Беларуская дэлегацыя на сустрэчы з мітрапалітам Пазнаньскім, архібіскупам Збігневам Зеліньскім

29 верасня ў Познані адбылася сустрэча прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай дэмакратычнай супольнасці з арцыбіскупам-мітрапалітам Пазнаньскім Збігневам Зеліньскім. Сустрэча прайшла ў працяг ІІ Кангрэса па палітычных зняволеных у Беларусі #WithoutJustCause, які сёлета адбыўся ў Варшаве і Познані.
У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўніца «Хрысціянскай Візіі» Наталля Гарковіч, прадстаўніца Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок і супрацоўніца гэтага офіса Лізавета Жучкова, чый дзядзька Андрэй Крылоў быў у апошняй групе вызваленых палітвязняў і адбываў свой тэрмін у калоніі разам са зняволенымі святарамі.
Падчас размовы былі прадстаўленыя факты аб становішчы рэлігійных дзеячаў у Беларусі, якія знаходзяцца за кратамі. Асобна былі ўзгаданыя каталіцкія святары:
– айцец Анджэй Юхневіч OMI, парафія Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, асуджаны на 13 гадоў;
– айцец Генрык Аколатавіч, парафія Святога Юзафа ў Валожыне, асуджаны на 11 гадоў.
Бакі адзначылі, што сітуацыя закранае пытанні свабоды веравызнання і правоў чалавека.
Галоўным арганізатарам ІІ Кангрэса па палітычных зняволеных у Беларусі выступіў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы. У мінулым годзе такі кангрэс праходзіў у Празе і ў ім таксама брала ўдзел «Хрысціянская візія».
Арганізацыйную падтрымку сустрэчы ў Познані аказаў праф. Анджэй Прыба з Тэалагічнага факультэта Універсітэта імя Адама Міцкевіча.
Фота: Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы