Гімн «Магутны Божа» гучаў пад скляпеннямі францішканскага кляштара ў Маскве

Урачыстай святой Імшой на роднай мове ў свята Божай Міласэрнасці беларусы-католікі Масквы адзначылі заканчэнне актавы Пасхі.
Гэтае свята ў Другую Велікодную нядзелю было ўсталявана Папам святым Янам Паўлам II у 2000 годзе. Цэлебраваў Эўхарыстыю айцец Пётр Карнялюк OFMConv у маскоўскім кляштары айцоў францішканаў.
У прамоўленай гаміліі святар нагадаў, што праз святую Фаўстыну Кавальскую Хрыстус перадаў чалавецтву сваё пасланне міласэрнасці: «Я не жадаю караць чалавецтва, якое пакутуе, а жадаю вылечыць яго, наблізіўшы да Майго міласэрнага Сэрца. <…> Я даю табе тры спосабы ажыццяўлення міласэрнасці ў адносінах да блізкіх: першы — учынак, другі — слова, трэці — малітва. У гэтых трох узроўнях заключаецца паўната міласэрнасці, якая з’яўляецца бясспрэчным доказам любові да Мяне».
Простыя словы і прыклады з жыцця падчас казання былі зразумелыя і даходзілі да сэрца удзельнікаў святой Імшы.
Перад выявай Маці Божай Будслаўскай сабраныя ў францішканскім кляштары вернікі маліліся за Беларусь.
У адпаведнасці з інтэнцыямі Святога Айца Францішка на красавік, былі ўзнесены малітвы за праваабаронцаў і зняволеных за праўду.

Падчас Імшы прагучаў старадаўні хрысціянскі гімн Te Deum па-беларуску, які ў такім выкананні некаторыя з прысутных пачулі ўпершыню.
Завяршылася набжэнства асаблівай малітвай за Беларусь, велікоднай марыйнай антыфонай Regina cæli і беларускім рэлігійным гімнам «Магутны Божа».