Біскуп Юрый Касабуцкі: Гімн Магутны Божа даўно стаў часткай нашай літургіі

Біскуп Юрый Касабуцкі піша на фэйсбуку:
“Дарагія мае сябры, браты і сёстры!
Сёння вельмі шмат увагі да “Мінскай праўды” і таго, што было там змешчана сёння. Я лічу, што такі ніскапробны матэрыял не павінен заслугоўваць такой увагі.
Я хачу толькі яшчэ раз пацвердзіць сваю асабістую пазіцыю адносна пэўных спраў, якія між іншым былі ўзгаданыя ў гэтым матэрыяле.
Я заўсёды выступаў супраць гвалту, насілля, катаванняў, нясправядлівасці, хлусні, рэпрэсій. Я не змяню гэтага свайго погляду, не гледзячы на пагрозы, шантаж і таму падобныя рэчы, з якімі мне прыходзіцца сутыкацца. Таксама і падобныя артыкулы не здольныя паўплываць на мой светапогляд, які базуецца на Евангеллі.
Бел-чырвона-белы сцяг – гэта ў хрысціянскай сімволіцы знак і сімвал уваскрослага Хрыста, і гэта НЕ залежыць ад ідэолагаў, якія сёння шукаюць “аргументаў” супраць…
Гімн Магутны Божа даўно стаў часткай нашай літургіі, таму што гэта малітва за нашу краіну і наш народ, а калі гэта не падабаецца сучасным ідэолагам , гэта не праблема Касцёла… Мы сёння не ўжываем гэту малітву, каб не раздражняць нікога…
Падобныя артыкулы не спрыяюць супакою і згодзе ў нашым грамадзтве…
Прабач ім, Божа, бо не ведаюць, што робяць….”