вядомы сваёй прынцыповай пазіцыяй і гатоўнасцю адкрыта выказвацца па спрэчных пытаннях. Раней быў членам Шатландскай нацыянальнай партыі. Цяпер працягвае сваю дзейнасць як незалежны палітык, застаючыся верным сваім перакананням і выбаршчыкам. У гэтым інтэрв’ю Мэйсан разважае пра выклікі сучаснай палітыкі, свае асноўныя каштоўнасці і пра тое, чаму для яго незалежнасць і сумленнасць маюць большую вагу, чым партыйная лаяльнасць.

Мікалай Хіла. Былы палітвязень. Быў затрыманы 24 красавіка 2024 года каля прадстаўніцтва ЕС у цэнтры Мінска. 30 снежня 2024 года быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі паводле артыкулаў 361 (заклікі да абмежавальных мер (санкцый), іншыя дзеянні, накіраваныя на шкоду нацыянальнай бяспецы) і 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або разладу) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Фота: сацыяльныя сеткі.

Спадар Джон Мэйсан з’яўляецца хросным бацькам Мікалая Хілы — хрысціяніна, палітычнага зняволенага і супрацоўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, які нядаўна быў вызвалены Лукашэнкам і прымусова вывезены ў Літву. Мы паразмаўлялі з Джонам незадоўга да гэтай падзеі.

Наталля Гарковіч (НГ): Чаму для вас важна быць хросным бацькам аднаго з палітвязняў у Беларусі?

Джон Мэйсан MSP (ДМ): Я перакананы, што вучэнне Бібліі — гэта вучэнне Бога. Таму Царква — адзінае цела ва ўсім свеце. Нават калі мы ніколі не сустракаліся, мы як сям’я — браты і сёстры. Вядома, мы не можам ведаць усіх усюды, але калі ёсць магчымасць звязацца з кімсьці, гэта добрая ідэя. Я жыў у Непале, дзе Царква не была адкрыта пераследавана, але ўсё ж адчувала моцны ціск. Гэты досвед развіў у мяне цікавасць і адчувальнасць да такіх сітуацый.
Я далучыўся да групы ў Парламенце Шатландыі, якая спецыяльна займалася свабодай веравызнання. Там я сутыкнуўся з многімі індывідуальнымі выпадкамі — так я і ўвайшоў у кантакт з вамі. Ёсць межы таго, што можа зрабіць адзін чалавек, але я малюся і час ад часу пішу каму-небудзь, як, напрыклад, Мікалаю.

НГ: Як ваша вера матывуе вас у палітыцы?

ДМ: Ёсць шмат прычын, чаму я ў палітыцы. Я быў у Шатландскай нацыянальнай партыі, бо хачу незалежнасці Шатландыі, гэтак жа як і беларусы хочуць сваёй незалежнасці. У Парламенце Шатландыі ёсць невялікая група людзей, якія з’яўляюцца паслядоўнымі хрысціянамі.

Мы моцна верым, што Царква — гэта адзінае цела ва ўсім свеце. І як з нашым фізічным целам — калі адна частка церпіць, церпіць усё цела.

Царква ў Беларусі і Царква ў Шатландыі — гэта адна Царква. Хоць мы і не знаёмыя асабіста, яны ўсё роўна з’яўляюцца часткай мяне. Мы закранутыя, калі іншыя пакутуюць, пераследуюцца, жывуць у галечы ці галадаюць. Вядома, Царква не заўсёды робіць усё правільна, і мы не заўсёды дастаткова клапоцімся; замест гэтага можам вельмі засяроджвацца толькі на сваіх праблемах.

У Глазга і ў астатняй Шатландыі шмат патрэбаў, але я думаю, мы павінны хаця б ведаць і больш маліцца за людзей у Беларусі і ў іншых месцах. Мы можам выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, каб прыцягваць увагу, асабліва з добрай дапамогай Forum 181, які займаецца постсавецкім светам. Мы пішам лісты. Так у мяне атрымалася мець такія індывідуальныя сувязі ў якасці хроснага бацькі вязняў.

НГ: Што для вас самае важнае ці самае балючае, калі вы назіраеце сітуацыю ў Беларусі здалёк?

ДМ: Я адчуваю суперажыванне да царкоўных лідараў і хрысціян там. Я бачу, як цяжка ім зразумець, што правільна рабіць. На іх ціснуць, і зняволенне не заўсёды можа быць лепшым шляхам. У Кітаі шмат гадоў некаторыя хрысціяне працавалі бліжэй з урадам у цэрквах, прызнаных дзяржавай, як каталіцкіх, так і іншых, у той час як іншыя захоўвалі падпольныя ці неафіцыйныя незарэгістраваныя супольнасці і адмаўляліся супрацоўнічаць з уладамі. Часам паміж хрысціянамі там узнікае напружанне.
Я разумею іх. Калі я жыў у Непале, нам не дазвалялі рабіць пэўныя рэчы — пытанне было, наколькі далёка можна ісці. Я ўпэўнены, што гэта цяжка для многіх. Некаторыя будуць проста слепа ісці за ўрадам. Некаторыя стануць вельмі варожымі і будуць дзейнічаць асобна. Але я ўпэўнены, што шмат вернікаў, у тым ліку царкоўных лідараў, знаходзяцца пасярэдзіне, змагаючыся, каб адрозніць, што правільна. І нават унутры цэркваў і сем’яў могуць быць рознагалоссі.
Я суперажываю ім, таму і малюся за іх — за мудрасць. Біблія вучыць нас маліцца аб мудрасці, і я гэта раблю. Не кожны вернік у Беларусі павінен дзейнічаць аднолькава. Нам не трэба, каб усе вернікі былі ў турмах. Нам патрэбныя і тыя, хто звонку, магчыма, крыху больш асцярожныя. Гэта вельмі цяжкая сітуацыя.

НГ: Мы ведаем пра пераслед вернікаў у Савецкім Саюзе, а цяпер бачым новую форму пераследу. Калі вы ўпершыню ўсвядомілі гэтую новую хвалю?

ДМ: Я вырас падчас Халоднай вайны, калі існаваў відавочны пераслед хрысціянскіх вернікаў ва ўсім камуністычным свеце. І хаця Савецкі Саюз, здавалася, змяніўся/распаўся, у такіх краінах, як Кітай, пераслед працягваўся. Мы бачым, паводле арганізацыі Open Doors2, што Паўночная Карэя — найгоршае месца, і так доўжыцца вельмі доўгі час.
Пераслед хрысціянскіх вернікаў вагаецца па ўсім свеце; ён узнікае і знікае ў розных краінах. Калі я быў дзіцём, гаворка ішла галоўным чынам пра камуністычныя краіны і іх пераслед. Апошнім часам акцэнт перамясціўся на некаторыя ісламскія краіны — Афганістан, Саудаўскую Аравію, нават Пакістан, дзе хрысціяне найбольш пакутуюць.
Дзякуючы вашай арганізацыі і іншым, як Forum 18, стала відавочна, што ў краінах былога Савецкага Саюза, безумоўна і ў Беларусі, але таксама ў Казахстане і Кыргызстане, патрабаванне рэгістрацыі цэркваў вельмі ўскладняе жыццё. На жаль, пераслед хрысціян працягваецца ў многіх месцах.

Парламент Шатландыі. Фота: Wikipedia

НГ: Якія дасягненні сваёй палітычнай дзейнасці вы лічыце найбольш значнымі?

ДМ: Адна з рэчаў, якую я лічу сваім прызначэннем, — кідаць выклік сістэме. Я раблю гэта лакальна, для ўсёй Шатландыі, і зрабіў бы гэта ў любым месцы свету, калі б з’явілася магчымасць. Я займаюся палітыкай з 1998 года — ужо 27 гадоў. Мне хацелася б думаць, што я задаваў шмат правільных пытанняў. Часам вельмі важна задаваць пытанні. Кожны можа ўстаць і крычаць пра тое, што не так, а ў свеце шмат няправільнага. Але пытанні прымушаюць людзей думаць і закранаюць тых, да каго ты звяртаешся. Задаваць пытанні, якія іншыя, магчыма, не задаюць, — гэта тая ніша, якую я займаў, і, спадзяюся, тое месца, дзе мне ўдалося мець нейкі ўплыў і поспех за гэтыя гады.

НГ: Дзякуй за Ваш час, размову і падтрымку хрысціян у Беларусі.


НГ: Вялікі дзякуй за ваш час, за вашыя думкі і за падтрымку хрысціянаў у Беларусі.

  1. Forum 18 — гэта нарвежская праваабарончая арганізацыя, якая адстойвае рэлігійную свабоду. Назва арганізацыі паходзіць ад артыкула 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Forum 18 тлумачыць гэты артыкул так: права верыць, маліцца і сведчыць; права змяняць сваю веру ці рэлігію; права аб’ядноўвацца і адкрыта выказваць сваю веру. Хрысціянская Візія падтрымлівае кантакты з гэтай праваабарончай арганізацыяй (гл., напрыклад, матэрыял BELARUS: Police take relatives’ DNA after KGB declares religious freedom group “extremist” ад 7 траўня 2025 года) ↩︎
  2. Open Doors — глабальная міжканфесійная хрысціянская арганізацыя, заснаваная ў 1955 годзе для падтрымкі пераследаваных хрысціян ва ўсім свеце праз распаўсюд Біблій і хрысціянскай літаратуры, навучанне, а таксама праз практычную дапамогу, у тым ліку тэрміновую гуманітарную падтрымку і дапамогу ў сродках да існавання. ↩︎

Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост