Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Беларус напярэдадні Пасхі — ахвяра і агрэсар адначасова

Беларус напярэдадні Пасхі — ахвяра і агрэсар адначасова

Placeholder
Аўтар
Incognito

ЗміцерХведарук

Евангельскі вернік, багаслоў-рэфармат, царкоўны гісторык.

Напярэдадні Вялікадня нідэрландскі рэфармацкі рэсурс CNE.news апублікаваў калонку беларускага хрысціяніна-рэфармата Змітра Хведарука. Хведарук быў брутальна затрыманы ў сябе дома ў снежні 2021 года і асуджаны на 15 сутакЗ-за пагрозы далейшага пераследу вымушаны эмігравацьХведарук, багаслоў і царкоўны гісторык, дзеліцца сваімі развагамі пра ролю беларускага народу і беларускіх хрысціян у сувязі з вайной ва Украіне. Публікуем яго калонку па-беларуску.

24 лютага зрабіла жыццё ў Беларусі яшчэ больш складаным. На пачатку года нам здавался, што новыя рэаліі жыцця ў дзяржаве, дзе больш не існуе закона, але толькі крымінальныя паняткі, дзе “мацнейшы дыктуе свае правілы” былі складанымі. Расейскае ўварванне ва Украіну паказала, што мы яшчэ не да канца разумелі стан рэчаў.

Многім беларусам прыйшлося згадаць творчасць нямецкага пісьменніка Эрыха Марыя Рэмарка. Асабліва ягоны “Палюбі бліжняга”. Галоўны герой рамана, напісанага ў 1939 годзе, выдатна адлюстроўвае наш цяперашні стан. Стан чалавека, які не можа больш жыць на тэрыторыі фашысцкай дзяржавы, але які не можа быць прынятым суседнімі краінамі, якія з насцярожанасцю ставяцца да ўсіх, хто хоча, але не мае магчымасцяў пакінуць тэрыторыю Трэцяга Райху. У вачах замежнікаў — ён патэнцыйны агрэсар і непажаданы парушальнік спакою. У сябе на радзіме — малазначная і бяспраўная істота, якая жыве ў перманентнай трывозе быць арыштаванай “гестапа”.

Частка 1. Вы — агрэсары! Чаму вы не ляглі пад танкі?!

5 гадзін раніцы па мясцовым часе, экстрэнны зварот Пуціна “аб пачатку спецаперацыі” (як ён гэта называе) і ракеты з тэрыторыі Беларусі змянілі жыццё не толькі расейцаў, украінцаў, але і ўсіх нас. На пачатку лютага, нечакана, без папярэджанняў грамадзтва, з парушэннямі міжнародных дамоўленасцяў, на тэрыторыю Беларусі было ўведзена овер 30.000 расейскіх вайскоўцаў у поўным узбраенні. Неўзабаве іх стала яшчэ болей. Яны разгарнулі палявыя шпіталі, ракетныя комплексы і “незаўважна” затаіліся на мяжы з Украінай.

Мы забілі трывогу, наколькі гэта было магчыма, але дзяржава сказала, што гэта “проста сумесныя вучэнні”. Зраніцы 24-га лютага нам усім стала вядома, што гэта ўсё была падрыхтоўка да сапраўднай вайны. Цікава, што да 2022 года “абы не было вайны” было адным з галоўных палітычных лозунгаў рэжыма Лукашэнка, які многім падабаўся.

Адпаведна ў наш бок паляцелі тысячы абвінавачванняў, што беларусы не змаглі спыніць вайну, не паклаліся пад расейскія танкі, не падарвалі чыгуначныя шляхі і ўвогуле з’яўляюцца агрэсарамі. Не толькі Лукашэнка і яго хунта, але і ўсе тыя, хто ад пачатку 2020 года пакутуе ад страшнага палітычнага рэжыма ўнутры краіны, ці быў вымушаны ўцякаць ад яго далёка за межы краіны. Тыя, хто прасіў рашучай дапамогі звонку, але не дачакаўся яе.

Выглядае, што ў нашую краіну са згоды дыктатара, які не мае легітымнасці, увайшлі чужыя войскі, якія кантралююць краіну. Мы ператварыліся ў бяззбройны і знясілены народ, у якім паводле сціплых падлікаў на дадзены момант больш за 2000 чалавек знаходзяцца за кратамі па палітычных прычынах, а жыццё тых, хто застаецца на свабодзе, ніяк нельга звязаць з апошнім паняткам, бо дзяржавы ажыццяўляе жорсткі кантроль. Выглядае, што мы апунуліся пад падвойнай акупацыяй. Дыктатара і яго галоўнага хаўрусніка і спонсара. Выглядае, што мы апынуліся ў Польшчы 1968 года, з тэрыторыі якой савецкія танкі выправіліся ў Прагу. Нас назвалі агрэсарамі.

Частка 2. Мы — ахвяры. Нас 2 гады запар жорстка катуюць.

Сіндром ахвяры — напэўна з’яўляецца адной з візітоўных картак нашага народа. Калі б вам раптам удалося наноў перачытаць школьную праграму па літаратуры ў Беларусі, вам бы не хапіла гадавога запасу насовак, а слёзы і соплі пэўна б затапілі суседзяў знізу. З самага дзяцінства нам нагадваюць страшную праўду жыцця, што мы зламаныя і бездапаможныя людзі.

