Малітвы за зняволеных — ад беларускага каталіцкага часопіса Ave Maria
Беларускі каталіцкі часопіс Ave Maria заклікае вернікаў маліцца за зняволеных. Рэдакцыя сабрала цэлы шэраг разнастайных малітваў за вязняў, які могуць паслужыць як дапаможны рэсурс для тых, чыё сэрца спачувае зняволеным і жадае іх вызвалення.
Дарагія чытачы, у час, калі мы ўвайшлі ў святочны і радасны перыяд святкавання Уваскрасення Хрыстовага, давайце не будзем забывацца пра тых, хто не можа быць побач са сваімі блізкімі, — пра вязняў. Яшчэ нядаўна мы ядналіся з Хрыстом у Яго зняволенні, пакутах і смерці, а цяпер разам з Ім радуемся вызваленню ад вечнай смерці, трываючы ў радаснай надзеі на вечнае жыццё ў Валадарстве любові. Атулім жа малітваю ўсіх вязняў, іх родных, тых, хто згубіў надзею, каго апанавала роспач, хто перажывае прыгнечанасць духа. Духу Святы, падтрымай іх!
Пане, Ты бачыў пакуты і смерць усіх несправядліва зняволеных у сталінскіх лагерах сыноў і дачок беларускай зямлі: ксяндзоў Адама Станкевіча, Язэпа Германовіча, айцоў Фабіяна Абрантовіча, Андрэя Цікоты, сястры Ванды Банішэўскай і многіх іншых. Ты заўсёды застаешся побач з кожным нявінным сэрцам у час гвалтоўнага зняволення. Ты сам зведаў пакуты і знявагі за кратамі, гвалт і здзекі з Тваёй чалавечай і Боскай годнасці. Ты, як ніхто іншы, ведаеш, што нявінныя пакуты за праўду і любоў вядуць да ўваскрасення душы і цела. Ты запрашаеш кожнага ахвяраваць свае пакуты Табе, аддаць сваю роспач у Твае клапатлівыя рукі, даверыцца Тваёй міласэрнай любові. Пане, просім, няхай кожны несправядліва зняволены знойдзе супакой і надзею ў Табе, наш Збаўца, а вінаватыя ў злачынствах прынясуць ахвяру сапраўднага пакаяння і навяртання. Асвяці сваім святлом гэтыя дні выпрабавання, каб зняволенне стала для вязняў благаслаўлёным часам сустрэчы з Табою, дарогаю, праўдаю і жыццём. Амэн.
Архімандрыт Фабіян Абрантовіч (1884-1946)
Малітва да св. Максімільяна, мучаніка любові
Святы Максімільяне, у безнадзейнасці Асвенціма ты прыносіў любоў у жыццё тых, хто быў побач, ты сеяў насенне надзеі сярод роспачы і на ўвесь свет сведчыў аб тым, што «нянавісць не можа быць творчай сілай. Творчая сіла — гэта любоў». Дапамажы мне стаць падобным да цябе. Няхай следам за табою, Марыяй і Касцёлам, маё жыццё таксама абвяшчае, што «творчая сіла — гэта любоў». Дапамажы мне навучыцца несці ўсім галодным, прыгнечаным, бяздомным, пакінутым і знявераным непераможную сілу любові Хрыста, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.
Літанія да святога Леанарда
Святы Леанард, манах і пустэльнік, з’яўляецца асаблівым апекуном вязняў, бо ён адведваў іх і суцяшаў у зняволенні. Многіх з іх, нявінна асуджаных, занадта жорстка пакараных або тых, хто ўжо выправіўся, кароль вызваляў па просьбе святога Леанарда. Многія зняволеныя, якіх ён ніколі не бачыў, цудам вярнулі сабе волю праз яго заступніцтва і са слязьмі ўдзячнасці прыходзілі да яго, каб пакласці кайданы да яго ног.
Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа, — змілуйся над намі.
Святы Леанард, верны слуга Марыі, — маліся за нас.
Святы Леанард, узор апостальскай беднасці,
Святы Леанард, айцец бедных,
Святы Леанард, сярод бедных прыхільнік найбольшай беднасці,
Святы Леанард, прыклад пакоры,
Святы Леанард, адданы слуга не часовых каралёў, а сапраўднага Валадара,
Святы Леанард, вялікі прыхільнік адзіноты і нямогласці,
Святы Леанард, змагар у збаўленні людскіх душаў,
Святы Леанард, нястомны руплівец дзеля ратунку бліжняга,
Святы Леанард, верны абаронца вязняў,
Святы Леанард, дзейсны прапаведнік Хрыста сярод няверуючых,
Святы Леанард, Божы муж, які словам і прыкладам вёў да любові Хрыста,
Святы Леанард, які напоўніў Божым словам краіны,
Святы Леанард, мужная падтрымка ў навале спакусаў свету,
Святы Леанард, дзейсны заступнік жанчын, якія нараджаюць у пакутах,
Святы Леанард, слынны незлічонымі цудамі ў жыцці і пасля смерці,
Святы Леанард, які праз сваю веру панаваў над сіламі пекла,
Святы Леанард, клапатлівы абаронца ад усіх хваробаў,
Святы Леанард, апякуне і дабрадзей тых, хто цябе верна ўшаноўвае, — маліся за нас.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — змiлуйся над намi.
С.: Малiся за нас, святы Леанард.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Божа, Ты адарыў св. Леанарда цудадзейнай сілай вызвалення вязняў з кайданаў. Праз яго заступніцтва і яго заслугі мы просім Цябе: выбаві нас ад путаў граху і назаўжды захавай ад рабства злога духа. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.