Імяніны арцыбіскупа Кандрусевіча ў мінскай катэдры ўпершыню за час яго служэння ў Беларусі прайшлі без яго ўдзелу
28 кастрычніка, калі ў Касцёле адзначаецца свята апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, падчас урачыстай Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі трон арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча заставаўся пустым: сёлетнія імяніны іерарх сустрэў у выгнанні.
Да імянінаў Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта вернікі Касцёла ў Беларусі зрабілі яму духоўны падарунак, ахвяраваўшы ў інтэнцыі яго хутчэйшага вяртання на радзіму малітоўную Навэнну да святога Юды Тадэвуша.
У свята нябеснага апекуна Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі святую Імшу ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебравалі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі.
Іерархі вырашылі ахвяраваць гэтую Эўхарыстыю ў інтэнцыі вяртання на радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і аб усталяванні справядлівасці на беларускай зямлі.
Да сабраных у катэдры ўдзельнікаў святой Імшы з дапамогаю прамой трансляцыі на партале Catholic.by духоўна далучыліся больш за дзве з паловай тысячы вернікаў.
Звярнуўшыся да людзей на пачатку цэлебрацыі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі перадаў усім словы прывітання ад імянінніка, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з якім ён раніцай размаўляў па тэлефоне. Пры гэтым біскуп Юрый выказаў упэўненасць у тым, што арцыпастыр, нягледзячы на немагчымасць прысутнічаць фізічна, духоўна яднаецца са сваёй паствай у супольнай малітве.
Іерарх таксама падкрэсліў, што выгнанне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якога ўлады незаконна пазбавілі права вярнуцца ў сваю краіну, стала праяваю жорсткага пераследу і ўціску чалавека, што цяпер адбываецца на нашай зямлі. Таму да інтэнцыі аб вяртанні арцыпастыра біскупы далучылі малітву за ўсіх палітвязняў, зняволеных у беларускіх турмах за сваю сумленную грамадзянскую пазіцыю; за ўсіх пацярпелых, збітых, параненых.
Паводле біскупа Юрыя Касабуцкага, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч стаў сімвалам усіх тых людзей, якія сёння нявінна церпяць пераслед і нават катаванні ў нашай краіне ў цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі.
«Мы молімся таксама за ўсіх тых, хто найбольш патрабуе нашай малітвы, чыё сэрца напоўнена нянавісцю, злосцю да ўласнага народа; за тых, хто б’е, за тых, хто нападае на людзей на вуліцах, кідае іх у вязніцы; за тых, хто аддае і выконвае злачынныя загады супраць беларускага народа; за ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў гэтым генацыдзе супраць нашага народа. Мы молімся аб ласцы пакаяння і навяртання для гэтых людзей», — дадаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Цэнтральнай думкай Божага слова, якое прамовіў на святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі, сталі словы, якія часта паўтараў святы Ян Павел ІІ: «Не бойцеся».
На пачатку біскупскага служэння Тадэвуша Кандрусевіча, перад якім стаяла па-чалавечы вельмі складанае апостальскае заданне адраджэння Касцёла пасля дзесяцігоддзяў атэістычнага савецкага пераследу, Святы Айцец сказаў яму: «Не бойся, Тадэвуш!»
І першы ў сучаснай гісторыі беларускі біскуп бясстрашна прыступіў да выканання гэтага задання, аднаўляючы каталіцкія парафіі і адбудоўваючы зруйнаваныя і апаганеныя святыні. Гэтыя словы святога Яна Паўла ІІ набываюць асаблівае значэнне цяпер, калі арцыбіскуп Кандрусевіч перажывае момант цяжкага выпрабавання.
«31 жніўня ён не змог вярнуцца ў сваю краіну, у Беларусь. Так, гэта — палітычная акцыя, скіравана не столькі, можа, супраць нашага Мітрапаліта, колькі супраць усіх католікаў, усяго Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, каб нас нейкім чынам напалохаць», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што мэтаю гэтага запалохвання з’яўляецца імкненне прымусіць вернікаў заставацца ў межах бязбожнай і злачыннай ідэалогіі марксізму-ленінізму.
«Грамадзянін Беларусі не змог уехаць на сваю Бацькаўшчыну, у сваю краіну, бо ён сваім словам, сваім спачуваннем, сваёй блізкасцю да беларускага народа, сваёй пропаведдзю сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла стаў невыгодным.На жаль, у нашай краіне гэта ёсць, і мы молімся за нашу Бацькаўшчыну, мы молімся за нашу краіну, мы молімся за наш народ, <…> і гэтая малітва мае неверагодную сілу. Гэтая малітва прынясе свой плён», — упэўнены біскуп Юрый Касабуцкі.
Завяршылася святая Імша ў мінскай катэдры спевам малітвы «Магутны Божа» — рэлігійнага гімна Беларусі з просьбай да Усемагутнага Бога зрабіць свабоднай і шчаслівай краіну нашу і наш народ.