Ірландскі сябар дзяцінства Святланы Ціханоўскай: «Хрысціяне Беларусі з верай, надзеяй і любоўю адгукаюцца на патрэбу беларускага народа ў свабодзе»
Дэвід Дзін, каталіцкі багаслоў ірландскага паходжання, дацэнт Атлантычнай школы тэалогіі (Галіфакс, Канада), дае інтэрв’ю групе Каардынацыйнай Рады «Хрысціянская візія». Ён распавядае аб сваім знаёмстве са Святланай Ціханоўскай, дзеліцца думкамі пра рух за дэмакратыю ў Беларусі і жаночы палітычны актывізм, а таксама тлумачыць, чаму расчараваны дзеяннямі Ватыкана.
«Хрысціянская візія»: Раскажыце, калі ласка, як Вы пазнаёміліся са Святланай Ціханоўскай у Ірландыі, які быў ваш досвед стасункаў з ёю і іншымі «дзецьмі Чарнобыля»?
Дэвід Дзін: У 1990-х — пачатку 2000-х гадоў былі ўсталяваныя адносіны паміж тым рэгіёнам Ірландыі, адкуль я родам, і беларускімі Мікашэвічамі. Некаторыя дзеці з Мікашэвічаў прыеязджалі ў Ірландыю на летнія вакацыі. Тады і адбылася мая першая сустрэча са Святланай. Яна жыла ў нашым доме. Я вучыўся ва ўніверсітэце, таму бачыўся з ёю, калі вяртаўся дадому на выходныя.
Яна была тыповым беларускім падлеткам. Мы былі вельмі ўражаныя інтэлектам і ўзроўнем развіцця дзяцей. Усе дзеці, з якімі мы пазнаёміліся, асабліва дзяўчынкі, былі надзвычай разумныя і развітыя.
А праз пару гадоў стала ясна, што многіх малодшых дзяцей вельмі цягне да Светы. Многія сумавалі па бацьках, быў моўны бар’ер, ежа і таму падобныя рэчы былі такія нязвыклыя. Цікава, што яны імкнуліся да Светы як да чалавека, здольнага быць пасярэднікам паміж імі і прымаючымі сем’ямі. Света натуральным чынам зрабілася лідэрам для малодшых беларускіх дзяцей у Ірландыі. Таму ў наступныя гады яе нанялі афiцыйным перакладчыкам. Яна была тыповай дзяўчынай-падлеткам, адначасова сарамлівай і вясёлай, і яна была не з тых, хто рвецца ў лідэры. Але, тым не менш, у яе меліся пэўныя лідэрскія якасці, якія натуральным чынам прыцягвалі да яе малодшых дзяцей. Гэта шмат казала пра яе — ужо тады.
ХВ: Ці праўда, што менавіта Ваш бацька арганізаваў праект «Чарнобыльская лінія жыцця» (Chernobyl Lifeline)?
ДД: Менавіта так. Ля вытокаў гэтай арганізацыі стаяла жанчына па імені Эдзі Роўч. Яна першая прывезла беларускіх дзяцей у Ірландыю на лета. Мой бацька пачынаў у філіяле яе арганізацыі. Але ў яго было шмат сувязяў у ірландскім МЗС, таму ён змог прывезці больш дзяцей у нашу мясцовасць. Яго арганізацыя грунтавалася ў мястэчку Раскрэй, і там пачаўся яе значны рост.
Кожнае лета Раскрэй асвятлялася прысутнасцю ўсіх гэтых дзяцей, каля трохсот за лета. Яны сапраўды адкрылі вочы гораду. У той час Ірландыя была надзвычай замкнёнай, іміграцыі ў краіну не было. Наадварот, мы былі нацыяй эмігрантаў. Так што людзі ў Раскрэй не прывыклі да іншаземцаў. Дзеці і іх перакладчыкі прынеслі вельмі вялікія і вельмі пазітыўныя перамены. У наш час, калі вы паедзеце ў гэты гарадок, то знойдзеце прадпрыемствы, у якіх асноўнай мовай будзе руская, знойдзеце «polski sklep» з таварамі з усёй Усходняй Еўропы. Зараз у Раскрэй даволі шмат культур, і дзеці-чарнобыльцы былі першай хваляй гэтага мультыкультуралізму. Гэта было захапляльна. Для мяне таксама — калі дзеці прывозілі падарункі, я прасіў значкі камуністычнай эпохі, з Леніным і іншымі сімваламі. Для мяне як студэнта гэта было экзатычна і крута.
ХВ: А самі Вы бывалі ў Беларусі?
ДД: Так, адзін раз у 1990-х. Гэта было звязана з тым, што мой бацька арганізоўваў «Чарнобыльскую лінію жыцця». Мы ўсе паехалі ў Беларусь, вядома, у Мінск, і ў Мікашэвічы, а потым была доўгая дарога ў Наваполацк, у мясцовы ўніверсітэт. Мы проста падарожнічалі, сустракаючыся і размаўляючы з людзьмі, спазнаючы рэаліі. Гэта было здорава — прыязнасць, дабрыня людзей да нас, вельмі моцная гарэлка. Гэта быў яркі, цудоўны досвед.
ХВ: Вы падтрымлівалі сувязь са Святланай з тых часоў?
ДД: Так, час ад часу абменьваліся паведамленнямі ў сацыяльных сетках. Проста нейкія лайкі і каментары да сямейных фота ў Instagram. Але мой бацька падтрымліваў са Святланай рэгулярныя кантакты, і я даведваўся пра навіны яе жыцця праз бацьку. А потым, раптам, год ці паўтары таму тата сказаў мне: «Ведаеш, што Свецін муж Сяргей арыштаваны? Падобна, што Света збіраецца заняць яго месца на выбарах».
ХВ: Не, гэта было менш за год таму назад! Здаецца, вечнасць прайшла, але гэта быў толькі пачатак лета!
ДД: Ого, нічога сабе! Здаецца, гэта было так даўно! Шчыра кажучы, я быў вельмі здзіўлены, калі пачуў, чым займаецца Света. Яна, відавочна, заўсёды была вельмі разумным чалавекам і прыроджаным лідэрам, але гэта проста не ўкладвалася мне ў галаву. Я пісаў ёй некалькі разоў, і ўсё з ёй адбывалася так імкліва. Так выдатна бачыць, як усё рухаецца наперад, як яна ўзяла на сябе гэтую велізарную ролю. І так дзіўна, як яна стала «магнітам» для ўсіх гэтых таленавітых людзей! Столькі яркіх людзей, прыхільных да новай, лепшай Беларусі, уцягнутыя ў гэты рух! І Света, і рух у цэлым неверагодна ўражваюць.
Гэта натхняльная гісторыя. Не толькі для Беларусі, але і ў глабальным плане. Цікавасць да яе тут, у Канадзе, была велізарная. Прама цяпер яна меншая, але ў нас у Атлантычнай школе тэалогіі 17 сакавіка адбудзецца мерапрыемства са Светай, і мы пастараемся вярнуць цікавасць да «вераснёвага» ўзроўню. Гісторыя, наратыў — захапляльныя.
ХВ: У верасні, усяго праз месяц пасля пачатку пратэстаў у Беларусі, Вы сказалі ў інтэрв’ю пра Святлану Ціханоўскую: «Яна не лічыць сябе лідэрам, таму што не адпавядае шаблону, — але гэта таксічны шаблон. Нам трэба пераняць яе вобраз». Цяпер, праз паўгады, мы бачым, што ні людзі не спынілі пратэсты, ні рэжым не перастаў тэрарызаваць людзей. Раздаюцца галасы расчаравання ў мірным пратэсце. Што Вы думаеце пра шанцы негвалтоўнага супраціву «таксічнай» уладзе?
ДД: Спакуса спробы «перамагчы» заключаецца ў тым, каб пераймаць сродкі і метады рэпрэсіўнага рэжыму. Я думаю, гісторыя абсалютна ясна паказвае, што як толькі мы прызна́ем нарматыўны статус форм лідэрства, якія існавалі раней, і пачнем выкарыстоўваць гэтыя формы для зрынання рэжыму, то створым нешта падобнае і такое ж рэпрэсіўнае. Адзін з відавочных прыкладаў — Французская рэвалюцыя. Яна ўкараніла, як бы «перапісаўшы», рэжымны гвалт, і атрымалася эпоха тэрору. Калі ўзяць нашу сітуацыю ў Ірландыі, то мы зрынулі каланіяльны прыгнёт у паўднёвай частцы краіны, але «перапісалі» тыя самыя формы прыгнёту, якія імкнуліся зрынуць. Адбылася грамадзянская вайна, і пасля гэтага ў нас была вельмі рэпрэсіўная краіна, у якой усё яшчэ быў прыгнёт, толькі прыгнечаныя былі ўжо іншыя людзі. Замена аднаго рэжыму на іншы рэжым з тымі ж метадамі і логікай нічога добрага не прынясе. Калі мы капіруем прыгнятальнікаў, то прайграем, нават калі нам здаецца, што «перамагаем», таму што мы проста мяняем шыла на мыла. Прыкладаў таму незлічонае мноства.
Такім чынам, узнікае пытанне — як дамагчыся рэальных перамен, не выкарыстоўваючы метады і сродкі рэпрэсіўнага рэжыму? Мая мэта як хрысціяніна — жыць і дзейнічаць, як Хрыстос, незалежна ад наступстваў. Гэта пастаяннае пытанне ў Бібліі, пытанне, з якім ізраільцяне сутыкаюцца ў Вавілоне. Як нам спяваць Гасподнюю песню на зямлі чужой? [Пс. 136:4] Як можна заставацца верным таму, што добра і правільна, нават калі няма гарантыяў перамогі?
На мой погляд, негвалтоўныя метады, якія знаходзяцца ў згодзе з воляй Божай, лепш за ўсё падыходзяць для рэальных і ўстойлівых перамен! Але на гэта патрэбныя час і сілы. І гэта стане выпрабаваннем як для беларускага народа, так і для міжнароднай супольнасці. Ці сапраўды мы імкнемся да перамен? Калі мы сур’ёзна гатовыя да гэтага, я веру, што перамены адбудуцца. Але гэта вельмі складана па цэлым шэрагу прычын. Па-першае, Беларусь знаходзіцца на стыку Еўропы і Расіі і таму часта можа быць полем для палітычнага футбола, у які гуляюць абодва бакі. На рух будуць ціснуць з усіх бакоў, і яму трэба будзе пастаянна супраціўляцца спакусе пайсці на кампраміс.
Але гэта яшчэ адзін сапраўды захапляльны момант у руху за перамены! Рух за свабоду Беларусі не жадае прадавацца ні Ўсходу, ні Захаду. Ні расійскія, ні заходнія мадэлі не даказалі, што яны працуюць на стварэнне таго грамадства, да якога мы імкнемся. Такім чынам, Света і людзі, якія яе акружаюць, вынаходзяць альтэрнатыўныя мадэлі, заснаваныя не на расійскіх ці заходніх узорах, а на тым, што лепш для Беларусі. Беларускі народ шукае сапраўдных перамен, а не проста змены аднаго лідэра на іншага, які ўвасабляе тую ж ідэалогію.
Вось мой адказ тым, хто расчараваўся ў мірных пратэстах. Калі вы сапраўды хочаце перамен, вы павінны ўвасобіць іх у жыццё і пражыць іх. Вернасць гэтаму дае найлепшыя шанцы на «перамогу», але нават калі гэта не так — гэта адзіная надзея, паколькі пазычаць падыход рэпрэсіўнага рэжыму наўпрост нясе рызыку «перамагчы», фактычна нічога не змяняючы.
Гэта адна з цікавых рэчаў, якія адбываюцца ва ўсёй Усходняй Еўропе прама цяпер. Некаторым можа не падабацца тое, што адбываецца ў Венгрыі або Польшчы, але мы бачым мноства людзей, якія ўяўляюць альтэрнатыўныя віды сацыяльнага парадку. Яны кажуць: «Так выглядае Дабро, і мы не будзем проста рабіць тое, што робяць тыповыя ўрады — ахоўваць нашы межы, мець добрую армію і гэтак далей, мы паспрабуем змяніць наш сацыяльны парадак у напрамку Дабра». Вядома, праблема ў тым, што не ўсе згодныя з тым, як выглядае Дабро. І сваё бачанне яго нельга навязваць. Але што мяне цікавіць, дык гэта тое, што ўсе гэтыя рухі ва Ўсходняй Еўропе пераасэнсоўваюць рэаліі і спрабуюць думаць нестандартна, у той час як Заходняя Еўропа і Паўночная Амерыка проста паўтараюць адны і тыя ж метады з невялікімі адрозненнямі. Возьмем, да прыкладу, ЗША. Злучаныя Штаты палярызаваныя не з-за велізарнай розніцы ў палітычнай ідэалогіі паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі, а з-за велізарнай розніцы ў тым, як кожны бок малюецца СМІ па розныя бакі барыкад. Хоць Fox News сцвярджае, што дэмакраты — камуністы, а ўсе астатнія заяўляюць, што рэспубліканцы — фашысты, рэальная розніца паміж імі нязначная. Незалежна ад таго, хто пераможа, адна капіталістычная эліта замяняецца іншай капіталістычнай элітай. Сістэма прапануе сімулякр свабоды. Людзі думаюць, што ў іх ёсць магчымасць выбіраць. Кожны з бакоў лічыць, што змагаецца з сіламі зла, але гэта ілюзія. Гэта сімулякр. Секулярны капіталізм працягваецца, незалежна ад таго, хто пераможа, і насамрэч мала што мяняецца. Тым часам народ Беларусі не проста хоча змяніць прэзідэнта, ён хоча змяніць тое, што робіць прэзідэнт і як ён дзейнічае. Ён хоча рэальных перамен.
ХВ: Вы ўжо закранулі хрысціянскую тэму. Палітычны крызіс у Беларусі заахвоціў хрысціян усіх традыцый выступіць супраць гвалту і перагледзець сваю ролю ў грамадскім і палітычным жыцці. Гэта адбываецца ў секулярызаваным постсавецкім кантэксце, які моцна адрозніваецца ад ірландскага, беларусы не вельмі прывыклі да палітычнай актыўнасці цэркваў. Што Вы як багаслоў можаце сказаць аб уцягненні хрысціян у палітыку?
ДД: Хрысціянства не прапануе план для свецкай нацыянальнай дзяржавы. Хрысціяне закліканы ў зносінах з Хрыстом клапаціцца пра бедных і тых, хто жыве ў нястачы. Яны адно з Духам Святым, Які ёсць сама надзея. І гэта азначае, што хрысціяне часта рашуча рэагуюць на палітычныя абставіны. Напрыклад, у зрынанні камуністычнага рэжыму ў Румыніі адной з ключавых фігур стаў рэфармацкі пастар Ласла Цёкеш. Ён быў паслядоўным крытыкам Чаўшэску, Чаўшэску арыштаваў яго, і гэта стала паваротным момантам. Гэтаксама, калі вы паглядзіце на ЗША, то ўбачыце Марціна Лютэра Кінга-малодшага, баптысцкага пастара, а разам з ім духавенства і манахаў на маршах ў Сельме. Чаму рэлігійныя людзі часта апынаюцца ў авангардзе падобных радыкальных рухаў? Я хацеў бы думаць, што гэта таму, што ў іх ёсць культура бясстрашнасці, заснаваная на традыцыі пакутнікаў, якая дазваляе ім і нават натхняе іх супрацьстаяць прыгнёту. Хрысціяне Беларусі з верай, надзеяй і любоўю адгукаюцца на патрэбу беларускага народа ў свабодзе. Гэта ўражвае.
У Юргена Хабермаса ёсць цікавы погляд на адну сферу, у якой хрысціянства адрозніваецца ад марксізму, што можа дапамагчы нам зразумець, чаму спробы хрысціян працаваць на перамены працягваюцца на працягу тысячагоддзяў. Для Хабермаса адна з праблем позняга камунізму заключаецца ў тым, што існуе мадэль таго, як павінна выглядаць добрая камуністычная дзяржава, — мадэль, якая рухае раннім камунізмам і рэвалюцыйнымі сіламі. Але праз дзесяцігоддзі гэтая ідэальная сістэма пачынае разыходзіцца з рэчаіснасцю. Людзі глядзяць навокал і кажуць: «Гэта не тое, што нам абяцалі!» Такім чынам, абяцанае грамадства паразітуе на цяперашнім грамадстве, якое абяцанага грамадства не адлюстроўвае. Тым часам, паводле Хабермаса ў хрысціянстве надзея ніколі не робіцца паразітычнай, таму што надзея заўсёды разумеецца як тое, што знаходзіцца на шляху. Яна ў працэсе, і яе паўната заўсёды эсхаталагічная. Такім чынам, яна не паразітуе на жывой рэальнасці, замест гэтага яна натхняе тых, хто да яе датычны, працягваць працаваць для Царства, якое толькі злёгку прасвечваецца ў Еўхарыстыі і падобных сакраментальных момантах. Магчыма, гэта адна з прычын таго, чаму хрысціянства такое «доўгайграючае», чаму яно па-ранейшаму з’яўляецца такой магутнай сілай у жыцці людзей праз 2000 гадоў пасля свайго рэвалюцыйнага пачатку. Яно можа садзейнічаць надзеі, яно можа садзейнічаць радыкальнасці, яно можа садзейнічаць бачанню. Гэта тое, што могуць зрабіць беларускія цэрквы: яны могуць быць смялейшымі, прапаноўваючы альтэрнатывы, вылучаючы пакутнікаў, людзей, якія будуць гатовыя пацярпець, каб жыць у новым свеце, ажыццявіць які іх прасіў Хрыстос. Гэта здаралася шмат разоў раней. Паглядзіце на пераадоленне рабства ў Злучаных Штатах — іскру запалілі такія людзі, як Джон Браўн і Нат Цёрнер. Па сутнасці, гэта былі «дзеля Хрыста юродзівыя», якія былі настолькі адданыя Хрысту, што хацелі зрынуць прыгнёт і стварыць новы свет. Вось чаму я бываю так расчараваны, калі царкоўныя арганізацыі, напрыклад Ватыкан, просяць людзей прыглушыць крытыку рэпрэсіўнага рэжыму.
ХВ: Адсюль такое пытанне. Палітычны крызіс у Беларусі супаў з выхадам у свет энцыклікі Папы Францішка Fratelli Tutti, дзе ідзе гаворка ў тым ліку пра палітыку. У снежні Святлана Ціханоўская накіравала Папу Францішку адкрыты ліст, заснаваны на гэтай энцыкліцы, і прапанавала яму выступіць супраць гвалту ў Беларусі. Аднак адказу не было, і ў цэлым Папа толькі коратка згадаў Беларусь у жніўні. Гэта выклікала крытыку з боку некаторых беларускіх католікаў і іншых хрысціян. Як бы Вы патлумачылі такое стаўленне і што вы можаце прапанаваць хрысціянам, якія не згодныя з іх царкоўным кіраўніцтвам?
ДД: Я быў вельмі расчараваны лідэрскімі якасцямі Папы Францішка адносна Беларусі. Папа Францішак валодае вялікімі дарамі ў многіх галінах, але яго самаадчуванне заключаецца ў тым, што ён жадае быць пастырам, прыязным міратворчым голасам, і не імкнецца займаць моцную палітычную пазіцыю. У палітычным плане ён супрацьлеглы Яну Паўлу II. Ён дыпламат, прагматык; некаторыя могуць нават сказаць, што ён утылітарыст. У каталіцкім сацыяльным вучэнні роля дзяржавы заключаецца ў садзейнічанні дабру або прынамсі ў даванні людзям свабоды імкнуцца да дабра. Рэжым Лукашэнкі — поўная супрацьлегласць гэтаму! Ён прыгнятае людзей і абмяжоўвае іх здольнасць шукаць дабро. Па сутнасці, гэта дыяметральная супрацьлегласць таму сацыяльнаму парадку, да якога заклікае энцыкліка Fratelli Tutti, але па нейкай прычыне Папа Францішак не стаў крытыкаваць гэта.
У прыватнасці, мяне ўстрывожыла здзелка ў дачыненні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У прэс-рэлізе ўрада Лукашэнкі, што дазваляў Кандрусевічу вярнуцца, гаварылася, што «перашкоды для яго вяртання ліквідаваныя». Што гэта былі за перашкоды? Гэтыя «перашкоды» заключаліся ў тым, што арцыбіскуп крытыкаваў рэжым! А праз два дні яго адпраўляюць на пенсію. Такім чынам, мне здаецца, што, як і ў выпадку з Кітаем, Папа Францішак заключыў здзелку з Лукашэнкам, якая можа дазволіць мясцовым святарам неяк падбадзёрваць людзей, «паляпваць па плячы», аказваць нейкую пастырскую апеку. Але што сапраўды неабходна Папу — гэта асудзіць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі так, каб гэта было актам міжнароднага ціску і дапамагло католікам і іншым хрысціянам у Беларусі заняць больш жорсткую пратэстную пазіцыю.
Я разумею, як цяжка Папу Францішку паступіць менавіта так. Калі б ён нешта сказаў пра Лукашэнку, то многія біскупы сталі б у яго пытацца: «Так, але чаму вы не выступаеце супраць вось гэтага або вось таго, што мяне так хвалюе?» Ён не жадае падвяргаць сябе такой крытыцы, але кошт, які ён за гэта плаціць, — гэта саступкі рэжыму Лукашэнкі.
Зрэшты, ён не першы Папа, які так паступае. Быў дзяржсакратар Ватыкана Тарчызіа Бертонэ — па сутнасці, прэм’ер-міністр Ватыкана пры Папу Бэнэдыкту XVI — і ён быў вельмі блізкі да Лукашэнкі. Ён рашуча выступіў супраць санкцый, прымененых да дыктатара. Вось чаму тады і цяпер Лукашэнка кажа пра свае «добрыя адносіны і партнёрства» з Ватыканам. Для мяне гэта катастрофа. Мы маем патрэбу ў большым радыкалізме з боку біскупаў, кардыналаў і асабліва Папы, калі збіраемся быць вернымі закліку Ісуса Хрыста.
Вы спыталі пра тых, хто не згодны з іх царкоўным кіраўніцтвам — я б сказаў, што гісторыя Царквы поўная імёнаў такіх людзей, як Жана д’Арк, якія былі жорстка асуджаныя Царквой у свой час, а пазней былі кананізаваныя Царквой. Я б параіў людзям натхняцца Жанай д’Арк і падобным да яе, а таксама раннімі хрысціянскімі мучанікамі, у разуменні таго, што вернасць Царству Божаму — гэта настойлівы заклік. Негвалтоўны супраціў ва ўсіх яго формах — гэта тое, да чаго Хрыстос заклікае нас у Евангеллях. Сёння мы хрысціяне толькі дзякуючы хрысціянскім мучанікам першых трох стагоддзяў. Калі б гэтыя людзі не імкнуліся быць вернымі Евангеллю, нягледзячы на ціск рэпрэсіўнага рэжыму, нас бы тут не было.
Так, мне гэта лёгка казаць, знаходзячыся ў камфорце Новай Шатландыі ў Канадзе! Я па-за зонай рызыкі і ўсведамляю, што мае словы могуць здацца пустымі. Але нам трэба захоўваць вернасць нашым маці і бацькам у веры. І я, шчыра кажучы, не думаю, што ў Папы Францішка паўстануць праблемы са святарамі і біскупамі, якія мірна пратэстуюць. Біскупы служаць in persona Christi, таму ім проста трэба спытаць сябе: «Што б зрабіў Ісус?» Ці будзе Ісус супрацоўнічаць з рэпрэсіўным рэжымам, прызначэнне якога — разбурыць надзеі, сэрцы і душы грамадзян? Калі не, то ім трэба супрацьстаяць гэтаму рэжыму ў надзеі стварыць іншую Беларусь. Гэта іх абавязак, і я не думаю, што прынамсі ў доўгатэрміновай перспектыве, Царква будзе нешта мець супраць гэтага.
ХВ: Вы згадалі Жанну д’Арк, адну з самых вядомых святых жанчын. Таксама ў сферы Вашых даследчых інтарэсаў — спадчына Хільдэгарды Бінгенскай, сярэднявечнай нямецкай манахіні і містычнага багаслова. Роля жанчын у беларускіх пратэстах вялікая: свет бачыў масавыя жаночыя шэсці, твар беларускай рэвалюцыі — Святлана Ціханоўская. Які Ваш погляд на жаночы актывізм і лідэрства ў палітыцы і Царкве ў XXI стагоддзі?
