Біскуп Буткевіч віншуе праваслаўных вернікаў Беларусі з Пасхай Хрыстовай

Напярэдадні свята Пасхі Хрыстовай, якое вернікі Беларускай Праваслаўнай Царквы сёлета адзначаюць 2 мая, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч кіруе святочнае віншаванне і пажаданні праваслаўным братам і сёстрам.

У лісце, адрасаваным Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату піша:

Ваша Высокапраасвяшчэнства!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў і ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі дазвольце скіраваць Вам, а ў Вашай асобе — усім верным сынам і дочкам Беларускай Праваслаўнай Царквы шчырае віншаванне са Збаўчым Святам Уваскрэсення Хрыстова.

Уваскрослы Госпад, разбурыўшы сваёю смерцю падступнае зло старадаўняга ворага і зрынуўшы ўладу смерці, вядзе за сабою новы выбраны народ, абмыты Яго Найдаражэйшаю Крывёю ад усіх правінаў, пачынаючы ад граху нашых прабацькоў Адама і Евы. Таму радуецца ўсё нябеснае войска, а людзі, адроджаныя ў таінстве святога хрышчэння, па ўсёй зямлі ўзносяць спеў хвалы свайму Пераможнаму Валадару.

Няхай жа гэтая пасхальная радасць у цяперашні трывожны час напоўніць сэрцы ўсіх братоў і сясцёр, дзяцей нашай роднай Бацькаўшчыны, няхай умацуе іх у веры і надзеі на канчатковую перамогу Божага дабра над усялякім злом і з’яднае нас у любові Хрыста Уваскрослага!

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

З братняй любоўю ў Госпадзе,

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

catholic.by