Бывай, Мікіта!
Водгук ад нашага карэспандэнта Вячкі Драніка.
21 снежня раптоўна пакінуў гэты свет журналіст Мікіта Мелказёраў. Навіна аб гэтым сталася сапраўдным шокам для усіх, хто за апошнія 5 год глядзеў і слухаў беларускія інтэрнэт-медыя. Сярод якіх праект Мікіты “Жыццё-маліна” быў адным з самых заўважных, яркіх і паспяховых. І без якога ландшафт беларускага Ютуба ўявіць было ўжо амаль немагчыма!
Аднак, на жаль, здарылася бяда і, прынамсі, таго, што было, ня будзе. Канешне, будзе нешта іншае, новае і таксама цікавае. Зямля беларуская народзіць талент і пасіянарнаць. Але Мікіта — ужо стаўся гісторыяй. Толькі гэта адбылося настолькі нечакана і рэзка, што да пераводу яго і яго праекта ў такі статус ніхто не быў гатовы! Усе зьбіраліся яшчэ шмат выпускаў разам з чарговым госцем адказваць на пытанне вядоўцы: “Жыццё — маліна?”
І вось гэтая раптоўнасць сыходу Мікіты, якая спыняла магчымасць спакойна і разважна дажыць, даглядзець, даслухаць яго праграмы, нарадзіла ўнікальную з’яву ў кантэксце перажывання смутку і тугі па ім. Якія знайшлі сваё выйсце праз той жа Ютуб.
А канкрэтна адбылося наступнае. У той жа дзень, калі абарвалася жыццё Мікіты, айцец Аляксандр Кухта напісаў у сваім тэлеграм-канале пост-рэквіем. Напрыканцы якога запрасіў усіх ахвотных на паніхіду па Мікіце на наступны дзень, 22 снежня, у свой віленскі праваслаўны прыход. У тым ліку — і дыстанцыйна, праз трансляцыю на Ютуб-канале прыхода.
І вось тут мы падыходзім да самага галоўнага. Літаральна за 3-4 дні колькасць праглядаў паніхіды сягнула за 10К. А на дадзены момант — без малога 15К! Гэта абсалютны рэкорд для вядомага, але ўсё ж лакальнага, нішавага медыя. Раней толькі некаторыя трансляцыі велікодных ці калядных службаў на канале набіралі колькасць праглядаў у некалькі тысяч. Тут жа — неверагодная ўвага і зацікаўленне! Калі людзі, якія ніколі не заходзілі паслухаць Літургію па-беларуску ў нядзелю, тысячамі прыйшлі паслухаць праваслаўную малітву аб спачылым!
Як? Чаму? Адкуль? — яно стала магчымым?
Для сябе я знайшоў адказ.
І ён вельмі просты.
Гэта была павага.
Гэта была пашана.
І гэта было прызнанне ў любові!
Якую хтосьці чамусьці не паспеў выказаць Мікіце пры жыцці…
І паспяшаўся яе засведчыць, калі душа Мікіты пайшла да Таго, Хто і ёсць Сама Любоў.
Тыя, хто яго любіў, прасілі Бога-Любоў з любоўю ўзяць у Мікіты Сваё, апошняе і строгае інтэрв’ю.
І сёння, калі Мікіту будуць ужо хаваць і адкуль, хутчэй за ўсё, не будзе стрыму, няхай кожны, хто яго любіў, у сваім сэрцы зладзіць уласную трансляцыю малітвы і любові да Таго, з Кім яму належыць сустрэцца…
Бывай, Мікіта!
Вечная памяць!







