Арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў новага Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў

21 снежня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі скіраваў віншаванне Аляксандру Румаку, прызначанаму напярэдадні Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

У лісце, адрасаваным новаму ўпаўнаважанаму, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату віншуе яго з прызначэннем і адзначае:

«Сфера рэлігіі і міжрэлігійных адносін з’яўляецца выключна важнай як у духоўным жыцці грамадства, так і ў яго кансалідацыі, што мае асаблівае значэнне ў наш час на нашай Бацькаўшчыне, якая перажывае востры грамадска-палітычны крызіс.

Каталіцкі Касцёл прапаведуе маральныя каштоўнасці, без якіх немагчыма пабудаваць мір. Бо калі няма міру ў душы чалавека, не будзе яго і ў грамадстве»,— падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх звяртае ўвагу на сімвалічнасць прызначэння новага ўпаўнаважанага «практычна напярэдадні святаў Божага Нараджэння і Новага года», нагадваючы, што менавіта Хрыстус прыносіць мір у душы людзей праз служэнне свайго Касцёла.

«Вялікім набыткам Беларусі з’яўляюцца добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны. Іх неабходна развіваць, каб сумесна адказваць на вельмі небяспечныя выклікі часу»,— лічыць Старшыня ККББ.

На заканчэнне Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі выказвае надзею на тое, што багаты вопыт Аляксандра Румака, набыты ім падчас працы ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, будзе спрыяць развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай дзеля дабра ўсёй Беларусі, і жадае новаму ўпаўнаважанаму дапамогі народжанага ў Бэтлееме Збаўцы і шчаслівага Новага года.

catholic.by