Газета гродзенскіх католікаў адрэагавала на дэмарш прадстаўніка БПЦ падчас экуменічнага набажэнства

На першай паласе новага нумара з’явілася фота ўдзельнікаў без дэлегата ад праваслаўнай царквы з тытулам “Знайсці страчанае адзінства”.
Нагадаем, што ўпершыню на штогадовым экуменічным набажэнстве ў Гродне крэсла для прадстаўніка праваслаўных пуставала. Пасланнік арцыбіскупа Антонія Дароніна сеў асобна ад прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій па-за прэзбітэрыем. “Не павінна быць месца спробам навязаць штучнае “адзінства”, – напісаў у лісце да ўдзельнікаў праваслаўны іерарх.
У гэты ж час прадстаўнік мітрапаліта Веніяміна прыняў удзел у экуменічным набажэнстве ў Заслаўі. Іерэй Вячаслаў Шафарэнка заняў сваё месца ў прэзбітэрыі разам з прадстаўнікамі іншых цэркваў. Праваслаўны святар заклікаў усіх будаваць масты і адкідваць усё, што іх раздзяляе.