ДД: Цудоўнае пытанне. Для пачатку, я дылетант у тым, што тычыцца беларускага грамадства. У мяне проста шмат беларускіх сяброў, і я вельмі цікаўлюся гэтай краінай. Магчыма, шмат што моцна змянілася, але, як мне здаецца, яшчэ ў 1990-я гады ў Беларусі панавала культура, якая заахвочвала хлопчыкаў, прычым часам за кошт дзяўчынак. Думаю, таму было дзве прычыны. Па-першае, савецкі вобраз кіраўніка быў вобразам суровага грубага мужчыны. Менавіта гэта спрабаваў паказаць Сталін і іншыя пасля яго — брутальны мужык з народу. Па-другое, гэтае змяшанне лідэрства і маскуліннасці ўзмацнялася тым фактам, што ў Беларусі ў працэнтных адносінах загінула больш людзей падчас Другой сусветнай вайны, чым у любой іншай краіне. Я бачыў статыстыку, якая казала, што калі вы нарадзіліся мужчынам у Беларусі паміж сусветнымі войнамі, то працягласць вашага жыцця складала каля 23 гадоў. З-за гэтага ў 1950-1970-х гадах мужчын проста не хапала! Нават у 2015 годзе на 100 беларускіх жанчын прыходзілася ўсяго 86 мужчын. Гэты «дэфіцыт» яшчэ больш узмацніў мужчынскае прывілеяванае становішча. Культурныя наступствы гэтага можна было ўбачыць, напрыклад, у 2016 годзе, калі Лукашэнка казаў, што Хілары Клінтан не можа перамагчы на выбарах у ЗША, таму што яна жанчына.
І вось на гэтым фоне адбываюцца выдатныя рэчы. Я думаю, што Света і незлічонае мноства іншых беларускіх жанчын мараць аб свабоднай, адкрытай і інклюзіўнай Беларусі, дзе ў таленавітых грамадзян ёсць магчымасць для росквіту. Я памятаю, як размаўляў пра Лукашэнку з некаторымі беларускімі дзецьмі — ім было дзевяць, дзесяць, адзінаццаць гадоў, і ў гутарцы адчуваўся сапраўдны страх. Нават тады! Света не хоча гэтага для сваіх дзяцей. Такім чынам, па-першае, у вас ёсць вялікая колькасць маці, уцягнутых ў рух, маці, якія хочуць для сваіх дзяцей іншай Беларусі, і, па-другое, у вас ёсць вялікая колькасць жанчын, якія аспрэчваюць традыцыйную, грубую, гіпер-маскулінную форму лідэрства. Яны выкарыстоўваюць новыя і іншыя мадэлі лідэрства, і гэта абуджае надзею ва ўсім свеце.
Як гэта звязана з рэлігійнымі пытаннямі? Што ж, у цэрквах ва ўсім свеце значна больш жанчын, чым мужчын, жанчыны, па статыстыцы, значна больш рэлігійныя, чым мужчыны. Так, у многіх цэрквах «наверсе» пераважаюць мужчыны, але моліцца за набажэнствамі жанчын больш, чым мужчын. І гэта, я думаю, звязана са здольнасцю спадзявацца, дальнабачнасцю, з гатоўнасцю прыдумляць радыкальныя альтэрнатывы. Мужчыны, магчыма, менш схільныя да змен, таму што сістэма ўжо працуе для нас нармальна.
Некаторыя цынікі могуць сказаць, што жаночы характар беларускага пратэсту — гэта проста «брэнд», сканструяваны для заходняй аўдыторыі. Але я думаю, што сам па сабе беларускі пратэстны рух з’яўляецца рухам супраціву патрыярхальнай рэпрэсіўнай адмове ад перамен. Калі б вы складалі спіс Папаў-жанчын, вынікам быў бы нуль, але калі пералічваць жанчын-пакутніц у Царкве, атрымаюцца сотні, тысячы! Што гэта кажа нам пра здольнасць жанчын радыкальна адгукацца на заклік да новага свету? Гэта сведчыць, што жанчыны заўсёды былі ў авангардзе рэальных і ўстойлівых перамен. Рух за беларускую дэмакратыю ўвасабляе гэты заклік да рэальных і ўстойлівых перамен. Так што ён павінен захапіць свядомасць людзей ва ўсім свеце. Света і яе рух — прыклад шчырай спробы ўявіць і ўвасобіць у жыццё іншы від сацыяльнага парадку. І калі гэта не тое, што заслугоўвае падтрымкі, то што тады заслугоўвае?