Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Беларускія прапаведнікі і палітыка

Беларускія прапаведнікі і палітыка

Беларускія прапаведнікі і палітыка

На мінулым тыдні на канале “Хрысьціянскай візіі” пачалося апытаньне пра тое, як прапаведнікі розных канфесій рэагуюць на палітычны крызіс у Беларусі. Трэба ўдакладніць, што гаворка ідзе не пра грамадскую пазіцыю сьвятароў і супольнасьцяў увогуле, а толькі пра тэмы, якія гучаць на пропаведзях падчас храмавых набажэнстваў. Апытаньне не прэтэндуе на паўнавартаснае сацыялагічнае дасьледваньне, але яго рэзультаты за тыдзень досыць цікавыя.

У галасаваньні прынялі ўдзел 342 карыстальнікі Тэлеграма. Найбольш галасоў атрымаў адказ “Іншае / Рэзультаты / Не ў Беларусі” – яго абрала 99 чалавек. Астатнія 243 адказы разьмеркаваліся паміж праваслаўнымі, каталіцкімі і пратэстанцкімі вернікамі – 49%, 37% і 14% адпаведна.

Амаль аднолькавая колькасьць праваслаўных рэспандэнтаў сьцьвярджаюць, што на іх прыходах палітычныя тэмы не закранаюцца, або што з амвона гучыць крытыка дзейных уладаў і / або падтрымка пратэстаў (49 і 46 галасоў адпаведна). Праўладных казаньняў роўна ў два разы меней, чым крытычных да ўладаў (23 да 46).

У іншых цэрквах суадносіны яшчэ больш кантрастныя. Каталіцкія і пратэстанцкія рэспандэнты далі 8 і 9 галасоў адпаведна за адказ “палітычныя тэмы ў казаньнях не гучаць”. У каталікоў “крытычных” парафіяў у 10 разоў болей, чым “нейтральных”, а ў пратэстантаў – больш як у два разы. У той жа час толькі два пратэстанта паведамляюць пра “праўладныя” казаньні, а ў каталікоў такіх адказаў няма ўвогуле.

Гэтыя лічбы сьведчаць пра тое, што беларускія цэрквы і сьвятары – частка грамадства ў цэлым, і прыхільнікаў пераменаў у іх пераважная большасьць. У той жа час можна ўбачыць уплыў рознай пазіцыі царкоўнай ерархіі на сітуацыю на прыходах. Каталіцкія біскупы ў значнай ступені сталі на бок грамадства і выступілі з асуджэньнем дзеяньняў улады. У такой сітуацыі нават калі асобныя сьвятары займаюць праўладныя пазіцыі, верагодна яны лічаць непапулярным агучваць іх на казаньнях. Праваслаўная ерархія ў асобе мітрапаліта Веніяміна ўзяла курс на лаяльнасьць дзейнай уладзе і прымусіла маўчаць асобных палітычна актыўных сьвятароў. Адпаведна ў праваслаўнай царкве каля 40% прапаведнікаў не закранаюць грамадска-палітычныя пытаньні, прынамсі напрамую.

Таксама трэба падкрэсьліць, што шмат галасоў набраў апошні варыянт адказу. Можна меркаваць, што яго выбралі ня толькі тыя, хто проста пацікавіўся рэзультатамі або не знаходзіцца ў Беларусі, але і тыя, на чыіх прыходах адбываецца менавіта “іншае”, і дзе адносіны палітыкі і прапаведніцтва ня ўпісваюцца ў простую схему “нічога / за / супраць”.

Хрысьціянская візія


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава