Ашалелы тыран на троне
Сёння ў каталікоў важная ўрачыстасць – Аб’яўленне Пана, або Тры каралі. Яна прысвечаная ўспаміну таго, як тры мудрацы з Усходу ўслед за бэтлеемскай зоркай прыйшлі адведаць нованароджанага Езуса.
Адначасова з Богаяўленнем гэта фрагмент Евангелляў з’яўляецца адным з самых палітычных і трагічных. Не ведаючы дакладнага маршруту, мудрацы ў пошуках новага караля Юдэйскага спачатку прыйшлі да Ірада – мясцовага каралька, які любіў чыніць бясчынствы, прыкрываючыся падтрымкай Рымскай імперыі.
Агулам Ірад не меў законных правоў на Юдэю. Ён не толькі не належаў да кіроўнай дынастыі, але нават не быў габрэем, а юдаізм прыняў толькі ягоны дзед. Каб стаць каралём, Ірад ажаніўся з Марыямнай — цёткай апошняга караля з папярэдняй дынастыі Антыгона ІІ, якога неўзабаве забілі.
Гэтая нелегітымнасць увесь час не давала спакою Іраду. Услед за Антыгонам ІІ былі забітыя ягоны брат – першасвятар Арыстабул ІІІ і жонка Ірада Марыямна, чым быў канчаткова пакладзены канец папярэдняй дынастыі. Але нават пасля гэтага Ірад не мог супакоіцца і паўсюль бачыў змовы супраць сябе. Таму ўжо незадоўга да сваёй смерці ён, літаральна гніючы ад хваробы ў апошнія гады свайго жыцця, забіў двух сваіх сыноў ад Марыямны – Аляксандра і Арыстабула, а таксама Антыпатра ад другой сваёй жонкі.
І вось да гэтага сіняпалага караля прыходзяць мудрацы з Усходу і пытаюцца ў яго, дзе новы кароль – фактычна ягоны канкурэнт. Той просіць іх дапамагчы з пошукам Езуса, але мудрацы, зразумеўшы, што нічога добрага ад яго чакаць не даводзіцца, сыходзяць і больш не вяртаюцца ў Ерузалем. Ірад жа, калі пабачыў, што яго падманулі (як бачым, не кожны загад ашалелага караля варта выконваць), загадаў учыніць бойню немаўлятаў у Бэтлееме.
Але нават гэта не было апошнім злачынствам Ірада. Ведаючы, што яго не будуць аплакваць, ён перад смерцю загадаў забіць найбольш уплывовых грамадзянаў Юдэі, каб людзі плакалі па іх, калі не хочаць плакаць па ім. Так што, смерць Ірада стала вялікай трагедыяй для юдэяў, але толькі з той прычыны, што ён вырашыў забраць з сабой яшчэ мноства бязвінных ахвяраў.