Безумоўна, гэта робіцца не з рэфармацкай багаслоўскай перспектывы. Безумоўна, гэта матэрыялістычны савецкі наратыў, які павінен быў захоўваць “рабскую цішыню” ў краіне і зрабіць з 10 мільёнаў беларусаў — статак фаталістаў без уласнай ідэнтычнасці.

Але, праўду кажучы, пасля актыўных спробаў дамагчыся пераменаў у 2020 і 2021 мы насамрэч пачуваемся бездапаможнымі. Можна чарговы раз сказаць як пракладна 70% людзей ад Берасця да Магілёва з крыўдай чытаюць навіны аб тым, што яны — ледзьве не ўвасабленне Сарумана (галоўнага памочніка Саўрона ў “Валадары Пярсцёнкаў), хаваючыся ва ўласным доме, у дзьверы якога могуць пагрукаць у любую хвіліну, каб арыштаваць вас і кінуць за краты па любым абвінавачванні. Шпіянаж, эстрэмізм, тэрарызм. І гэта не хворая фантазія аўтара калонкі.

Спроба стацца больш адказнымі людзьмі пакуль што ажыццяўляецца не так хутка і ўдала, як многім хацелася. Наш эмацыйны стан разгарнуўся на 180 градусаў. Здавался, што яшчэ паўгады таму ўвесь свет гатовы быў заглушыць наш боль у абдымках, лайках у сацыяльных сетках, у заявах важных палітыкаў. Цяпер усё змянілася і людзі ў Беларусі зноў бачаць сябе бездапаможнымі ахвярамі сітуацыі.

Некаторыя людзі ў краіне рызыкуючы жыццём учыняюць дыверсіі на чыгунцы. Так, фактычна, як у часы Другой Сусветнай Вайны, калі беларускія партызаны спынялі эшалоны з войскамі нацыстаў. Дайшло да таго, што ўздоўж калеек на мяжы Беларусі і Украіны дзяжурыць узброены спецназ. У людзей, якія хаця б такім адчайным чынам спрабуюць дапамагчы суседняй краіне і спыніць расейскую агрэсію, страляюць.

Але большасць людзей перажываюць страшны ўнутранны канфлікт, падобны да падваення асобы. Боль ад таго, што не можаш стаяць у баку і не можаш ніякім чынам паўплываць на тое, што адбываецца вакол. Мы можам, хіба што трымаць прамей спіну і плечы, як раіць Джордан Пітэрсан.

Частка 3. Нарэшце ў такім стане мы сустракаем у 2022 годзе Вялікдзень.

Верагодна, у гэтым годзе людзі ў Беларусі наймацней адчуваюць патрэбу ў асэнсаванні Вялікадня. Як ніколі раней мы бачым глыбокую і невычэрпную трагедыю грахоўнага чалавека, які, быццам на фрэсцы Мікелянджала, можа толькі ўпасці і бязвольна працягнуць руку ў невядомым накірунку. Мы добра бачым, які карумпаваны свет і, найперш, наш уласны ўнутраны свет. Мы ясна бачым, што не можам самастойна супраціўляцца злу і выключна сілай намагання волі вырашыць цяпер свой уласны лёс (хіба толькі калі 7 мільёнаў беларусаў здзейсняць самы калектыўны акт масавага самагубства ў гісторыі і патрапяць у Кнігу Рэкордаў Гінэса).

На дне нашага адчаю, на які мы ўпалі пасля аптымістычнага 2020, мы як ніколі маем патрэбу ў надзеі. Трансцэндэнтнай надзеі, непарушнай, якую чалавек мае толькі ў Хрысце і толькі праз тое, што Айцец зрабіў у Сыне на Крыжы, і якую Дух запячатвае ў нас назаўжды. Надзеі, якая нагадвае, што людзі пад абстрэламі ў Марыўпалі, ва ўнутраннай эміграцыі ў пуцінскай Расеі і закатаванай Беларусі, не самотныя і іх цяперашні стан — не канчатковы.

Надзея Вялікадня, безумоўна, нагадвае нам, што Сын Божы ўзяў на Сябе грэх гэтага свету і праявіў міласць. Але таксама Крыж звяртае нас да Божага Суда, які набліжаецца, і да аднаўлення справядлівасьці ў свеце, у тым ліку, для беларусаў, якія зараз перажываюць трагічнае падваенне асобы. Сёння для нас урачысты заклік “Хрыстос Уваскрос” не толькі кажа, пра тое, што ўжо адбылося, але і пра тое, што яшчэ наперадзе, што набліжаецца.

Горкі смак смерці і салодкі трыўмф уваскрасення і аднаўлення Божай справдлівасці. Вялікдзень ізноў дае надзею для тых, хто страчвае свае дамы і Бацькаўшчыну, што Хрыстос прадугледзеў для нас месцы ў яшчэ лепшай Бацькаўшчыне — у Новым стварэнні, што Ён не пакіне нас тут і цяпер сярод нашых незразумелых нікому іншаму цяжараў.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава

Царква, дзяржава і правы чалавека 

Царква, дзяржава і правы чалавека 

Зміцер Хведарук